Дзяніс Бурко


Менчуку Дзянісу Бурку 15 гадоў. Ён навучэнец Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Юнак кажа, што зьмяняць да лепшага жыцьцё ў краіне й сваё асабістае намерваецца праз добрую адукацыю і прафэсійную дзейнасьць. А пакуль прыслугоўвае ў касьцёле Сьвятога Роха на Залатой Горцы ў Менску.

(Бурко: ) “У касьцёле я не сьпяваю, а прыслугоўваю. Дзядзька мяне сюды накіраваў — айцец Уладзіслаў Чарняўскі. Гэта дае веру па жыцьці, надзею на лепшае. На сёньняшні дзень сябрамі задаволены, вучобай таксама, настрой добры, добрае надвор’е — усім задаволены.

Не задаволены цяперашнім грамадзкім ладам, дзяржаўнай палітыкай, малымі заробкамі ў людзей, якія працуюць у Беларусі. Але як можна паўплываць на тыя рэчы, якія існуюць у дзяржаве, нейкімі палітычнымі маршамі, мітынгамі? Вучобай. Калі вывучуся, атрымаю нейкую пэўную адукацыю — можна заняцца нейкай грамадзкай дзейнасьцю на карысьць дзяржавы: ці добрым настаўнікам, буду выкладаць беларускую мову і літаратуру, ці займацца перакладамі літургічных тэкстаў.

Што насьцярожвае? У жыцьці-то я ня ведаю, а вось у ліцэі насьцярожваюць некаторыя настаўнікі кшталту беларускай мовы й літаратуры. Паколькі ліцэй беларускі, то я спадзяваўся, што на расейскую мову ня будзе зьвяртацца нейкая сур’ёзная ўвага. А сталася так, што расейская мова таксама вельмі важная ў ліцэі, і гэта насьцярожвае. Я больш цікаўлюся гісторыяй: цалкам гісторыяй сусьветнай і гісторыяй Беларусі — гэта маё гобі. Фэрмэрствам цікава займацца: зьехаў бы нават на вёску да бабулі й дзядулі. Моладзі пажадаю шчасьця, здароўя, любові, надзеі, веры ў Бога, бо гэта заўсёды дапамагае”.