Царква і вернікі аб выбарах.

Кастусь Бандарук, Прага

Ці цэрквы могуць і ці павінны нейкім чынам уплываць на вынікі выбараў, ці могуць рэкамэндаваць сваім вернікам выбар таго ці іншага кандыдата? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць прадстаўнікі трох асноўных хрысьціянскіх канфэсіяў: прафэсар-дыякан Андрэй Кураеў з Рускай Праваслаўнай Царквы, настаяцель грэка-каталіцкай парафіі Апосталаў Пятра і Андрэя зь Берасьця а. Ігар Кандрацьеў, і прапаведнік Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў з Таронта ў Канадзе Юрка Рапэцкі.

У адной з апошніх перадачаў мы гаварылі, што ў Беларусі больш за 50 адсоткаў насельніцтва лічаць сябе веруючымі людзьмі. Прыблізна палова зь іх - гэта менш ці больш актыўныя вернікі трох хрысьціянскіх канфэсыяў. Паколькі яны паўнапраўныя грамадзяне, гэта значыць, што ў выпадку выбараў, цэрквы тэарэтычна маглі б мець уплыў на прыблізна 2 мільёны выбаршчыкаў. Аднак ці скарыстоўваюць яны гэты патэнцыйны ўплыў. Пачну з праваслаўнай царквы.

У “Асновах Сацыяльнай Канцэпцыі РПЦ”, прынятай на Юбілейным Саборы ў сьнежні мінулага году, гаворыцца: “Царква дапускае наяўнасьць розных палітычных перакананьняў сярод эпіскапату, духавенства і вернікаў, за выключэньнем тых, якія выразна вядуць да дзеяньняў, што супярэчаць праваслаўнаму веравучэньню і маральным нормам царкоўнай традыцыі. Немагчымы ўдзел царкоўнай герархіі і духавенства ў дзейнасьці палітычных арганізацыяў, у перадвыбарчых працэсах, такіх як публічная падтрымка і агітацыя за палітычныя арганізацыі альбо асобных кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах.

Не дапускаецца выстаўленьне кандыдатураў сьвятараў на выбарах у любыя ворганы прадстаўнічай улады ўсіх узроўняў. Адначасова нішто не павінна перашкаджаць удзелу герархіі, духавенства і сьвецкіх вернікаў, нароўні з іншымі грамадзянамі, у народных волевыяўленьнях шляхам галасаваньня. Таксама няўдзел царкоўнай Паўнаты ў палітычнай барацьбе, у дзейнасьці палітычных партыяў і ў перадвыбарчых працэсах не азначае адказу ад публічнага выражэньня пазыцыі ў асабліва важных для грамадзтва пытаньнях” ( к.ц)

Паколькі яшчэ некалькі гадоў таму праваслаўныя герархі засядалі ў Думе, і РПЦ аж надта выразна падтрымлівала канкрэтныя палітычныя сілы, я папрасіў патлумачыць пазыцыю Праваслаўнай Царквы ў пытаньні выбараў прэс-сакратара Маскоўскага Патрыярха прафэсара Андрэя Кураева.

(Кураеў: ) “У “Сацыяльнай Дактрыне” Рускай Царквы цалкам ясна гаворыцца, што Царква ня ўмешваецца ў пытаньні выбараў і ня можа аказваць падтрымку таму альбо іншаму кандыдату. Іншая справа, што кожны паасобны сьвятар, не як сьвятар, але проста як грамадзянін, можа мець канкрэтныя палітычныя перакананьні і сымпатыі. Яшчэ Памесны Сабор 1917-га году заяўляў, што праваслаўны чалавек, у тым ліку сьвятар, можа належаць да любой партыі. Зразумела, тут мелася на ўвазе не царкоўную партыю. Пра такую ня можа быць і гутаркі, бо “партыя” літаральна азначае “частка”, а Царква павінна быць унівэрсальнай, усеабдымнай, адкрытай для ўсіх. Яна ня можа патрабаваць прад’яўленьня партыйных білетаў ля ўваходу ў храм. Такім чынам сьвятар, як чалавек і грамадзянін, мае права браць удзел у дзейнасьці той або іншай партыі, але не мае права заяўляць, што ён выступае ад імя Царквы. Маўляў, уся Царква прадстаўленая ў маёй асобе, Царква мяне ўпаўнаважыла, уся Царква маімі вуснамі заклікае вас аддаць свае галасы за таго ці іншага кандыдата. Вось гэтага не павінна быць”.

(Бандарук: ) “З другога боку, афіцыйна Царква можна не гаварыць, каго яна падтрымлівае на выбарах. Хопіць даць вернікам выразна зразумець свае сымпатыі . Некалі адзін, блізкі банкруцтва бізнэсовец зьвярнуўся да вядомага фінансіста Моргэна з просьбай: “Спадар Моргэн. Гэтым разам я не прашу ў вас пазыку. Вы толькі пакажацеся са мною публічна, абніміце мяне плячом і дазвольце зрабіць сумесны здымак”. На выбарах падмаскоўнага губэрнатара Патрыярх Аляксей дэманстратыўна сустрэўся з Барысам Громавым і падтрымаў ягоную дзейнасьць. Громаў перамог Генадзя Селязьнёва невялікай колькасьцю галасоў. Калі 31 сьнежня летась Уладзімір Пуцін пераймаў уладу, ён папрасіў і атрымаў блаславеньне Патрыярха на сваю дзейнасьць. Калі для перамогі Пуціна над камуністам Зюганавым патрэбная была высокая выбарчая актыўнасьць, Патрыярх заклікаў эпіскапат настойліва падаахвочваць вернікаў да актыўнага ўдзелу ў галасаваньні. Пуцін перамог ў першым туры. Пры канцы чэрвеня, у часе візыту на Беларусь, Аляксей І І аж надта выразна выказаў сваю падтрымку і сымпатыю беларускаму кіраўніку, які балятуецца на другі тэрмін. Гэта толькі некалькі прыкладаў. Такім чынам, афіцыйна ня ўмешваючыся ў палітыку, Царква ўсё ж можна ўплываць на яе.

(Кураеў: ) “Да некаторай ступені так, але толькі калі ўмець чытаць мову жэстаў і сымбаляў. Памятаю, што ў 96 годзе, у сваіх інтэрвію Патрыярх часта заяўляў: “Мы ня ўмешваемся ў вынікі выбараў, але пры галасаваньні прашу зрабіць так, каб мы не вярнуліся да страшных старонак нашага мінулага”. У сытуацыі 96-га, гэта ўспрымалася гэткім чынам: “нам ня трэба вяртаньня да камунізму, і таму давайце будзем галасаваць так, каб Зюганаў не стаў прэзыдэнтам”. Канечне, на ўзроўні нейкіх жэстаў, напэўна, у некаторай ступені непазьбежныя тыя ці іншыя спосабы салідарызацыі”.

(Бандарук: ) “Вось таму і маю ўвагу зьвярнула наступная фраза ў Сацыяльнай Дактрыне РПЦ. “Няўдзел царкоўнай Паўнаты ў палітычнай барацьбе, у перадавыбарчых працэсах, не азначае яе адмаўленьня ад публічнага выражэньня пазыцыі ў важных для ўсяго грамадзтва пытаньнях”. Для грамадзтва вельмі важнае, напрыклад, тое, ці краінай зной будуць кіраваць камуністы. Важная інтэграцыя з Расеяй, або з Эўразьвязам, важнае стаўленьне да хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, да сям’і. У 90-я гады, польскі эпіскапат таксама ўвесь час заяўляў, што Касьцёл ня ўмешваецца ў выбары. Аднак пазьбягаючы назоваў партыяў, альбо прозьвішчаў Валенсы і Квасьнеўскага, з касьцельных амвонаў гучэў напамін: “не забывайцеся на погляды партыяў і кандыдатаў. Каталік павінен галасаваць за каталіка”. Такім чынам, на маю думку, фармальна захоўваючы нейтралітэт,
Царква мае магчымасьць ўскосна паўплываць на вынікі выбараў”.

(Кураеў: ) “У прынцыпе, я думаю, што такія дзеяньні цалкам магчымыя, але, галоўнае, чаго ня можа быць, гэта тое, каб не скарыстоўваць мэтадаў пастырскага ўзьдзеяньня на сумленьне людзей. Ня можа быць з боку Царквы навязваньня людзям той ці іншай палітычнай пазыцыі ў выглядзе пастырскага настаўленьня. Царква не павінна ў якасьці царкоўнага послуху накладаць на парафіянаў абавязак : “галасуйце вось гэтак”.

(Бандарук: ) “Гэта было меркаваньне прадстаўніка Рускай Праваслаўнай Царквы прафэсара Андрэя Кураева. З аналягічным пытаньнем пра пазыцыю Каталіцкай Царквы ў пытаньні выбараў я зьвярнуўся да грэка-каталіцкага сьвятара зь Берасьця, рэдактара часопісу “Царква” а. Ігара Кандрацьева:

(Кандрацьеў: )“Я сказаў бы, што гэтая пазыцыя такая самая ў тым сэнсе, што мы ня можам заахвочваць нашых вернікаў альбо грамадзтва галасаваць за кагосьці канкрэтнага. Мы ня можам за нікога агітаваць. Але пазыцыя нашай Царквы такая, каб нашы вернікі ўдзельнічалі ў выбарах, каб былі сацыяльна актыўнымі, таму што ад жыцьця грамадзтва залежыць і жыцьцё нашай Царквы. Канечне, у сэнсе збаўленьня, Госпаду хутчэй ўсё роўна, пры якіх палітычных умовах мы будзем жыць. Для збаўленьня бяз розьніцы, ці мы будзем пакутнікамі ці будзем жыць у менш-больш прыстойных умовах. У сытуацыі перасьледу Царквы, яна духоўна ўмацоўваецца, павялічваецца колькасьць пакутнікаў, тых, хто сьведчыць аб сваёй веры, тым ня менш, каталіцкая Царква заахвочвае сваіх вернікаў, каб сваёй грамадзкай актыўнасьцю яны спрыялі добраму жыцьцю. Таму і я заахвочваю сваіх парафіянаў, каб яны не былі абыякавымі да выбараў, каб прагаласавалі. Я не магу прапагандаваць канкрэтнага кандыдата, але нашыя вернікі возьмуць удзел у галасаваньні.

Дарэчы, сёньня каталікі ў Беларусі - гэта актыўныя грамадзяне. Шмат хто зь іх уцягнуты ў грамадзкую дзейнасьць альбо займаецца нейкім бізнэсам. Яны і актыўна удзельнічаюць у падрыхтоўцы да выбараў, і актыўна будуць у іх удзельнічаць. Мы проста спадзяемся на нейкія зьмены ў нашым жыцьці”.

(Бандарук: ) “Айцец Ігар, як вышэй згадвалася, усё ж такі існуюць ускосныя спосабы ўзьдзеяньня на вернікаў. Не агітуючы за канкрэтнага кандыдата і не выступаючы ад імя ўсёй сваёй Царквы, сьвятар можа дапамагчы вернікам зрабіць асэнсаваны выбар. Ён заўсёды можа сказаць ім: “паглядзіце на тых, каго мы выбіраем, на тое, што яны зрабілі дагэтуль. Якое іхнае маральнае аблічча. Чаго магу ад яго спадзявацца я сам, і на што можа разьлічваць мая Царква? Ці ў гэткім узьдзеяньні на людзей нешта заганнае?”

(Кандрацьеў: ) “Ня ведаю, што адказаць на гэтае пытаньне. Проста сёньня, у нашых беларускіх умовах, я сказаў бы, сярод грэка-каталікоў і рыма-каталікоў няшмат людзей, каму трэба было б тлумачыць: паміж чым і чым мы выбіраем. Я вось зараз, па тэлефоне, таксама не хачу казаць, за каго я буду галасаваць, бо калі я выступаю як каталіцкі сьвятар, гэта ўжо можа быць успрынятае як нейкі заклік. Але я скажу, што 99%, амаль усе нашыя вернікі, гэта нацыянальна сьведамыя людзі, гэта сапраўдныя хрысьціяне, і тлумачыць ім палітычны расклад, які мы сёньня маем ў Беларусі, проста страта часу. Большасьць нашах вернікаў – гэта інтэлігэнцыя і моладзь. На гэтых людзей цяжка паўплываць цераз сродкі масавай інфармацыі, іх цяжка падмануць. Гэта людзі адукаваныя, сьвядомыя, людзі якія валодаюць інфармацыяй”.

(Бандарук: ) “Гэта была думка грэка-каталіцкага сьвятара зь Берасьця, а. Ігара Кандрацьева. Тут хачу дадаць, што пазыцыя праваслаўнай і каталіцкай цэркваў адносна сьвецкай ўлады і выбару кіраўнікоў даволі падобная. Дзяржава - установа кароткатрывалая, а Царква ў адрозьненьне ад яе вечная. Царква існавала ў паганскія часы, пры дэспатызьме цароў, фашызьме, камунізьме і дэмакратыі, але гэта не азначае ўхваленьня кожнага дзяржаўнага ладу. Напрыклад, у энцыкліках Divini Redemptoris і Mit brennender Sorge, каталіцкая Царква асудзіла фашызм і камунізм. Ў сваім стаўленьні да сьвецкай ўлады, гэтыя цэрквы спасылаюцца на словы Апостала Паўла. “Усякая душа няхай будзе пакорная вышэйшым ўладам, бо няма ўлады, каб не ад Бога, а існуючыя ўлады ад Бога пастаўленыя. Таму, хто працівіцца ўладзе, працівіцца Божай пастанове, хто ж працівіцца, самі на сябе прысуд нацягнуць” ( Рым.13,1-2). Царква тлумачыць гэтыя словы наступным чынам: Усякае начальства альбо ўладу Бог альбо бласлаўляе, альбо дапускае. Законная ўлада заўсёды ад Бога, а дрэнная, незаконная - ад чалавечых грахоў, дзеля пакараньня людзей і іхнага прасьвятленьня. Калі дзяржава ня лічыцца зь вечнымі законамі ўстаноўленымі Богам, калі не паважае асаблівую місію Царквы і нормы прыроднай маралі, Царква можа і павінна выступіць супраць такой дзяржавы. Носьбітаў такой ўлады можна і трэба замяніць іншымі. Гэта не змаганьне з самым прынцыпам ўлады, якая ад Бога, але супраць злоўжываньняў ўлады. Адкрыты бунт дапушчальны толькі ў крайніх выпадках. Ідэальнай зьяўляецца зьмена ўлады шляхам выбараў .

І вось мы ізноў вяртаемся да пытаньня, якім чынам Царква можа і павінна паўплываць на вынікі выбараў. Гэтым разам меркаваньне прадстаўніка Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў Юркі Рапецкага:

(Рапэцкі: ) “Перш за ўсё трэба ведаць, што ў Новым Запавеце няма ўказаньняў наконт выбараў, бо ў той час, калі пісаліся кнігі, выбараў не было. Царква пакліканая прапаведваць Дабравесьце Хрыстовае, заклікаць людзей да Бога. Калі я думаю пра эвангельскую царкву ў Беларусі, дык у ёй заўсёды гаварылі і я гэта часта чуў, што Царква і нават паасобныя сябры не павінны займацца палітыкай. Мне здаецца, што Царква павінна быць “сольлю і сьвятлом” у гэтым сьвеце. Значыць, яна павінна стаяць за праўду, за справядлівасьць, за праведнасьць. У прынцыпе, яна павінна заставацца духоўнай ўстановай, не палітычнай. Мне здаецца, што афіцыйна Царква ня можа падтрымоўваць таго ці іншага кандыдадата, але прыватна, прапаведнікі, лідэры евангельскіх цэркваў гавораць са сваімі вернікамі, што “ вось той ці іншы кандыдат найбольш адпавядае нашай пазыцыі”.

(Бандарук: ) “Вы гаворыце, што Ваша Царква ў Беларусі не рэкамэндуе сваім вернікам нават прыватна ўдзельнічаць у палітыцы. Але ж гэта можна разумець. У Беларусі спэцыфічная сытуацыя. Там, нават калі хрысьціянскае сумленьне падказвае вернікам нейкай царквы канкрэтны выбар, дык разважлівасьць і дальнабачнасьць схіляюць да стрыманасьці. У Вас на Захадзе, хіба, ніхто нікога не баіцца?”

(Рапэцкі: ) “Афіцыйна Царква тут, на Захадзе, не выступае за таго, ці іншага з кандыдатаў, але гэта не значыць, што яна не павінна прыймаць ніякага ўдзелу ў палітыцы. У маёй царкве працуе адмысловы камітэт, які прадстаўляе грамадзе палітыку, плятформу паасобных кандыдатаў і дае вернікам свае парады. Аднак гэта ня робіцца на афіцыйным ўзроўні. У нас нават кажуць: вы ідзіце ў розныя партыі, у тую, якая вам найбольш адпавядае, і няхай наш голас будзе чутны і там, каб і там ведалі, што мы думаем. Аднак самы моцны ўплыў Царквы, гэта - малітва за Божую волю на выбарах. Слова Божае, у лісьце апостала Якуба кажа, што “стойкая малітва праведніка мае вялікую сілу”. Царква можа маліцца за палітыкаў, каб усталёўвалася і ажыцьцяўлялася Божая воля. У нашай пратэстанцкай царкве ў Канадзе, нашы прапаведнікі падтрымоўваюць ідэю, што Царква павінна маліцца за выбары, і цытуюць вось такі фрагмэнт Сьвятога Пісаньня: “Калі ўпакорыцца народ мой, які называецца Імем Маім, і будуць маліцца і шукаць аблічча Майго, і адвернуцца ад благіх шляхоў сваіх, дык Я пачую зь неба і дарую грахі іхныя, і ацалю зямлю іхную. Гэты верш часта ў нашай Царкве цытуецца якраз ў такі час”.

(Бандарук: ) “Гаварыў Юрка Рапецкі з Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў у Таронта, ў Канадзе. Такім чынам, усе тры галоўныя канфэсіі ў Беларусі, афіцыйна паўстрымоўваюцца ад удзелу ў палітыцы і не навязваюць сваім вернікам той ці іншы выбар. З другога боку, неафіцыйна, ускосна і паміж вершамі, цэрквы маюць уплыў на палітычны выбар сваіх вернікаў і неаднойчы скарыстоўваюць яго.

У кожным разе, нават без рэкамэндацыі царкоўнага начальства, кожны вернік мае магчымасьць зрабіць адпаведны выбар ў адпаведнасьці са сваёй верай і сумленьнем. Сьвятое Пісаньне і творы выдатных тэолягаў даволі канкрэтна гавораць, якім павінен быць цар, прэзыдэнт або кіраўнік дзяржавы. Найперш, кіраўнікамі нельга абіраць маладых і недасьведчаных. “І дам вам юнакоў ў начальнікі, і дзеці будуць панаваць над вамі. І ў народзе…юнак будзе нагла ўзвышацца над старым, а просты чалавек над вяльможам” ( Вый.3,4-5) Сьвяты Рыгор Тэоляг, зьвяртаючыся да правіцеляў пісаў: “з Хрыстом начальствуеш: ад Яго ты атрымаў меч”. Сьвяты Ян Залатавусны гаварыў: “ Сапраўдны цар той, хто перамагае гнеў і завісьць і сладастраснасьць, хто падпарадкоўвае ўсё законам Божым, захоўвае розум свой свабодным і не дазваляе авалодаць душою схільнасьцям да прыемнасьцяў. Такога чалавека я хацеў бы бачыць начальнікам над народам і зямлёю, і морам, і гарадамі, і вобласьцямі, і войскам. Таму, што хто падпарадкаваў душэўныя жарсьці розуму, той лёгка можа кіраваць і людзьмі згодна божым законам. А хто фармальна начальствуе над людзьмі, аднак запалонены гневам і славалюбствам і ўцехамі, той ня будзе ведаць, як распарадзіцца сваёю ўладай”.

У Новым Запавеце таксама гаворыцца: “Усё выпрабоўвайце - добрага трымайцеся” ( 1 Фес.5,21). Словы палітыкаў вельмі часта разыходзяцца з дзеяньнямі. Таму Эвангельле перасьцерагае, што неаднойчы “ваўкі драпежныя прыходзяць у авечай скуры”, і што “па пладох іхных пазнаеце іх” ( Мац.7,15-16) . Кожны ведае, што дагэтуль зрабіў той ці іншы палітык для краіны, для ягонай Царквы і, нарэшце, дла яго самога і ягонай сям’і. Калі нехта надалей ня ведае, за каго прагаласаваць, дык хай паслухае Апостала, які рэкамэндуе: “Браты. Выбярыце на служэньне найлепшых са свайго асяродзьдзя”. А калі ні ў кім ня бачыце дабра, дык выбярыце найменшае зло.