Алесь Таболіч — выпускнік факультэту дызайну менскай Акадэміі мастацтваў. Актывіст студэнцкага этнаграфічнага таврыства “Зьніч”: разам зь сябрамі зьбірае і архівуе аўтэнтычныя сьпевы, сьпявае ў аднайменным фальклёрным гурце. Алесь нарадзіўся ў Жыткавічах, што на Гомельшчыне, але доўгі час жыў у бабулі ў Рагачове. Любіць бываць там і цяпер, хоць гэтыя мясьціны і пацярпелі ад наступствы аварыі на ЧАЭС.
(Таболіч: ) “Люблю бываць у бабулі, бо там добры настрой, чыстае паветра, не гарадзкое. Там адчуваецца пах зямлі, пах сенажаці – вельмі цягне да прыроды. А радыяцыя — у нас, здаецца, у кожнага ў жыцьці свая радыяцыя, таму на яе не зьвяртаеш асаблівай увагі. Бабуля, як зьбірала грыбы, так і зьбірае, карову трымае — як было па жыцьці, так там і засталося. Кожны чалавек імкнецца, каб пасьля яго засталося штосьці.
Цяпер я заканчваю Акадэмію мастацтваў і мару, што мая адукацыя спатрэбіцца дзеля таго, што я знайду сябе ў гэтым жыцьці й знайду сваё крэда. Трэба зрабіць нешта такое, каб сказалі — вось гэта Алесь Таболіч. Трэба крочыць у нагу з часам і ўсё, што тут адбываеццца, пераймаць, а таксама мастацкія здольнасьці, якія мне пакінулі бацькі, перадаць у нейкім новым штуршку.
Кажуць: мастацтва належыць народу. Няпраўда. Мастацтва належыць таму, хто яго робіць і хто яго разумее. І дзеля гэтага мы, мастакі, мусім прыўносіць нешта сваё: трэба выхаваць асяродак моладзі, які будзе дыктаваць сваю пазыцыю ў жыцьці.
Самае цікавае, што шмат моладзі імкнецца да лепшага жыцьця — туды, дзе плацяць больш. Зрэшты, будаваць сямэю таксама патрэбна й жыць больш-менш нармалёва. Але ў мяне, да прыкладу, такога жаданьня няма — зьехаць куды-небудзь. Я езьдзіў на выставу ў Маскву і зразумеў што азначае, калі кажуць: вось эўрапейскі, а вось рускі горад. Там невядома што, як мурашнік, і мне гэта не падабаецца. А вось Менск — гэта зусім іншае. Ствары сябе дома, бо там ты распусьцісься ў гэтай кашы.
А тут будуць казаць: гэта нашае мастацтва, гэта нашыя мастакі. Мы разам зь сябрамі студэнцкага этнаграфічнага таварыства езьдзім у вёскі, зьбіраем фальклёр, размаўляем зь людзьмі. А ім так цікава і прыемна, калі хтосьці прыяжджае і пытаецца, як жыцьцё — яны пра ўсё сваё жыцьцё распавядаюць.
Моладзь заахвочваем, каб яны таксама сьпявалі, бо мы найперш не павінныя страчваць свае карані й сувязі з нашымі продкамі, каб не забывацца, хто мы й адкуль мы. Я пажадаў бы моладзі, каб яны ня страчвалі веру ў сябе. І трэба заўсёды імкнуцца да сьвятла: вось, як расьце дрэва ўгару, так і чалавек мусіць расьці й квітнець”.