Алена Каралёва


18-гадовая Алена Каралёва жыве і навучаецца ў мястэчку Залесьсе, што паміж Маладэчнам і Смаргоньню, дзе колісь працаваў выбітны кампазытар і палітычны дзеяч Міхал Клеафас Агінскі. Алена марыць стаць гісторыкам, каб дасьледаваць усё, што зьвязана з жыцьцём сям'і Агінскіх, з маёнткам, які знаходзіцца ў напаўразбураным стане і, падобна, мала хвалюе ўлады на ўсіх узроўнях. З гэтай нагоды Алена распачала ўдзел у акцыі міжнароднай гуманітарнай арганізацыі "Зялёны крыж".

(Каралёва: ) "Гэта культурніцкая акцыя: неабходна напісаць праект адраджэньня гістарычнага помніка. Гэта можа быць і стары млын, і камень, які мае гістарычную каштоўнасьць, і, натуральна, маёнтак, як, прыкладам, займалася я. Я распавяла пра гісторыю стварэньня маёнтка, пра прычыны ягонага запусьценьня, як ён прыйшоў у заняпад, і я падала свой праект адраджэньня гэтага помніка з майго гледзішча. Аднак, я разумею, што ўсе ідэі ў дадзеным выпадку абмяжоўваюцца ў сродках. Але я працавала, даведалася шмат цікавага, і галоўнае, што гэтая праца прынесла мне задавальненьне.

Цяпер пайшоў такі сьветапогляд, што, маўляў, лепей жыць у горадзе, бо ў вёсцы няма чаго рабіць. Я з гэтым не зусім згодная. Што тычыца менавіта Залесься, то сэнс тут заставацца ёсьць. Для кожнага ёсьць занятак — у залежнасьці ад таго, каму што патрэбна. Паколькі я, прыкладам, цікаўлюся гісторыяй, то якраз паглыблена вывучаю гісторыю і хачу паступіць на гістарычны факультэт, каб працягнуць гэтую справу і стаць адмыслоўцам у сваёй галіне.

Для кожнага чалавека месца, дзе ён нарадзіўся, назаўсёды застанецца найлепшым — няхай гэта сабе нейкі хутар. Заўжды на тое месца цягне, дзе твае карані. Нават былі такія мары (а мо гэта і спраўдзіцца) — я хацела напісаць кніжачку пра Залесьсе, невялічкую. Напісаць пра побыт, пра сьветаўспрыняцьце залесцаў. Увогуле — напісаць гісторыю Залесься”.