Юра Шульган


Юра Шульган, 26 гадоў, берасьцеец. Мае багаты досьвед працы зь людзьмі як журналіст і псыхоляг. Удзельнік нонканфармісцкіх акцыяў, якія ладзілі анархісты ў Менску, Горадні й Берасьці. Уважае сябе за антыглябаліста. Нядаўна пацярпей у бойцы між прыхільнікамі і праціўнікамі вайны ў Іраку.

(Шульган: ) “Атрымалася так, што сустрэў сваіх знаёмых, і пайшла размова пра тое, што мы па розныя бакі барыкадаў. Яны падтрымліваюць пызыцыю альянсу, а мы казалі, што гэта агрэсія з боку больш моцных дзяржаваў. І што асноўная мэта – гэта менавіта дармавая нафта, па-другое – гэта здабыча рабочых месцаў.

Я супраць агрэсіі, любой агрэсіі. І супраць таго, калі больш моцны бок нападае на больш слабы. Далей ад проста ўзбуджанага стану сталі разьюшаныя, пайшлі ў ход рукі, ногі і іншыя сродкі ўзьдзеяньня на стаўленьне да пытаньня. Я адчуваю, што я ўпэўнены ў сваёй пазыцыі. Яна стала толькі больш цьвёрдай і ўпэўненай. Я буду надалей яе адстойваць.

Я – асоба, якая хоча быць свабоднай, і спрабуе зрабіць усё магчымае для гэтага. Калі браць менавіта філязофскі пункт погляду, то я сказаў бы, што я анархіст. Я хацеў бы, каб у нашым сьвеце не было межаў, каб нас нішто не абмяжоўвала. Будзь то межы дзяржаўныя, ці межы стэрэатыпаў, альбо забабонай і гэтак далей.

Самае большае, што я раблю – гэта проста размовы зь людзьмі, спробы іх пераканаць. Я сказаў бы, што я ўпэўнены ў сваёй адукацыі, хоць яна не замацаваная дыплёмам. У мяне толькі чатыры курсы скончаныя: гісторыя і гісторыя сусьветнай культуры. Я не лічу, што дыплём зьяўляецца паказчыкам адукацыі.

Я зрабіў вельмі-вельмі мала. Мог бы зрабіць значна больш. Але ёсьць пэўныя кропачкі-крупічкі. Ёсьць некалькі літаратурных твораў, ёсьць некалькі пікетаў, ёсьць некалькі грамадзкіх акцыяў, якія выклікалі рэзананс у большай альбо меншай ступені.

Я матэрыяліст і рэаліст. Сёньня – захаваць сваю сілу, моц, цьвярозы розум. Самае галоўнае на сёньняшні дзень – гэта захаваць магчымасьць змагацца заўтра”.