Аляксей Каўка: “На кампраміс з д’яблам ісьці ня варта”

Міхась Скобла, Менск

Пра беларуска-расейскія дачыненьні пісана і гаворана шмат. І хоць увесьчасныя інтэграцыйныя памкненьні ўсім — і палітыкам, і журналістам — набілі аскоміну, тэма не губляе сваёй актуальнасьці. 2004 год, да прыкладу, абвешчаны Годам беларускай культуры ў Расеі, вядома ж, “у межах інтэграцыйных працэсаў”. Мой госьць — чалавек з расейскім пашпартам, беларускі навуковец і пісьменьнік з Масквы Аляксей Каўка.

(Міхась Скобла: ) “Падчас свайго сёлетняга прыезду на радзіму вы паўдзельнічалі ў Другім сходзе беларускай інтэлігенцыі. На маё асабістае адчуваньне, слова “інтэлігенцыя”, “інтэлігентны” ўсё радзей гучаць у Беларусі. Можа быць, іх узяць і адмяніць — пастановай ці дэкрэтам?”

(Аляксей Каўка: ) “Ну, з дэкрэтыўнымі адменамі яно не заўсёды атрымліваецца, як урэшце і з дэкрэтыўным увядзеньнем. Інтэлігент у маім разуменьні — гэта ня так сацыяльная, як духоўная экіпіроўка, гэта ўменьне, здольнасьць і найперш, мабыць, мужнасьць трымацца сваіх перакананьняў, бараніць іх і не ісьці ні на які кампраміс у чымсьці сьвятым, самым істотным. І калі я ведаю, што сёньня навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю павінныя цэлы год вучыцца ў падпольлі, каб атрымаць атэстат, і яны ня здрадзілі сваёй справе, то вось гэтыя дзеткі для мяне інтэлігенты. І яны дамогуцца свайго, і яны будуць вучыцца, і яны прынясуць карысьць сваёй краіне.

Канфлікт паміж інтэлігенцыяй і ўладай — ён на генэтычным роўні, ён быў, ёсьць і застанецца, і тут справу ня зьменіць ні лепшая ўлада, ні горшая ўлада. Але застацца інтэлігентам сёньня, пры неспрыяльных варунках — гэта гатоўнасьць і мужнасьць нават не змагацца з уладай, але не гандлявацца зь ёю і не станавіцца на дыбачкі пад яе дурноту… А дурноты ва ўлады ніколі не бракавала і раней, і асабліва цяпер.

У сьвеце адвечна змагаюцца два полі — цемра хлусьні і сьвятло праўды. Інтэлігент і ёсьць носьбітам гэтага сьвятла праўды, і таму ён ніколі не паступіцца і ня пойдзе на кампраміс з хлусам, на кампраміс з д’яблам, як бы д’ябал ні шчыраваў, ні пагражаў, ні зацікаўліваў. Але я падкрэсьлю: Беларусь — краіна дастаткова інтэлігентная”.

(Скобла: ) “А Расея? Як сёньня пачувае сябе беларус у Маскве?”

(Каўка: ) “Вядомы штамп: адносіны спрыяльныя, адносіны братэрскія, шануюць нас за цярплівасьць, за лагоднасьць, за памяркоўнасьць. Але як толькі заходзіць размова пра захаваньне беларусамі сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці, адразу ўзьнікаюць праблемы. Адзін толькі прыклад: у Варшаве ёсьць катэдра беларускай філялёгіі, а дзе яна ў Маскве? А ў адной расейскай сталіцы беларусаў —не адзін дзясятак тысячаў. Так што рэзэрвы ў Расеі для разьвіцьця пазнаньня Беларусі ёсьць, іншая рэч — ці будуць яны запатрабаваныя.

Але сёньня мне хочацца распавесьці пра адзін паказальны, на мой, погляд, выпадак. Беларускі хлопец з Маладэчна паехаў паступаць у слынны Маскоўскі інстытут міжнародных адносінаў. І на іспыце па расейскай літаратуры яго папрасілі прачытаць на памяць верш. Разгубіўся хлопец, пазабываўся ўсе расейскія вершы і пытае: “А беларускі можна?” “Да, пожалуйста”. І хлопец прачытаў верш маладэчанскага паэта й мастака Лявона Цімохіна:

У храме славы сьвечка воскам плача,
А кат пад маскай закруціў свой вус.
Ня сьцерпела хлусьні нутро юначае,
На плошчу выйшаў хлопец-беларус.

Сабакі, каскі, бронетраспарцёры —
Бы катафалкі, роў і дым, смурод.
Дзіця на сцэне, ў лёджыях акторы,
Такі тэатар і такі народ…


Анямеў выкладчык, за хлопца — і павёў у суседнюю аўдыторыю, да свайго калегі й змусіў паўтарыць. І верш, прачытаны расейскім інтэлігентам, стаў калі не вырашальным, то істотным дапаможным чыньнікам пры паступленьні. Вучыцца той хлопец там, куды паступаў, ужо на другім курсе. Так што ўсё залежыць ад таго, якое ты вытвараеш вакол сябе ўласна беларускае поле, калі яно моцнае — яно будзе зразуметае й падтрыманае”.

(Скобла: ) “Беларускі верш дапамог хлопцу з Маладэчна паступіць у прэстыжны маскоўскі інстытут. А беларускі тралейбус возіць масквічоў. Ці езьдзілі вы на тралейбусе, на якім напісана: “Подарок москвичам от Александра Лукашенко?”

(Каўка: ) “Чуў я пра такі тралейбус, езьдзіць на ім, праўда, не давялося — не супадаюць ягоныя маршруты з маімі. Маскву і масквічоў ня зьдзівіш сёньня самымі экстравагантнымі падарункамі. Адно магу сказаць: тралейбус той, колькі б ён па Маскве ня езьдзіў, не паўторыць лёс браневіка ля Фінляндзкага вакзалу ў Пецярбургу”.

(Скобла: ) “У Менску нярэдка бываюць чыноўнікі з Масквы, вось і нядаўна візытаваў міністар харчаваньня ўраду Масквы. А ці трапляюцца беларускія тавары ў маскоўскіх крамах? Хочацца пачуць думку канкрэтнага спажыўца”.

(Каўка: ) “Я часта ежджу электрычкай на сваё лецішча ў напрамку Тулы. Па вагонах, звычайна, ідуць гандляры, іх там называюць афені, і прадаюць розныя тавары. І я неаднойчы чуў: “Производство Белоруссии! Дешевле, чем на рынке!” Зубную пасту носяць, сурвэткі арыгінальныя ільняныя, другія рэчы. І гандлёвая марка Беларусі выклікае давер у пакупнікоў. І прадукты беларускія ў Маскве сустракаюцца. Ну, а пра лядоўні ды газавыя пліты ўсе ведаюць — рэчы капітальныя і эстэтычныя. Так што беларуская таварная прысутнасьць у Маскве й ваколіцах заўважная. Але на адным расейскім рынку нам сваіх эканамічных інтарэсаў ня вырашыць, трэба на ўсе бакі старацца. У Расеі свае праблемы. Скажам, пазалетась у Расеі такі ўраджай пшаніцы быў! Не змаглі выкупіць, стварыць страхавыя фонды, сёньня ў Расеі хлеб даражэе штодня, закупляюць зерне на Захадзе”.

(Скобла: ) “Гэты год афіцыйна абвешчаны Годам беларускай культуры ў Расеі. Ці не перажыла сябе гэтая, яшчэ савецкая, традыцыя — самую культуру падмяняць мерапрыемствамі?”

(Каўка: ) “Не, тут я ня згодзен. Дні культуры — гэта добра. Хай сабе і з масавымі прэзэнтацыямі ды іншымі відовішчамі. Сёлета ў Маскве заплянаванае адкрыцьцё помніка Янку Купалу, калі яно сапраўды адбудзецца, гэта будзе сапраўды гістарычная падзея. Але ў дачыненьні да афіцыйных культурных мерапрыемстваў ёсьць адна праблема. Наколькі адэкватна, аб’ектыўна і паўнакроўна ў афіцыйных канцэртах і выставах прэзэнтаваная культура беларускага народу? Наколькі яна ўлічвае і культуру Забэйды- Суміцкага, Ластоўскага, Лёсіка?

Вось расейскага мастака Шылава прымае ў Менску першая асоба дзяржавы, ганаруе яго ордэнам Скарыны. А ці прычакаюць беларускія мастакі падобнага прыёму ў Маскве? А што, у тым жа Манежы суполка “Пагоня” ня вартая выстаўляцца? Марачкін, Маркавец, сьветлай памяці Яўген Кулік — гэта што, не мастацтва Беларусі? Вось яна, наша аўра духоўная, наша інтэлігентнасьць, наша эстэтычная неадольная вобразнасьць, харашыня нашая. Тое, у чым мы, як народ, непаўторныя. А сёньня беларуская культура, як ніколі дагэтуль, пульсоўна і дынамічна выказвае сваю жыцьцядайнасьць, сваю супраціўляльнасьць той самай цемры хлусьні, пра якую мы гаварылі, сьцьвярджаючы і пашыраючы поле сьвятла й праўды”.

(Скобла: ) “Прыяжджаючы ў Беларусь, вы ня любіце сядзець у Менску. Цягне на родную Ігуменшчыну?”

(Каўка: ) “Цягне, і з гадамі ўсё больш гэты магнэз спрацоўвае. Я прыяжджаю штогод на Радаўніцу, каб наведаць магілы родных. Самае яскравае сёлетняе ўражаньне: выходжу на ганак ранютка, а на вежу каля маёй роднай хаты прыляцелі буслы і клякочуць. Ні чырвоныя дзюбы, ні белыя крылы ў іх не перафарбаваныя, бела-чырвона-белы колер лунае над Беларусьсю, жаўранкі не перастаюць сьвірчэць і прашываць нябёсы, людзі садзяць бульбу, пахне гноем... І перад адвечным зямным беларускім клопатам адступаюць і бачацца часовымі ўсе тыя згрызоты, якія нас штодня, штогадзіны дапякаюць. Калі іх вымяраць гэтым вялікім і вечным часам, яны мізарнеюць відавочна, і яны прамінуць”.