Цімох Хадневіч


Цімох Хадневіч, 16 год. Вучань Мар'інагорскай гімназіі. Грае ў тамтэйшым рок-гурце "Крэсіва". Чытае беларускую гістарычную літаратуру.

(Хадневіч: ) “Я задаволены сваім жыцьцём, бо пакуль што мяне кормяць мае бацькі. Мне ня трэба думаць ні пра што, а толькі добра навучацца ў школе. Але пасьля трэба будзе некуды паступаць, дзесьці навучацца. У нас зараз расьце беспрацоўе, і я проста баюся, што калі я атрымаю адукацыю, мне ня будзе куды пайсьці працаваць.

Маё захапленьне – гэта стварэньне музыкі. У мяне ёсьць свой асабісты гурт, які называецца “Крэсіва”. Але ня так даўно я даведаўся, што такі гурт ужо ёсьць. І таму я думаю перайменавацца ў што-небудзь больш цікавае. Каб дасягнуць посьпеху, трэба проста добра навучацца, добра паказваць сябе на людзях і трэба заўсёды выказваць свой пункт гледжаньня на ўсё. Ня трэба ісьці адным шляхам з усім грамадзтвам.

Безумоўна, можна жыць шчасьліва ў Беларусі. Каб добра жыць, трэба шмат працаваць. Але як можна ў нашай краіне працаваць, калі сярэдні працоўны атрымлівае дзесьці 80 даляраў у месяц. Немагчыма жыць добра ў такіх умовах. Я бы хацеў жыць у эўрапейскай краіне. Але зараз гэта не магчыма, бо ў нашым грамадзтве захаваўся савецкі мэнталітэт. Каб яго неяк зьмяніць, трэба каб улада садзейнічала гэтаму. Пры цяперашняй уладзе гэта немагчыма. Беларусь – гэта эўрапейская дзяржава. Проста людзі ў нас гэтага яшчэ не разумеюць. І Беларусь будзе жыць шчасьліва тады, калі наш народ зразумее, што мы – эўрапейцы, што мы здольныя на лепшае жыцьцё і што мы – беларусы”.