Лабун Вольга, 19 гадоў. Нарадзілася ў мястэчку Рубяжэвічы Стаўпцоўскага раёну. Вучыцца ў менскай кулінарнай вучэльні. Маналёг пра яе захопленасьць кулінарнай прафэсіяй, пра вяртаньне да нацыянальных традыцыяў у кулінарнай справе.
(Лабун: ) “Спачатку я зьбіралася заняцца іншай справай. Напрыклад, стаць лекарам. А атрымалася інакш. І цяпер гэта мне вельмі падабаецца. У гэтым ёсьць свая культура, сваё мастацтва. Тут можна сябе выявіць гэтак жа, як у любой іншай прафэсіі. Мне гэта пачынае вельмі моцна падабацца. Я хачу рабіць гэта вельмі прыгожа. Я зацікавілася гістарычнымі традыцыямі — як накрывалі сталы розным царам. Шмат чаго паходзіць менавіта адтуль. Многія фірмовыя стравы паходзяць з гісторыі.
У вяскоўцаў жа раней што было: сала, капуста, бульба. Вось і ўся ежа. Бабуля неяк распавядала, што прывезьлі памідоры: прыгожыя такія, чырвоненькія. А калі паспыталі іх на смак, то не спадабаліся. Бо нязвыкла было. Для іх гэта было новае.
У будучым хочацца чагосьці лепшага, і да гэтага трэба імкнуцца, трэба рабіць. Напрыклад, “Макдоналдз” хай будзе, каб было параўнаць з чым. Але беларускае трэба таксама. Магчыма, бульбу ў лушпіньні, штосьці вясковае на стол прыдумаць. Каб можна было зайсьці ды з гонарам сказаць, што гэта нашае. І калі некуды паехаць, убачыць там беларускае, то які гэта гонар! І сіла ад гэтага — вось нашае, беларускае.
Заўжды, калі я прыяжджаю да бабулі, то ў яе ёсьць бліны. Яна па-рознаму іх гатуе. І такія, і іншыя. Мачаньне, напрыклад, — гэта так смачна! І мне хочацца гэтак жа гатаваць. Вельмі люблю бліны. Скварачку ў іх закруціш — смак. У сьвяты гэта таксама самая лепшая страва”.