Выказаная Аляксандрам Лукашэнкам на сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй думка пра тое, што беларускай літаратуры папросту не існуе, атрымала працяг у афіцыйных СМІ. Беларускае тэлебачаньне раптам засумнявалася, ці існуе ў культурнай прасторы беларуская музыка, беларускі жывапіс, беларуская архітэктура... Падказка была зразуметая правільна. На згаданай сустрэчы кіраўніку Беларусі ніхто асабліва не запярэчыў, паколькі прысутныя на ёй творцы прайшлі фільтрацыю ў Міністэрстве культуры... Паэта Генадзя Бураўкіна й мастака Аляксея Марачкіна на сустрэчу не запрасілі, таму свае меркаваньні яны выказалі ў “Вольнай студыі”.
(Скобла: ) “Кіраўніком краіны сёлета неаднойчы было сказана й паўторана на сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй, што культура – гэта падмурак ідэалёгіі. Па-мойму, думка даволі спрэчная. А як лічыце вы?”
(Марачкін: ) “Гэта ўчарашні дзень, калі нас вучылі, што вартасьць твору ў тым, як ён працуе на камунізм. Значыць, і сёньня вартасьць твору будзе вызначацца тым, як ён упісваецца ў ідэалёгію прэзыдэнта. Гэта абсалютна непрымальна. Паўтаруся, гэта ўчарашні дзень”.
(Скобла: ) “Кіраўнік нашай краіны – вялікі прыхільнік рынку й час ад часу нагадвае беларускім вытворцам, каб яны думалі пра канкурэнтназдольнасьць свайго тавару. Тое ж гаворыцца і ў дачыненьні да культуры: дайце мне фільм, які можна будзе выгодна прадаць, дайце мне аркестр, які на замежных гастролях заробіць для краіны валюту, дайце мне кнігу…”
(Бураўкін: ) “На сустрэчы, наколькі я памятаю, было сказана больш рэзка: а наагул, ці ёсьць беларуская літаратура? Гэта мяне ня толькі ўразіла, але й абразіла, нават кінула ў роспач. Калі на пачатку ХХІ стагодзьдзя зьяўляюцца людзі, якія сумняюцца ў існаваньні беларускай літаратуры, то пра якую ідэалёгію, пра якую культуру й нацыянальную годнасьць можна гаварыць?
Пасьля таго, як прайшоў першы шок, я задумаўся: а сапраўды – ці ёсьць яна, тая літаратура? Я ня ведаю, каго чытае й каго любіць кіраўнік краіны, але ж ёсьць літаратура Купалы й Коласа, Багдановіча й Гарэцкага, Куляшова й Мележа, Панчанкі й Быкава. Гэта ўжо клясыка. А ёсьць жа яшчэ літаратура сёньняшняя, у якой працуюць (я спэцыяльна назаву даволі многа прозьвішчаў): Янка Брыль і Рыгор Барадулін, Анатоль Кудравец і Ніл Гілевіч, Віктар Казько і Сяргей Законьнікаў, Янка Сіпакоў і Генрых Далідовіч, Алена Васілевіч і Данута Бічэль, Васіль Зуёнак і Аляксей Дудараў, Мікола Купрэеў і Ніна Мацяш, Уладзімер Някляеў і Іван Пташнікаў, Алесь Разанаў і Ўладзімер Арлоў, Анатоль Вярцінскі і Віктар Карамазаў, Уладзімер Паўлаў і Алесь Пісьмянкоў, Леанід Дранько-Майсюк і Анатоль Сыс… Я мог бы працягваць і далей.
Я назваў прозьвішчы, вядомыя ня толькі ў Беларусі. Зусім нядаўна я, рыхтуючы кнігу ўспамінаў пра Васіля Быкава, гаварыў з кіргізам Чынгізам Айтматавым, зь літоўцам Міколасам Слуцкісам, з украінцамі Дзьмітром Паўлычкам і Іванам Драчом, з расейцам Рыгорам Бакланавым. Вось яны й не сумняюцца, што ёсьць вялікая беларуская літаратура. Як можа ў галаву чалавеку прыйсьці думка, што яе няма?! Калі гэты чалавек не чытае нічога, гэта ня значыць, што літаратуры няма”.
(Марачкін: ) “Сказанае кіраўніком дзяржавы пра літаратуру сапраўды абраза. Цытую на мове арыгіналу: “Извините за грубость, а есть ли вообще эта белорусская литература?” Мяне зьдзівіла, што прысутныя на сустрэчы “праглынулі” гэтую несусьвеціцу. Ніхто й словам не запярэчыў. Я не магу сабе ўявіць, каб Кучма ці Квасьнеўскі ляпнулі нешта падобнае. А перад інтэлігенцыяй прэзыдэнт сустракаўся з высокапастаўленымі чыноўнікамі КДБ й застрашваў іх – я вас не баюся, бо ў мяне яшчэ ёсьць структуры. Якія структуры? Ці не “эскадроны сьмерці” меліся на ўвазе? І гэта гаворыцца перад сустрэчай з інтэлігенцыяй! Я думаю, гэта невыпадкова. Ды і з кім ён там сустракаўся? З прафільтраванай Мінкультам часткай інтэлігенцыі, якая маўкліва сядзела й слухала. Я магу параўнаць выступ кіраўніка краіны з прымяненьнем псыхатропнай зброі, якая падаўляе волю людзей. Калі ён сёньня сказаў: ці ёсьць беларуская літаратура, то празь дзесяць гадоў скажа: а ці ёсьць увогуле беларускі народ? Я напрыклад, чакаю, але ня думаю, што Лукашэнка адважыцца сустрэцца са мною, з Генадзем Бураўкіным, з Алесем Разанавым, з Алесем Пушкіным – нонканфармістамі, якія маюць сваю, адрозную ад афіцыйнай, думку”.
(Бураўкін: ) “Усе гэтыя выказваньні Лукашэнкі невыпадковыя й добра ўпісваюцца ў агульны кантэкст змаганьня зь беларушчынай. Як можа любіць беларускую літаратуру чалавек, які не валодае беларускай мовай? Ён гаварыў: дайце мне кніжку хоць бы як у Мележа. А хто яму дасьць? У яго атачэньні няма людзей, якія валодаюць беларускай мовай. А потым, гляньце, якое зачараванае кола: дайце яму кнігу, а кнігі беларускія дзяржава не выдае, забараняе, не пускае да людзей. А потым, даруйце, столькі часу была слаўная беларуская літаратура, якая атрымлівала найвышэйшыя ўзнагароды, Ленінскія прэміі, цанілася на міжнародным рынку, і раптам за апошнія дзесяць гадоў зьнікла. Зьніклі таленты, зьніклі творы. Дык хто ж у гэтым вінаваты, хто да гэткага давёў? Да чаго ж дайшла дзяржава са сваёю палітыкай у галіне нацыянальнай і галіне творчай?!”
(Скобла: ) “На сустрэчы кіраўнік краіны заявіў, што ніякага супрацьстаяньня ўлады й творчай інтэлігенцыі няма. І праўда, у словах выступоўцаў асаблівых прэтэнзій да Лукашэнкі не было. Дык мо й праўда настае нейкае падабенства згоды паміж уладай і хоць бы часткай інтэлігенцыі?”
(Марачкін: ) “Пра якую згоду можна гаварыць? Вы запытайце мастакоў: што сёньня купляе дзяржава для нацыянальных музэяў, і вы будзеце ў роспачы. Усе выставы ладзяцца выключна на энтузіязьме мастакоў, дзяржава не дапамагае. Лукашэнка заўсёды гаворыць, што ён супраць падзелу творцаў на правых і левых, на тых, якія, маўляў, служаць народу, і на “перевёртышей” з кукішам у кішэні. Маўляў, нам такія творцы не патрэбныя. Як непатрэбныя й тыя, хто “будзе церціся аб маё калена, прасіць падаяньне”. Дык на той сустрэчы мастакі й музыкі толькі й рабілі, што прасілі падаяньне з барскага стала”.
(Скобла: ) “Пра гэта – пазьней. Гаворачы пра творчую інтэлігенцыю, Аляксандар Лукашэнка заўсёды не прамінае назваць некалькі імёнаў “няўдзячных”, на яго думку, творцаў, якія ў свой час мелі ад улады ўзнагароды, а сёньня гэтую ўладу крытыкуюць. Гучала на мінулай сустрэчы й імя Генадзя Бураўкіна, праўда, кіраўнік краіны блытаўся й казаў то “Бураўкін”, то “Барадаўкін”. Вы зьмянілі прозьвішча, спадар Генадзь?”
(Бураўкін: ) “Гэта ў яго гумар такі. Ён, відаць, такім чынам аб’яднаў нас з Барадуліным”.
(Скобла: ) “А тое, што кіраўнік краіны не-не ды й згадвае вас, вам прыемна ці наадварот?”
(Бураўкін: ) “Прыемнага тут мала. Але за што ён мяне папракае? Я меў узнагароды не ад гэтай улады, і гэтай уладзе я нічым не абавязаны. Ад сёньняшняй улады я апрача зьняваг, прычым ня толькі мяне, але й маіх найбліжэйшых сяброў, ня меў. Колькі абразаў наслухаліся ад вышэйшай асобы дзяржавы нябожчык Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі?! Таму – дзе з майго боку няўдзячнасьць? Ад гэтай улады нічога добрага апошнім часам я й не чакаю”.
(Скобла: ) “Тэма адносінаў улады й творчай інтэлігенцыі на мінулым тыдні актыўна абмяркоўвалася ў дзяржаўных СМІ. Публічна пахвалены прэзыдэнтам тэлежурналіст з АНТ Юры Шынкар даводзіў, што час прыдворных творцаў мінуў. І тут жа гаварыў пра тое, што дзяржаўная падтрымка будзе аказвацца ня ўсім творцам, а толькі тым, хто не “палітыканствуе”. Дык ці мінуў час прыдворнага мастацтва?”
(Марачкін: ) “Ёсьць мастацтва й ёсьць не мастацтва, без усякіх прыметнікаў, вось і ўсё. Пра падзел на “нашых” і “ня нашых” на мінулай сустрэчы гаварылася як ніколі часта. І запрашаліся на сустрэчу толькі “нашыя”. У цывілізаваных дзяржавах, наадварот, прыслухоўваюцца да іншадумцаў, да тых, хто думае нестандартна. У нас жа “ворагі” шукаюцца нават там, дзе іх няма. На мінулай сустрэчы ўвогуле з вуснаў кіраўніцтва краіны не прагучала нічога пазытыўнага”.
(Скобла: ) “У сваёй лекцыі “Дзяржава й творчая асоба”, прачытанай сёлета ў Акадэміі мастацтваў і выдадзенай, дарэчы, асобнай кніжкай, кіраўнік краіны заявіў, што ён сваю частку шляху насустрач творчай інтэлігенцыі прайшоў. Цяпер, маўляў, чарга за самой творчай інтэлігенцыяй. Дык ці магчымыя ў такой сытуацыі крокі насустрач?”
(Бураўкін: ) “Пасьля таго, як ён у чарговы раз выліў вядро памыяў на тую самую творчую інтэлігенцыю? За апошнія гады я ня бачыў ніводнага сьведчаньня, што кіраўнікі краіны чытаюць мастацкую літаратуру, слухаюць музыку, ходзяць на спэктаклі. У мяне такое ўражаньне, што гэтыя людзі ня ўмеюць чытаць! Улада не павінна любіць усіх сваіх творцаў, нават таленавітых. Але паважаць іх, не перашкаджаць ім разумная ўлада абавязаная”.
(Марачкін: ) “Асабіста я не магу ісьці насустрач эстэтычным запатрабаваньням кіраўніка краіны. Памятаеце фільм пра яго, дзе ён граў на баяне сваю любімую песьню “Вместо строчки только точки…”? Я не магу пагадзіцца з гэткім эстэтычным густам. Лукашэнка наведваўся на выставу мастака Аляксея Кузьміча, які робіць васковыя фігуры на палотнах. Гэткую эстэтыку я таксама не прымаю”.
(Скобла: ) “Сустрэчы прэзыдэнта з творчай інтэлігенцыяй не адбывюцца часта, у кожным разе яны пазначаюць пэўныя тэндэнцыі. Якіх зьменаў вы чакаеце ад апошняй?”
(Бураўкін: ) “Гэтая сустрэча прадэманставала, па-першае, вельмі сумную рэч – наша ўлада вельмі далёкая ад творчай інтэлігенцыі, ад беларускай культуры, ад нацыянальнай ідэі. Па-другое, тое, што паміж словамі й справамі прэзыдэнта – агромністы разрыў. Ён кажа – нельга дзяліць інтэлігенцыю на нашых і чужых, на тых, хто славіць і на тых, хто носіць кукіш у кішэні. А на справе? Каго ён паклікаў на сустрэчу? Толькі тых, хто славіць, хто калі й трымае кукіш у кішэні, то вельмі далёка, і хоча намацаць тым кукішам нейкую дзяржаўную капейку. Ніякага зруху да большай дэмакратычнасьці ў адносінах улады з творчай інтэлігенцыяй, на вялікі жаль, няма й не прадбачыцца”.
(Марачкін: ) “Я хацеў бы ад гэтай улады аднаго – каб яна ня ўмешвалася ў творчы працэс. Каб не здымала карціны з выставаў. Каб не перашкаджала. Мастацтва й безь дзяржаўнай падтрымкі жыло, жыве й будзе жыць, але яно магло б прыносіць большую карысьць людзям і беларускай ідэі. На жаль, гэтага не адбываецца”.