Алесь Краўцэвіч: "У выкладчыкаў Лукашэнкі трэба адабраць пэнсіі".

Міхась Скобла, Менск

Кажуць, што калі гісторыя цікавая для гісторыкаў, то для сучасьнікаў яна мае быць сумнай. Пэўна ж, тут ёсьць свая рацыя, і той "новы а мудры гісторык", што вывучацьме наш час, ня будзе пакутаваць ад недахопу фактаў, гераічных ды трагічных асобаў.

Сёньняшні наш госьць — гісторык з Горадні Алесь Краўцэвіч, аўтар васьмі кніг, знаўца беларускага Прынямоньня, на пачатку 1990-х гадоў — першы прарэктар Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

(Міхась Скобла: ) "Алесь, вось я трымаю ў руках тваю новую кнігу "Стварэньне Вялікага Княства Літоўскага". І першае пытаньне напрошваецца вось якое. Ты беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, выкладчык Гарадзенскага дзяржунівэрсытэту, а праца твая выйшла ў польскім горадзе Жэшаве пад грыфам тамтэйшага ўнівэрсытэту Марыі Кюры-Складоўскай. Чаму так сталася?"

(Алесь Краўцэвіч: ) "Гэта ўжо другое выданьне. Першае выданьне павінна было падрыхтаваць выдавецтва "Беларуская навука", зь якім я супрацоўнічаю ўжо каля дзесяці гадоў — выдаў там пяць сваіх кніг. Але выдавецтва адказала, што Дзяржаўны камітэт у справах друку адмовіўся фінансаваць маю кнігу.

Зь яе выданьнем была цэлая гісторыя. Супрацоўнікі выдавецтва хавалі кнігу ў розныя рубрыкі выдавецкага пляну, а чыноўнікі Дзяржкамдруку знаходзілі яе й выкідалі. Афіцыйнае тлумачэньне адно — бракуе грошай. Але па неафіцыйных зьвестках, я знаходжуся ў чорным сьпісе аўтараў, непажаданых для сёньняшняга рэжыму.

Мне ўдалося выдрукаваць 300 асобнікаў уласным коштам, дзякуючы дапамозе добрых людзей, якія ў прыватнай друкарні на ашчаджанай паперы за мае ўласныя грошыкі надрукавалі гэтыя 300 асобнікаў. Аказалася, што гэтага мала. І ў Жэшаве, дзе я часам чытаю лекцыі, унівэрсытэт пайшоў насустрач і фінансаваў выданьне 1000 асобнікаў кнігі па-беларуску.

Апрача гэтага, Фонд Сораса ў Парыжы дапамог выдаць яшчэ 1000 асобнікаў — у той жа друкарні ў Польшчы. Мне ўдалося перавезьці ўвесь наклад у Беларусь, і цяпер кніга распаўсюджваецца праз сыстэму друкарняў і праз унівэрсытэты".

(Скобла: ) "Дзясяткі гадоў савецкія гісторыкі нам даводзілі, што Літва (мелася на ўвазе — балцкія плямёны) у старажытны час захапіла сучасныя беларускія землі. Мікола Ермаловіч у свой час аргумэнтавана даказваў адваротнае — што славяне захапілі й асымілявалі балтаў.

Ты ж прапануеш новую канцэпцыю й трактуеш Вялікае Княства як балцка-славянскую біэтнічную дзяржаву, дзе ніхто нікога не заваёўваў, а ўсё абышлося мірна. Якія гістарычныя факты паслужылі падмуркам для падобнага цьверджаньня?"

(Краўцэвіч: ) "Рэцэнзэнты, якія прыпісваюць мне прынцып дасьледаваньня — быццам я ад пачатку імкнуся нешта даказаць, памыляюцца. Я бяру сукупнасьць гістарычных фактаў, наяўных крыніцаў — і раблю высновы. У сваёй кнізе я разглядаю працэс утварэньня дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага на асноведзі самай буйной зьявы ў нашай гісторыі — працэсу балта-славянскіх кантактаў.

Ён добра вывучаны, ён паказвае, што ўсё адбывалася мірна, што славяне з балтамі ўзаемадзейнічалі, абменьваліся культурай, і — узьнікаў новы этнас — беларусы. Гэтая дзяржава зьявілася ў кантактнай зоне — на Панямоньні, паміж балтамі й славянамі, і была вынікам і праявай гэтых кантактаў.

Штуршком да ўтварэньня дзяржавы стала пагроза з боку татара-манголаў і Тэўтонскага ордэну, калі была разбураная этна-палітычна-культурная сыстэма Ўсходняй Эўропы. Мясцовыя балты й славяне аб'ядналіся, каб абараніць сваю тэрыторыю ад ворагаў. Я не хацеў ад пачатку даказваць біэтнічнасьць ВКЛ, гэта прыйшло само па сабе, на аснове аналізу фактаў.

На жаль, мая канцэпцыя была вельмі нэгатыўна ўспрынятая ў літоўскім друку. Нашы паўночныя суседзі ўжо выпрацавалі свой погляд на гісторыю ВКЛ і цяпер проста ня церпяць нічога іншага, нейкай альтэрнатывы. У іхных паглядах на ВКЛ вельмі мала месца адводзіцца беларусам. Як быццам мы не існавалі. І калі мы заяўляем, што мы там таксама мелі месца, што ВКЛ — таксама й наша спадчына, наша агульная дзяржава, гэта выклікае ў літоўцаў як найменш раздражненьне. Дыялёг зь літоўскімі калегамі адбываецца вельмі цяжка".

(Скобла: ) "Давай вернемся з часоў ВКЛ у Рэспубліку Беларусь. Днямі пабачыла сьвет першая частка апошняга тому "Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі", выходзіць трохтамовік "Археалёгія Беларусі". Маем гістарычныя дзяржаўныя й недзяржаўныя часопісы... Як бы й няблага ўсё. Як бы ты ахарактарызаваў стан сучаснай гістарычнай навукі?"

(Краўцэвіч: ) "Галоўнай зьявай у сучаснай беларускай навуцы зьяўляецца раскол у асяродзьдзі гісторыкаў. Існуюць дзьве процілеглыя плыні гістарычнай навукі. Да першай належаць гісторыкі, якія пішуць гісторыю краіны як суб'ектную й бачаць Беларусь суб'ектам уласнай гісторыі. Да другой плыні належаць тыя, хто рэанімуе каляніяльную гісторыю Беларусі. Яна сёньня штучна рэанімаваная праз палітыку ўлады. Вяртаюцца старыя савецкія канцэпцыі.

Гэта вельмі цікавая зьява — раскол нам паказаў, хто ёсьць хто. Гісторыкі, якія ўсе на пачатку 1990-х гадоў парабіліся патрыётамі Беларусі, сёньня сталі на свае месцы. Нацыянальныя гісторыкі, якія пішуць суб'ектную гісторыю Беларусі, захавалі вернасьць свайму выбару. А тыя прыстасаванцы, супрацоўнікі прапагандысцкага апарату камуністычнай партыі, зноў вярнуліся на старыя пазыцыі.

Пра гэта ня любяць гаварыць, гэта стараюцца не афішаваць, не паказваць, але гэта рэальны факт, які зьяўляецца асноўнай праявай разьвіцьця сёньняшняй гістарычнай навукі. Самае непрыемнае, што сёньня ўлада штучна адмяжоўвае нацыянальных гісторыкаў ад уплыву на масавую сьвядомасьць".

(Скобла: ) "Мы з табой належым да таго пакаленьня, якое гісторыю сваёй Радзімы вымушанае было шукаць дзе толькі магчыма, паколькі ў школьных, а пасьля й ва ўнівэрсытэцкіх падручніках яе было небагата. Да гэтай пары ўваччу стаіць зялёная "Гісторыя БССР", аўтарамі якой былі Баранава й небезьвядомы Абэцэдарскі. За 10 гадоў незалежнасьці беларускія школьнікі ці атрымалі падручнікі з праўдзівым выкладам айчыннай гісторыі?"

(Краўцэвіч: ) "Першыя "незалежніцкія" падручнікі на пачатку 1990-х ствараліся вельмі хутка, у аварыйным тэмпе. Яны былі недасканалыя, але з гледзішча асьвятленьня гісторыі краіны яны былі цікавымі й вартымі. На жаль, іх не ўдалося дапрацаваць, бо з 1994 году, пасьля абраньня на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, пачалася рэанімацыя ды імітацыя савецкай мадэлі грамадзтва, якая прадугледжвае падпарадкаваньне гісторыі й гісторыкаў ідэалягічным задачам рэжыму.

Гэта сёньня вельмі выразна відаць. Улада спрабуе прымусіць гісторыкаў да ідэалягічнай абслугі рэжыму. З гэтай мэтай праводзіцца моцны ціск на гісторыкаў. Напрыклад, Інстытут гісторыі Акадэміі навук практычна пазбаўлены фінансаваньня, супрацоўнікам плацяць мізэрныя заробкі, не даюць грошай на камандыроўкі, на выданьне навуковых працаў. І гэта — вядучая акадэмічная ўстанова краіны!

А ўсё таму, што гісторыкі ня хочуць пісаць так, як таго жадаюць, прабачце, прыдуркі з адміністрацыі прэзыдэнта Лукашэнкі. Таму што пераважная бальшыня гісторыкаў, прафэсары, кандыдаты й дактары навук за гады беларускай незалежнасьці атрымалі пачуцьцё нацыянальнай і ўласнай годнасьці.

Яскравым сьведчаньнем таго, як улада спрабуе ціснуць на гісторыкаў, служыць адзін дакумэнт, які трапіў да мяне. Гэта рэзалюцыя Замяталіна ў бытнасьць яго віцэ-прэм'ерам на дакладной запісцы аднаго з чыноўнікаў апарату Савету Міністраў. Запіска прысьвечаная ацэнцы навучальнага дапаможніка па гісторыі Беларусі (аўтар Шарова). Былы палітрук Замяталін адрасуе сваю рэзалюцыю прэзыдэнту Акадэміі навук Вайтовічу, міністру адукацыі Стражаву, старшыні Дзяржкамдруку Падгайнаму, рэктару Белдзяржунівэрсытэту Казуліну. Падручнік ім ацэньваецца як "няправільны", які асьвятляе гісторыю Беларусі ня так, як таго патрабуе ўлада.

Замяталін уласнаручна піша: "Фальсификация, как тенденция, прежде всего в истории, всё ещё навязывается и существует в науке и образовании. Причины, вероятно, в следующем: хроническая беспринципность ответственных должностных лиц; отсутствие единого государственного взгляда на историю страны в соответствии с требованиями Президента Республики Беларусь и осуществляемой государственной политикой". І ў сувязі з гэтым прапаноўваецца прыняць "комплексныя меры".

Зноў паўтараецца мінулае, калі інструктар з ЦК КПБ прыходзіў у Інстытут гісторыі й вучыў, як пісаць гісторыю Беларусі. Не кандыдаты й дактары гісторыі, не прафэсіяналы ведаюць, як пісаць гісторыю краіны, а недавучаны чыноўнік, які, маючы дзьве вышэйшыя адукацыі, не навучыўся гаварыць ні на воднай славянскай мове! Натуральна, гісторыкі супраціўляюцца гэтаму дыктату, хто ціха, а хто й адкрыта".

(Скобла: ) "Летась ты быў адным з заснавальнікаў і ёсьць ці ня самым актыўным сябром "Беларускага гістарычнага таварыства". Што ўяўляе зь сябе гэтая арганізацыя ды якія ў яе мэты?"

(Краўцэвіч: ) "Беларускае гістарычнае таварыства" — гэта агульнакраёвая арганізацыя беларускіх гісторыкаў, якая ўжо налічвае каля сотні сяброў. Фармальны мінімальны крытэр сяброўства — ступень кандыдата навук. Мы арганізоўваем свае навуковыя канфэрэнцыі, выдаем у Горадні свой "Гістарычны альманах".

Наша задача — не вайна зь некім, не выкрыцьцё, наша задача — ствараць суб'ектную гістарыяграфію Беларусі. Мы дапамагаем арганізацыйна наладзіць спрыяльныя ўмовы для працы гісторыкаў, каардынуем навуковую дзейнасьць, падтрымліваем пэрспэктыўныя кірункі, дапамагаем маладым навукоўцам стаць на нагі, апублікавацца, зрабіць стажыроўку ў патрэбную бібліятэку ці архіў.

Сёньняшнія дзяржаўныя кіроўныя структуры ня ў стане каардынаваць разьвіцьцё гістарычнай навукі. Яны чакаюць указаньняў з палітычнай адміністрацыі. Гэтыя структуры зьяўляюцца прыдаткам апарату выканаўчай улады й падпарадкаваныя гэтаму апарату. Таму мы вырашылі, што мы самыя павінны арганізоўваць сваё навуковае жыцьцё. Мы вырашылі, што ніхто акрамя нас, гісторыкаў-прафэсіяналаў, ня ведае, як пісаць праўдзівую гісторыю нашай краіны. Я думаю, што ў таварыства ёсьць пэрспэктывы".

(Скобла: ) "Апошняе маё пытаньне мае крыху жартоўны характар. І тым ня менш, я спадзяюся пачуць на яго сур'ёзны адказ. У мінулым, падчас кіраваньня ў Беларусі былога партызана Машэрава, кажуць, няблага жылі й адпаведна шанаваліся былыя ўдзельнікі партызанскага руху. Сёньня ў Расеі, пры Пуціне, "воспряли духом" усе былыя й цяперашнія супрацоўнікі органаў. А як беларускія гісторыкі пачуваюць сябе ў краіне, якою ўжо восем гадоў кіруе гісторык паводле дыплёму?"

(Краўцэвіч: ) "У выкладчыкаў гістарычнага факультэту Магілёўскага пэдінстытуту, якія вучылі Сашу Лукашэнку, трэба адабраць пэнсіі! Наш прэзыдэнт любіць гаварыць, што ён — "экономист от рождения". Ён можа таксама сказаць, што ён — гісторык ад нараджэньня, але гэта не дадасьць яму ні ведаў, ні гістарычнага розуму. Каб тыя магілёўскія выкладчыкі хоць трохі вучылі Сашу Лукашэнку суб'ектнай праўдзівай гісторыі Беларусі, то, магчыма, і нам, гісторыкам, і ўсім беларусам сёньня жылося б трохі лягчэй".