Павал Белы


Паўлу Беламу 15 гадоў, ён вучань Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Любіць гуляць у футбол і бавіць час з аднаклясьнікамі. Сьпявае ў хоры касьцёлу Сьвятога Роха, што на Залатой Горцы ў Менску, вялікі аматар рок-музыкі. Кажа, што чым больш мае чалавек захапленьняў, тым больш ён разьвіты.

(Белы: ) “Зь пераходам у ліцэй зьявілася больш магчымасьцяў, каб разнастайна бавіць свой час. Але я не задаволены некаторымі момантамі, да прыкладу, у вучобе. Дакладныя дысцыпліны ў нас ніякія. Вельмі мала зроблена для адпачынку рознага. Напрыклад, я люблю гуляць у футбол, але ў нас няма ніякага футбольнага поля, каб можна было пагуляць паблізу. Прыходзіцца шукаць месцы, бо нічога ня зроблена для гэтага. Таксама для дзяцей. Напрыклад, у мяне ёсьць брат зь сястрой. Ім наогул, калі паглядзець нейкія мульцікі альбо перадачу дзіцячую, дык можа яны будуць дзесяць хвілінаў на дзень — гэта й тое няблага, а так можа й ня быць.

У хоры сьпяваю залатагорскім. Прыйшоў я яшчэ ў дзіцячы хор, а пасьля наша кіраўнічка Сьвятлана Шэйпа, калі стварала новы хор, то запрасіла мяне, бо ведала ўжо па дзіцячым хоры. Я бачу ў гэтым сапраўдны сэнс, бо зьяўляюся хрысьціянінам, а не атэістам, да прыкладу.

Мне наогул падабаюцца розныя гурты, да прыкладу, мэтал. Некаторыя мне кажуць, што гэта сатанінскія гурты. Я, праўда, ня веру ў гэта, і гэта не перашкаджае сьпяваць у хоры, а наадварот: у хоры сьпяваю, у футбол гуляю, музыку слухаю. Чым больш разнастайныя густы, тым лепш, напэўна.

Марыў калісьці выйграць чэмпіянат сьвету па футболе, але, пэўна, гэтая мара ўжо ня спраўдзіцца. Але зараз не хацеў бы зьяжджаць зь Беларусі, хацеў бы тут жыць, зарабляць добрыя грошы, магчыма, мець вялікую сям’ю. Магчыма, хацеў бы пераехаць у мой горад Баранавічы. Там нарадзілася мая маці, і я вельмі люблю гэты горад.

Я навучыўся жыць сёньняшнім днём. Можа гэта й ня вельмі добра, але стараюся не задумвацца пра тое, што будзе заўтра, што гэта можа прынесьці нейкія няўдачы, альбо штосьці дрэннае здарыцца. Проста думаю: ну, калі здарыцца, дык сёньня я магу яшчэ адпачыць, а заўтра няхай здараецца.

Нягледзечы на тое, што вучуся ў гуманітарным ліцэі, я ня думаю, што буду гуманітарыем. Мо аўтамэханікам, мо будаўніком, думаю нават пайсьці на кнігадрукаваньне. Ня ведаю чаму, але ў мяне да гуманітарных дысцыплінаў такое стаўленьне — мне здаецца, што яны ў большасьці халтурныя. Хацеў бы пажадаць сваім аднагодкам, каб яны атрымлівалі асалоду ад жыцьця й пры гэтым былі добрымі хрысьціянамі”.