Таямніца споведзі

Кастусь Бандарук, Прага

Кажуць, што найхутчэй пашыраюцца плёткі і тое, што было сказанае ў сакрэце. Існуюць розныя формы таямніцы: дзяржаўная, прафэсійная, камэрцыйная, сьледчая і нават інтымная. Кожная зь іх пры некаторых абставінах можа быць адкрытая. Аднак існуе абсалютная таямніца, якую нельга парушыць ні ў якіх абставінах. Гэта таямніца споведзі. Пра тое, як ставяцца да яе асноўныя хрысьціянскія канфэсіі, пойдзе гаворка ў сёньняшнім выпуску перадачы “Сымбаль веры”.

(Бандарук: ) “У праваслаўнай і каталіцкай цэрквах споведзь – гэта адзін з 7 сакрамэнтаў, званы таксама сакрамэнтам пакаяньня. Споведзь практыкуецца таксама ў некаторых пратэстанцкіх цэрквах. Кожны вернік, пачынаючы прыблізна са школьнага ўзросту, як мінімум раз на год, павінен спавядацца перад сваім духаўніком. Пасьля шчырага вызнаньня сваіх грахоў перад сьвятаром як сьведкам, вернік празь сьвятара атрымлівае або не атрымлівае дараваньне грахоў ад самога Ісуса Хрыста. Сьвятар абавязаны цярпліва выслухаць усё, што яму кажуць, узважыць цяжар правіннасьцяў, даць параду і павучыць, як пазьбягаць падобных правіннасьцяў у будучыні. Бывае, што перш чым зачытаць формулу адпушчэньня грахоў, ён рэкамендуе так званую “эпітымію” або “адпакутаваньне” за свае грахі, пераважна ў выглядзе нейкіх добрых учынкаў. Гэта своеасаблівы лек, які павінен прадухіліць вяртаньне хваробы.

Што да каталіцкай царквы, дык у 1467 артыкуле Катэхізму гаворыцца, што “ўлічваючы далікатны характар і значнасьць сакрамэнту, а таксама павагу належную людзям, Царква заяўляе, што кожны сьвятар, які спавядае, абавязаны пад пагрозай строгага пакараньня, поўнасьцю захоўваць таямніцу споведзі і ня можа скарыстоўваць веды, якія атрымыў у часе споведзі. Гэтая таямніца, якая не дапускае ніякіх выключэньняў, называецца “сакрамэнтальнай пячаткай”, паколькі тое, што вернік вызнаў сьвятару, запячатанае сакрамэнтам”. У артыкуле 1550 сказана, што сьвятар ня можа скарыстаць тую інфармацыю, якую ён атрымаў у часе споведзі, нават калі б нехта вельмі настоіваў на гэтым.

У 983 артыкуле Кананічнага Права гаворыцца: “Таямніца споведзі непарушная, таму духаўніку нельга ні словам, ні якім-небудзь іншым чынам і дзеля якой-небудзь прычыны выдаць таго, хто спавядаўся. Таямніца споведзі пашыраецца і на перакладчыка, калі ён пасярэднічаў у споведзі, а тасама на ўсіх, хто якім-небудзь спосабам атрымаў зьвесткі пра грахі са споведзі.”

Чым Царква тлумачыць мэгазгоднасьць і вартасьць таямніцы споведзі? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да прафэсара тэалёгіі з унівэрсытэту кардынала Вышынскага ў Варшаве Міхала Чайкоўскага.

(Чайкоўскі: ) “Першая добрая якасьць у тым, што людзі з даверам ставяцца да сьвятара, могуць яму выказаць усю праўду, а той ніколі і нікому нават не намякне пра гэта. Другая каштоўнасьць у тым, што гэты поўны давер вядзе да зьмены чалавечага жыцьця, да выпраўленьня спрычыненага зла, да пакаяньня. Такім чынам, таямніца споведзі служыць божай справе, маральнаму аздараўленьню грамадзтва. Яна служыць найперш самому грэшніку, бо атрымаўшы суцяшэньне і параду, ён можа зьмяніць сваё жыцьцё, можа пазьбегнуць большага зла, бо скажа духаўніку тое, чаго не сказаў бы нікому іншаму”.

(Бандарук: ) “Да сказанага прафэсарам Чайкоўскім дадам, што Царква шануе памяць тых, хто пацярпеў, абараняючы таямніцу споведзі. Сьвяты Ян Непамук (пам. у 1393 годзе), родам з Прагі, памёр у выніку катаваньняў, бо ня выдаў каралю грахі, зь якіх спавядалася каралёва жонка. Ксёндз Фульгабэр быў павешаны паводле загаду імпэратара Фрыдрыха ІІ за тое, што не паведаміў уладам пра дэзэртырства маладога салдата, пра якое ён даведаўся ў часе споведзі. У 1910 годзе партугальскі ксёндз быў абвінавачаны ў забойстве і засуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня, хоць са споведзі ён ведаў імя сапраўднага забойцы. Праўда, ён адседзеў “усяго” 6 гадоў, але гэта ня ён паскардзіўся на несправядлівы прысуд. Забойца, паранены на полі бітвы, перад сьмерцю прызнаўся ў забойстве ў прысутнасьці трох афіцэраў.

Я пацікавіўся у прафэсара Чайкоўскага, ці ўсё ж бываюць такія спэцыфічныя сытуацыі, небясьпека забойства, пэдафілія або пагроза тэракту, калі сьвятар можа парушыць гэтую таямніцу, каб прадухіліць нейкае зло.

(Чайкоўскі: ) “Ня кожны падыход да спавядальні, размова са сьвятаром – гэта споведзь. Я сам у сваёй практыцы меў некалькі такіх выпадкаў, калі нехта шляхам споведзі спрытна хацеў выманіць у мяне грошы. Гэта была нармальная споведзь з адпушчэньнем грахоў. Сёньня я ведаю, што яна была несапраўдная. Потым я ня раз бачыў гэтага чалавека сярод чырвананосых бамжоў. Аказалася, што сваімі сьлязьлівымі аповедамі ён ня раз абдурыў і маіх наіўных калегаў-сьвятароў. Калі б такі чалавек паўторна прыйшоў да мяне спавядацца, я ня быў бы зьвязаны таямніцай споведзі і папярярэдзіў бы іншых сьвятароў. Што тычыцца прадухіленьня нейкага зла, дык калі я адчуваю, што чалавек задумаў нешта злачыннае, але вагаецца, стаіць перад дылемай, я спрабую ўгаварыць яго, адвесьці ад ягонага намеру. Калі аднак бачу, што перада мною бязьлітасны чалавек, ён не прыйшоў каяцца, але заявіць мне пра свой намер, ён кпіць зь мяне, са споведзі і з Бога, дык гэта ня споведзь, і я не зьвязаны ніякай таямніцай. Калі ў часе споведзі нейкі падлетак паскардзіцца мне, што ён – ахвяра сэксульнага дамаганьня, я не магу абураны пабегчы ў паліцыю і выдаць пэдафіла. Я толькі магу пераконваць тое беднае дзіцё, каб яно само расказала пра сваю крыўду некаму з дарослых, хто не зьвязаны таямніцай споведзі. Такім чынам ёсьць розныя спосабы, каб не парушыць таямніцу споведзі і прадухіліць нейкае зло”.

Што тычыцца праваслаўнай царквы, дык яна з найдаўнейшых часоў прызнае сакрамэнт пакаяньня і захоўвае таямніцу споведзі. Праўда, візантыйскія імпэратары шэраг разоў спрабавалі абмяжоўваць гэтую таямніцу рознымі агаворкамі. Яны, як правіла, патрабавалі ад духаўнікоў выяўляць асабліва небясьпечныя ўчынкі, найперш антыдзяржаўныя злачынствы. У пачатку XVIII стагодзьдзя расейскі цар Пятро І адмяніў таямніцу споведзі. Ён загадаў сьвятарам інфармаваць Прэабражэнскі прыказ і Тайную канцылярыю аб “нарошных саблазнах і зладзейственных намереніях”. Праўда, пра рэальнае выкананьне гэтага загаду паведамлялася надзвычай рэдка. У часы камунізму і фашызму таямніца споведзі не прызнавалася. Згодна з савецкім заканадаўствам, ведаць пра нешта і не паведаміць адпаведным ворганам – гэта тое самае, што здрадзіць дзяржаве або быць саўдзельнікам у злачынстве. Улады хацелі мець поўны кантроль над усімі сфэрамі жыцьця, ня толькі над дзеяньнямі, але і над думкамі людзей.

Аднак, на думку некаторых, таямніца споведзі – гэта даволі неадназначная справа. У жніўні 2001 году ўлады штату Нью-Ёрк вызвалілі гангстэра Хозэ Маралеса, які праседзеў у турме 12 гадоў паводле абвінавачаньня ў забойстве іншага гангстэра. Рэабілітаваны быў таксама памагаты Маралеса – Рубэн Мантальва. Падставай для гэтага стала сэнсацыйная заява каталіцкага сьвятара Джозэфа Тоўла. Сьвятар паведаміў, што праз год пасьля вынясеньня Маралесу прысуду ў забойстве прызнаўся 16-гадовы Хэзуз Форнэс.

Сьвятар доўга ня мог пайсьці на парушэньне таямніцы споведзі, аднак пазьней прыйшоў да высновы, што гэтую споведзь нельга лічыць сакрамэнтальнай, паколькі падлетак прызнаўся ў забойстве ў часе звычайнай размовы, і толькі пасьля гэтага сьвятар прачытаў над ім адпаведную формулу. Пракуратура заявіла, што рашэньне суду аб вызваленьні Маралеса незаконнае, паколькі ў адпаведнасьці з законам, сьвятар можа выявіць зьвесткі атрыманыя ў часе споведзі толькі з дазволу таго, хто спавядаўся, а Хэзус Форнэс ня можа даць такой згоды, бо 4 гады таму ён быў забіты ў часе разборак паміж злачыннымі групоўкамі.

Пасьля гэтага сярод амэрыканскай грамадзкасьці разгарнулася ажыўленая палеміка наконт таго, што трэба і чаго нельга лічыць споведзьдзю з пункту гледжаньня каталіцтва.

Таксама жонка аднаго зь сябраў абшчыны “Сьведкаў Яговы” ў ЗША паведаміла правааахоўным органам, што ейны муж – Робэрт Эйзэнгаўэр прызнаўся старэйшынам абшчыны ў тым, што займаўся сэксам з непаўналетнімі. Сама жонка не магла сьведчыць супраць мужа, але і ад старэйшынаў абшчыны агенты нічога не даведаліся.

Такім чынам, самыя розныя канфэсіі адстаялі таямніцу споведзі, і цяпер у заканадаўстве большасьці краінаў ад сьвятара не патрабуецца разбураць таямніцу споведзі. Аднак узьнікае пытаньне: а ці ў кожным выпадку таямніца споведзі – гэта добра. Яна перашкаджае правасудзьдзю, зь яе прычыны пакутавалі нявінныя людзі. Ідучы на меншае зло, выяўляючы тое, што даведаўся падчас споведзі, сьвятар мог бы прадухіліць нейкае страшнае зло, забойства або масавы тэракт. Аднак і праваслаўны сьвятар Аляксандар Місейчык кажа, што і ў такім выпадку ён не пайшоў бы на парушэньне фундамэнтальнага царкоўнага прынцыпу.

(Місейчык: ) “Таямніца споведзі вытрымліваецца заўсёды. Гэта абавязак, які вынікае з саборных канонаў, а таксама з клятвы дадзенай у часе высьвячэньня ў сьвятарскі сан. У маёй практыцы я не сустрэўся зь нейкімі супрацьдзяржаўнымі або тэрарыстычнымі вызнаньнямі. Гэта пераважна звычайныя, жыцьцёвыя, бытавыя і сямейныя справы. Я наагул выключаю, што чалавек, які рыхтуе крывавы тэракт, пойдзе з гэтага спавядацца. Калі б аднак я пра такі намер пачуў у часе споведзі, дык я ананімна, па нейкіх каналах, даў бы сыгнал, ананімна дзе трэба патэлефанаваў бы. Але я ў ніякім разе не выявіў бы, ад каго я атрымаў такую інфармацыю. Тым болей, што – хто яго ведае. Можа пасьля споведзі ў мяне Бог натхніў таго чалавека добрымі думкамі, паслаў апамятаньне, і ён не выканаў сваю злачынную задуму. І калі я выдаў бы яго, дык сам зьдзейсьніў бы зло. Чалавек яшчэ нічога не зрабіў, а я, як кажуць у жаргоне– “заклаў” яго. Так нельга”.

(Бандарук: ) “Дакладна гэтак, як сказаў а. Аляксандар Місейчык, рэкамендуе паводзіць сябе Архірэйскі Сабор РПЦ у 2000 годзе. У “Асновах сацыяльнай дактрыны” гаворыцца, што “бяз выключэньняў і пры любых абставінах, сьвята захоўваючы таямніцу споведзі, пастыр адначасова абавязаны прадпрыймаць ўсе магчымыя высілкі дзеля таго, каб злачынная задума не ажыцьцявілася. У першую чаргу гэта тычыцца небясьпекі чалавеказабойства, асабліва масавых ахвяраў, магчымых у выпадку зьдзяйсьненьня тэракту, або выконваньні злачыннага загаду ў часе вайны. Памятаючы пра аднолькавую каштоўнасьць душаў патэнцыйнага злачынцы і вызначанай ім ахвяры, сьвятар павінен заклікаць пэтэнта да сапраўднага пакаяньня, гэта значыць, да адмаўленьня ад дрэннай задумы. Калі гэты заклік не падзейнічае, пастыр павінен, ніяк не выяўляючы імя таго, хто спавядаўся, ні таго, што магло б дапамагчы здагадацца на конт ягонай асобы, папярэдзіць тых, чыйму жыцьцю пагражае небясьпека”.

Споведзь, агульная і прыватная, з формулай адпушчэньня грахоў, існуе таксама ў некаторых пратэстанцкіх, у прыватнасьці лютэранскіх цэрквах. Марцін Лютэр пісаў: “я не дазволю нікому забраць у мяне прыватную споведзь. На ўсе скарбы сьвету я не памяняю яе, бо ведаю-якую палёгку і асалоду яна дае мне”. У “Пастырскай тэалёгіі” Джона Фрыца, у разьдзеле “Sigillum Confessionis” гаворыцца, што калі нават так званую “пячатку споведзі” не прызнаюць сьвецкія ўлады, дык усё адно, споведзь строга канфідэнцыйная. Ён кажа, што гэтак як формула дараваньня грахоў, божы голас, гэтак сама споведзь адрасуецца Богу. Таму пастар павінен захаваць так званае “сьвятое маўчаньне”. Пацьвердзіў гэта лютэранскі пастар з Горадні Кастусь Мардзьвінцаў.

(Мардзьвінцаў: ) “Так, пастар ня мае права пры ніякіх умовах парушыць таямніцу споведзі. І калі чалавек зьдзейсьніў нейкае злачынства, пастар мусіць пакінуць гэтую інфармацыю толькі для сябе. Аднак духаўнік павінен падаахвочваць верніка, каб той сам, калі ён сапраўды верыць ў Бога, паведаміў уладам пра ўчыненае ім зло. У кожным разе, пастар ня можа выявіць таямніцу споведзі. Калі ён парушыць гэтую таямніцу, дык яго пазбаўляюць сану”.

(Бандарук: ) “Пратэстанцкія тэолягі спасылаюцца на “Застольныя гутаркі” Марціна Лютэра і ягоны адказ на адзін спэцыфічны выпадак. Нейкая жанчына прызналася пастару, што яна забіла сваё дзіцё. Пазьней гэта стала вядома суду, але Лютэр кажа, што і перад судзьдзёй пастар ня можа пацьвердзіць, што і раней ён чуў ад жанчыны пра ейнае злачынства. Лютэр раіць пастару нагадаць судзьдзі, што ён быў толькі сьведкам, жанчына спавядалася не перад ім, але перад Ісусам Хрыстом. Пастар павінен заявіць у судзе: “Я нічога ня чуў, а калі Ісус Хрыстос нешта чуў, дык Ён хай і скажа”. Паводле Лютэра, грэшнік у кожным выпадку павінен мець упэўненасьць, што ягонае прызнаньне абароненае таямніцай споведзі.

Але вернемся да пытаньня: а як паступіць сьвятару, каб захаваць таямніцу споведзі і не дапусьціць таго зла або магчымага злачынства, пра якія ён даведаўся падчас споведзі.”

(Мардзьвінцаў: ) “Мне здаецца, што гэта наагул больш тэарэтычнае пытаньне, бо калі чалавек зьбіраецца нешта дрэннае зрабіць, ён ня ідзе разказаць пра гэта на споведзі. На споведзь прыходзяць тыя, хто ўжо зьдзейьніў нейкае злачынства і хочуць шчыра ў гэтым пакаяцца. Калі чалавек толькі мае намер нешта зрабіць, пра якое пакаяньне можа ісьці гаворка. Бог дае чалавеку ласку, каб пераадолець дрэнную спакусу. Пастар павінен падаахвочваць верніка трымацца гэтай ласкі і не паддавацца спакусе. Але, практычна, мне цяжка ўявіць такую сытуацыю, калі шчыра веруючы чалавек рыхтуеецца зьдейсьніць нейкае зло і гаворыць пра гэта духаўніку. Тут нават нельга гаварыць пра парушэньне таямніцы споведзі, бо сапраўднай споведзі і не было. Ня можа быць споведзі, калі чалавек ня каецца ў сваім граху”.

(Бандарук: ) “Гаварыў лютэранскі пастар з Горадні-Кастусь Мардзьвінцаў. Сьвятар, аб чым ведаю сам па сабе, чуе падчас споведзі тое, чаго не пачуе ніхто іншы, уключна з самымі блізкімі людзьмі. Людзі адкрываюць перад духаўніком самыя змрочныя старонкі сваёй біяграфіі, неаднойчы вызнаюць сарамлівыя і жахлівыя рэчы. Аднак яны прызнаюцца ў гэтым, бо ведаюць, што сьвятар захавае ўсё пачутае для сябе. Вызнаньне грахоў падчас споведзі, гэта адзіная ў гэтым жыцьці сытуацыя, калі адбылася рэальная сустрэча і размова паміж паміж двума людзьмі, але лічыцца “per non est”– як-бы яе і не было.

Гэта справа аўтарытэту Царквы і даверу да яе. Вернік прыходзіць спавядацца дзеля Бога і вечнага жыцьця, і ён павінен мець абсалютную ўпэўненасьць, што калі сам ня звольніць духаўніка з утрыманьня таямніцы, той у ніякім разе ня можа выдаць таямніцу. Гэта тое, на чым грунтуецца аўтарытэт Царквы як незвычайнай, але “ бога-чалавечай” установы.