Кацярына Байдакова


Кацярына Байдакова, 20 гадоў, студэнтка 3-га курсу філялягічнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф.Скарыны. Захапляецца Вялікай Брытаніяй.

(Байдакова: ) “Для мяне зараз самая першая мэта – добра выйсьці замуж. Я лічу, што ў любой дзяўчыны з гэтым зьвязаная большая частка жыцьця, і гэта як бы найважнейшы момант. Ёсць у мяне ідэал. Гады з чатыры таму я акрэсьліла: прыгожы, разумны, добры, багаты. Але я разумею, канечне, такога ідэала, можа, і ня знойдзецца. Але будзем шукаць (сьмяецца).

Маладым людзям я б параіла ехаць як мага далей адсюль. Таму што тут, можа, якія зьмены і будуць адбывацца – эвалюцыя павінна быць, супраць разьвіцьця ня можа краіна крочыць. Але гэта будзе вельмі марудна ажыцьцяўляцца, і да гэтага часу нас дык дакладна ня будзе на гэтым сьвеце.

Мару жыць у Англіі. Мэнталітэт іх падабаецца, наколькі я ведаю ангельцаў. Мне падабаецца іх самавітасьць такая, правільнасьць, тое, што яны шануюць традыцыі. Падабаецца надвор’е ангельскае. Для майго мэлянхалічнага характару гэта неяк ва ўнісон”.