Яўгенія Іваноўская


Яўгенія Іваноўская, 25 гадоў. Нарадзілася і жыве ў вёсцы Пяршаі Валожынскага раёну. У 1986 годзе на Пяршаі апусьцілася чарнобыльскае воблака. Яўгенія скончыла Белдзяржунівэрсытэт, філялягічны факультэт. Цяпер у родным мястэчку працуе настаўніцай.

(Іваноўская: ) “У нас раней было да 5 кюры. Цяпер нават былі спробы зьняць забруджанасьць. Як я вучылася ва ўнівэрсытэце, я брала даведку, што я жыву ў радыяцыйнай зоне і мне давалі надбаўку да маёй стыпэндыі. У нас вось непадалёк ёсьць вёска Родзькі, яе выселілі. Гэта вёска радыяцыйная, там ніхто не жыве.

Я ў Пяршайскай школе выкладаю беларускую мову і літаратуру, сутыкаюся з гэтай праблемай. Справа ў тым, што менавіта мы, настаўнікі, раздавалі дзеткам памяткі, як пазьбегнуць радыяцыі, як меней радыяцыі атрымаць у арганізм. Менавіта празь дзяцей мы спрабавалі атрымаць такі кантакт з бацькамі. Бо бацькі ня ведаюць, як засьцерагчыся радыяцыі — як памыць харчы, як згатаваць, каб менш атрымаць радыенуклідаў.

Наша школа, як многія іншыя ў раёне, падтрымлівае кантакты з замежнымі гуманітарнымі арганізацыямі. Мне самой пашанцавала — я зьезьдзіла ў Італію, на два месяцы. Там, вядома, дзеткі ажываюць. Як настаўнік, бачыш, што дзіця ажывае на вачах.

Майго сынулю завуць Уладзіслаў. Цяпер мы з Уладзіславам перайшлі на такую больш “дарослую” ежу. Нам патрэбныя мясныя булёны. У нас свая гаспадарка, вырошчваем трусоў. Кажуць, што вельмі каштоўныя іх пячонка, вантробы. Таму як я вару суп, то я пераварваю некалькі разоў. Імкнуся выкарыстоўваць адвар ня першага разу, а другога, трэцяга разу. Лепей пераварыць лішні раз.

У асноўным гэта ўжо мінулае, перабалелае. Усе неяк зжыліся. Радыяцыя — гэта ўжо мінулы этап, гэтую дату памятаюць толькі за мяжою. Для іншаземцаў гэта нешта такое страшнае, а ў нас ужо — не. З другога боку, куды падзенесься? Як кінуць свой родны кут і зьехаць на новае месца. Куды? А там што? Тое ж самае”.