Юля Сьняжко


Юлі Сьняжко 12 гадоў. Вучаніца шостага кляса гімназіі нумар 3 горада Барысава. Як і ўсе іншыя вучні гэтай гімназіі, Юлія марыць вучыцца ў нармальным школьным будынку са спэцыялізаванымі, добра абсталяванымі кабінэтамі, кампутарнымі клясамі, спартовай і актавай заляй, пабегаць па звычайных школьных калідорах.

(Юля Сьняжко: ) “Я вучуся ў шостым клясе трэцяй гімназіі гораду Барысава. Шэсьць гадоў таму мы здавалі шмат сур’ёзных экзаменаў і тэстаў, каб трапіць менавіта ў гэтую гімназію. Нам абяцалі, што мы атрымаем добрую адукацыю, якая адрозьніваецца ад звычайнай, школьнай.

Я вучуся ў гэтай гімназіі ужо шэсьць гадоў, але ні разу яшчэ ня бачыла самога будынку гімназіі. Мы вучымся ў прыстасаваных памяшканьнях, у дзіцячых садках. Іх было за шэсьць гадоў вучобы ўжо тры. Гэта ня клясы, а звычайныя групы с дрэнным асьвятленьнем, школьная дошка веьмі блізка ад парт. Тут няма кабінэтаў – ні лінгафоннага для вывучэньня замежных моваў, ні кабінэта для ўрокаў працы, няма таксама ні фізычнай, ні хімічнай лябараторыяў, няма спартыўнай залі.

Усе гэтыя гады нас пераконвалі, што ідзе рамонт будынку. Нашы бацькі здавалі немалыя сумы грошай на рамонт гімназіі... Але куды ідуць гэтыя грошы – невядома. Цяпер вучням прапанавалі пераходзіць у звычайныя школы. Гімназію пазбаўляюць статусу гімназіі, яна становіцца звычайнай школай. Некаторыя бацькі вырашылі ўжо вясной перавесьці сваіх дзяцей ў іншыя лепшыя школы гораду. Што будзе з астатнімі вучнямі гімназіі, у тым ліку і са мной, - невядома.

Вельмі дзіўна чуць лёзунгі кшталту “Усё лепшае – дзецям”, “Адукацыя – галоўны клопат краіны і прзыдэнта” і іншыя. Вучні трэцяй гімназіі гэтага зусім не адчуваюць...

Летась Барысаў адзначаў 900-годзьдзе гораду. На ўсё знайшліся грошы: на новыя ліхтары, на адкрыцьцё помніка новага, на аднаўленьне дарог. Але чамусьці не знайшлося грошай на гэту гімназію. Нам патлумачылі, што на аднаўленье гімназіі патрэбен цэлы мільён рублёў, але гэта вельмі шмат ня толькі для гораду, а нават і для рэспублікі. Зразумела, што гэтыя грошы “патанулі” у сьвяткаваньні 900-годзьдзя гораду, якое было вельмі ўрачыстым, з фэервэркамі...

Але аб нармальным школьным будынку, з нармальнымі клясамі, з нармальным асьвятленьнем нам застаецца толькі марыць”.