Уладзімер Клімовіч: “Мэксыка — антыпод Беларусі”

Міхась Скобла, Менск

Уладзімера Клімовіча ў Менску пазнавалі на вуліцах — дзякуючы ягонай тэлепраграме “Землякі”. Ён займаўся прадпрымальніцтвам, пісаў кнігі, сьпяваў пад гітару ўласныя песьні. Аднак сямейныя абставіны склаліся так, што месцам жыцьцёвага прыстанку давялося абраць далёкую Мэксыку. Упершыню за тры гады Ўладзімер прыехаў на Радзіму і завітаў да нас у “Вольную студыю”.

(Скобла: ) “Уладзімер, у Беларусі ў цябе была свая праграма на тэлебачаньні, выходзілі кнігі, магнітаальбомы тваіх песьняў. Не шкада было ўсё гэта кінуць і зьехаць у Мэксыку?”

(Клімовіч: ) “Было вельмі й вельмі шкада. Ужо нават прадаўшы кватэру ў Менску, каб не з пустымі кішэнямі ехаць, разьвітаўшыся з роднымі й сябрамі, я ўсё адно апошнія дні прачынаўся сярод ночы, ускокваў і казаў сам сабе: “Божа, я правільна раблю ці няправільна? Куды я еду — за трыдзевяць зямель?! Праз увесь Ціхі акіян! А Мэксыка мне малявалася смутна. Я толькі ведаў, што там індзейцы й катусы”.

(Скобла: ) “У цябе ж кніжка называлася “Лаліта й катус”. Значыць, было нейкае прадчуваньне?”

(Клімовіч: ) “Магчыма. Яшчэ зь дзяцінства я рабіў лукі са стрэламі, і мы з хлопцамі гулялі ў вайну. Ня ў немцаў і партызанаў, а ў індзейцаў. У нашай вёсцы была папулярная толькі гульня ў індзейцаў!”

(Скобла: ) “І як хутка табе ўдалося інтэгравацца ў мэксыканскае жыцьцё?”

(Клімовіч: ) “Ой, няхутка. Я прыехаў туды з трыма гішпанскімі фразамі: “буэнас ночэс” (“дабранач”), “буэнас цардэс” (“добры вечар”) і “бэссамэ, бэссамэ мучо” (“цалуй, цалуй мяне многа разоў”). І ўсё! Найпершай праблемай было — зламаць моўны бар’ер. І я пайшоў па вуліцах шукаць сабе працу. Зайшоў у булачную, па-іхнаму “панэдэрыя”, і ўбачыў, што на сьцяне вісіць аб’ява: патрабуюцца рабочыя, якія могуць прадаваць булачкі, мыць падносы й рабіць усё астатняе”.

(Скобла: ) “Ты ў Менску быў даволі вядомай асобаю, а тут — булачкі прадаваць. Відаць, няпроста было заціснуць гонар у кулак?”

(Клімовіч: ) “Яшчэ як няпроста! Літаральна сьцяўшы сківіцы! Давялося забыць, што я — беларускі пісьменьнік, вядучы папулярнай тэлеперадачы, што ў мяне прасілі аўтографы на вуліцах! Я зайшоў у кабінэт дырэктара булачнай. “Што вы хочаце, малады чалавек?” — спытаўся ён. (Я пайшоў з жонкай, яна трохі ведала гішпанскую і перакладала.) Кажу — дазвольце ў вас папрацаваць. Добра, кажа, прыходзьце з паперамі. Назаўтра я паклаў перад ім: свой пісьменьніцкі білет, усе свае кніжкі, касэты, дыплём Беларускай акадэміі мастацтваў з запісам “актор тэатру й кіно”, а таксама накіраваньне ад Беларускага тэлебачаньня”.

(Скобла: ) “І якая была яго рэакцыя?”

(Клімовіч: ) “Роўна дзьве хвіліны ён маўчаў, разглядаў і перакладаў мае паперы. А потым абурана запытаўся: “Вы зь мяне зьдзекуецеся?! Вам трэба працаваць у тэатры ці на тэлебачаньні, а не ў мяне!” “Але ж я ня ведаю мовы, дазвольце мне папрацаваць у вас, каб падвучыць мову”. Я пераконваў дзядзьку цэлую гадзіну, але пераканаў! Мы заключылі кантракт на месяц. І я пачаў працаваць. Праз два тыдні ён падышоў і кажа: “Мне падабаецца, як вы працуеце, і я хачу вас павысіць. Вы будзеце лічыць булачкі. Вы ж эўрапеец, сумленны чалавек, вы прыходзіце своечасова на працу”. Ох, і павучыў я мову — адных найменьняў булачак з тае пары ведаю каля 300!”

(Скобла: ) “А які занятак у Мэксыцы ты маеш сёньня?”

(Клімовіч: ) “Мой бізнэс зьвязаны з аўтамабілямі. Я маю лот — так называюць у Мэксыцы аўтакраму пад адкрытым небам. Я прадаю машыны”.

(Скобла: ) “У якой мясцовасьці ты жывеш?”

(Клімовіч: ) “Зь мясцовасьцю мне пашанцавала. Я жыву ў Гуанахуата, гэта невялікі гарадок накшталт маёй Ліды, каля якой я нарадзіўся. Але ў адрозьненьне ад Ліды ён добра захаваўся з каляніяльных часоў, з часоў заваяваньняў гішпанскага калянізатара Картэса. У Гуанахуата ёсьць музэй мумій — такіх толькі два ў сьвеце, яшчэ адзін у Японіі. У Мэксыцы зямля такая багатая на мінэралы, што нябожчыкі праз шэсьць гадоў становяцца муміямі, можна выкопваць і прадаваць у Японію, у музэй. Гуанахуата называюць жамчужынай Лацінскай Амэрыкі, гэта горад фэстываляў. На фэстываль Сэрванціна туды прыяжджаюць госьці з усяго сьвету — з Эўропы, зь Японіі й Аўстраліі нават. Выступіць на ім лічыцца вялікім прэстыжам. Праводзіцца там таксама фэстываль кветак — усе вуліцы запоўненыя букетамі! Увогуле, у Мэксыцы, нягледзячы на сьпякотнае сонца, дыхаецца надзвычай лёгка, на гэтую краіну дыхаюць адразу два акіяны! Але як падумаеш, што Беларусь знаходзіцца на супрацьлеглым баку Зямлі... Я неяк зірнуў на глёбус — Мэксыка і Беларусь — антыподы”.

(Скобла: ) “Ты так захоплена распавядаў пра Мэксыку, што відно — ты там прыжыўся. А якія ўражаньні ад радзімы пасьля амаль трохгадовай адсутнасьці?”

(Клімовіч: ) “Ад Менску ўражаньні вельмі прыемныя. Начная сталіца стала эўрапейскай. Ноччу я саджуся ў легкавік і еду па праспэкце Францішка Скарыны, па Партызанскім і бачу, што аблічча гораду зьмянілася да лепшага — самі будынкі, падсьвятленьне. Што да Лідчыны, то тут уражаньні супярэчлівыя. Відаць, у Беларусі яшчэ не прысьпеў час для малых гарадоў, эканамічная сытуацыя ня высьпела. А родная вёска сустрэла мяне ўсхваляванымі крыкамі дзяўчат. Рэч у тым, што я прыехаў у вялікім белым самбрэра й чырвоных чарапахавых чаравіках. І калі ішоў па вуліцы, дзяўчаты крычалі — вось гэта крута!”

(Скобла: ) “Мэксыка знаходзіцца на сумежжы дзьвюх Амэрык, на мяжы этнасаў. Пэўнае ўяўленьне пра тамтэйшы народ дае характарыстыка мэксыканскага пісьменьніка Актавія Паса, дадзеная яму калегам. Той называе Паса “сынам Мэксыкі, братам Лацінскай Амэрыкі, пасынкам Гішпаніі, прыёмным сынам Францыі, сямейным сябрам Японіі і пазашлюбным сынам Злучаных Штатаў Амэрыкі”. Як у гэткім канглямэраце разабрацца: хто свой, хто чужы, хто каму сват, хто каму брат?”

(Клімовіч: ) “Сапраўды, дзіўная сытуацыя. Са словам “Мэксыка” аднакарэннае вядомае нам слова “міксэр”. У Мэксыцы, як у міксэры, усё зьмяшалася. Мэксыканцы, напрыклад, проста шалеюць ад Борхэса. Скажам, на якім-небудзь афіцыйным банкеце пасьля трэцяй чаркі тэкілы можа падняцца мэр гораду ці які іншы начальнік і чытаць на памяць Борхэса! У Гуанахуата, як я ўжо сказаў, адбываюцца фэсты Сэрванціна. І любы мэксыканец скажа: Сэрвантэс — наш пісьменьнік! Борхэс — наш пісьменьнік! Я кажу: хлопцы, я ведаю яшчэ аднаго вашага пісьменьніка, на Кубе жыў, — Хэмінгуэя. Яны кажуць — не, гэта ня наш пісьменьнік, бо лепшыя свае рэчы напісаў па-ангельску”.

(Скобла: ) “А сваіх, сапраўдных мэксыканцаў, яны чытаюць?”

(Клімовіч: ) “Чытаюць і паважаюць. Але ўсіх пісьменьнікаў, якія пісалі й пішуць па-гішпанску, яны лічаць сваімі. І тым самым узбагачаюць сваю нацынальную культуру. Яны ўдзячныя Гішпаніі, удзячныя свайму заваёўніку Картэсу, які разам з заваяваньнем прынес культуру, адукацыю. Зь Гішпаніяй у Мэксыкі самыя сяброўскія адносіны. А яшчэ яны працягваюць любіць Савецкі Саюз. І калі даведваюцца, што я з былога СССР, то кажуць: паважаны Блядзімір...”

(Скобла: ) “?”

(Клімовіч: ) “Яны ня могуць вымавіць ані “Ўладзімер”, ані “Владзімір”, усё адно атрымліваецца “Блядзімір”. Спачатку я крыўдаваў, а потым махнуў рукою — называйце хоць гаршчком, толькі ў печ ня стаўце. Ну што зробіш, такое вымаўленьне ў гэтага народу”.

(Скобла: ) “Мэксыка й мэксыканцы сапраўды выртыя зьдзіўленьня. Яшчэ й таму, што апошнія паўстагодзьдзя прэзыдэнты там зьмяняюцца кожныя шэсьць гадоў. Адбыў адзін тэрмін — і сыходзіць. Як там удалося дасягнуць такой дэмакратыі?”

(Клімовіч: ) “На Мэксыку моцна ўплываюць ЗША — з гэтай краінаю вельмі доўгая мяжа й вельмі цесныя стасункі. Мэксыканскаму прэзыдэнту і ў галаву не прыходзіць застацца на другі ці трэці тэрмін. Шкада, што ў маёй Беларусі так не адбываецца. Але тут ня толькі віна прэзыдэнта, але й выбаршчыкаў. Дарэчы, мэксыканцы зьдзіўляліся, калі Лукашэнку абралі на новы тэрмін, для іх гэта незразумела”.

(Скобла: ) “Прыгаданы ўжо Актавія Пас пісаў, што “палітычная ўлада стэрылізуе мастака”. У нас ахвотнікі на стэрылізацыю час ад часу знаходзяцца. А ў Мэксыцы?”

(Клімовіч: ) “Палітычны ціск зьнішчае мастака. У Мэксыцы няма цэнзуры на тэлебачаньні. Там у жывым эфіры ідуць палітычныя шоў, дзе крытыкуецца замежная ці ўнутраная палітыка дзяржаўных уладаў. СМІ там змагаюцца за дабрабыт народу, ва ўсім астатнім ніякіх абмежаваньняў няма. Калі прэзыдэнт робіць памылку, скажам, падпісаўшы нейкую дамову з ЗША, пра гэта адкрыта гаворыцца ў жывым эфіры!”

(Скобла: ) “Да ад’езду ў Мэксыку ты ў Менску заснаваў прэмію “Пэрспэктыва” — для падтрымкі маладых талентаў. І яе нават атрымалі некалькі шчасьлівых ляўрэатаў. Якім будзе яе лёс, ці спадзявацца маладым на пэрспэктыву ад Уладзімера Клімовіча?”

(Клімовіч: ) “Прэмія “Пэрспэктыва” — адзін з маіх самых дарагіх успамінаў. Я думаю яе аднавіць, каб падтрымаць беларускую маладую літаратуру, каб у пачаткоўцаў была надзея і ўпэўненасьць, што іх чытаюць, што яны патрэбныя. Праўда, лёс прэміі будзе залежаць ад майго мэксыканскага бізнэсу. Але я перакананы, што ў нас усё атрымаецца”.