Тэма "пісьменьнік і ўлада" неаднойчы закраналася ў нашай перадачы. І штораз, хоць і з пэўнымі агаворкамі, мае суразмоўцы — у пераважнай бальшыні самі творцы — сьцьвярджалі, што мастак павінен асьцерагацца абдымкаў улады, што сяброўскі хаўрус зь ёю прыносіць мастаку больш шкоды, чымся карысьці. Асабліва, калі паспрабаваць вызначыцца з пэўнай дыстанцыі, так бы мовіць, з гледзішча вечнасьці. Ды толькі й вечнасьць нярэдка ніцавока прымружвалася, залічваючы ў пантэоны несьмяротнасьці тых, хто яшчэ нядаўна сьпяваў хвалу дачасьнікам-уладатрымаўцам.
Але творцы (безьліч таму прыкладаў) ня толькі ўмелі дагадзіць уладзе, а й самі ішлі ва ўладу. Дастаткова згадаць кіраўніка ўраду Ваймарскага герцагства Ёгана Вольфганга фон Гётэ, міністра юстыцыі Расейскай імпэрыі Гаўрылу Дзяржавіна ці першага старшыню беларускага савецкага ўраду Цішку Гартнага...
Пісьменьнік ва ўладзе — гэтую тэму мы сёньня абмяркуем з былым сакратаром Ушацкага райкаму камсамолу, былым загадчыкам сэктару мастацкай літаратуры ЦК КПБ, сёньняшнім галоўным рэдактарам часопісу "Полымя" Сяргеем Законьнікавым.
Сяргей Іванавіч, вы працавалі ў ЦК КПБ з 1978-га па 1986-ы год — час, наскрозь пранізаны камуністычным фальшам. Як вам падабалася самая цэкоўская атмасфэра?
(Сяргей Законьнікаў: ) "Я прыйшоў працаваць у ЦК зь невялікай пасады — быў карэспандэнтам аддзелу літаратуры й мастацтва газэты "Звязда". У ЦК на працу мяне запрашалі тройчы, гаворачы: "Мы бярэм цябе не на вечнасьць, гады два папрацуеш, а потым мы цябе адпусьцім, будзеш займацца сваёй творчай працай".
Тады я яшчэ ня ведаў, што дзьверы ў ЦК шырока адчыненыя для тых, каго хацелі ўзяць туды на працу. А назад вырвацца было вельмі цяжка. Мне пазьней давялося чатыры разы пісаць заявы на звальненьне. А іх сакратар ЦК па ідэалёгіі браў, рваў і кідаў у сьметніцу. І давялося мне там адпрацаваць 8 гадоў і 5 месяцаў.
Што датычыць атмасфэры... Я меў там свой невялікі кабінэцік. Дык вось у ім перад паходам наверх, на пяты паверх, дзе сядзелі сакратары ЦК, ды й пасьля яго, рабілі перадышку падцэнзурныя пісьменьнікі ды іхны неўтаймоўны выдавец Міхал Дубянецкі. Тады ў кабінэціку ішло ў ход усё: і валідол, і нітрагліцэрына, і нецэнзурныя словы на адрас цэнзараў — і партыйных, і непартыйных. Асабліва не цырымоніўся Андрэй Макаёнак. Але лаянка ў ягоных вуснах гучала настолькі калярытна ды смачна, што ніколі ня рэзала вуха".
(Скобла: ) "Вы працавалі ў час Машэрава. Ён давяраў вам вырашэньне нейкіх адказных заданьняў?"
(Законьнікаў: ) "Пётар Міронавіч Машэраў браў мяне на работу — як асноўны працадаўца. Усё, як у савецкай арміі — першае афіцэрскае званьне прысвойвае міністар абароны. Любога інстуктара, загадчыка аддзелу запрашаў да сябе на гутарку Машэраў. Ён запытаўся: "Вы с желанием идёте к нам работать?" Я адказаў, што жаданьня ў мяне асаблівага не было, але мяне ўгаварылі.
Яшчэ нядаўна пра Машэрава ледзь не легенды расказвалі й пісалі. Машэраў, як і астатнія, шчыра верыў, што будзе пабудаваны камунізм, настане лепшае, сьветлае жыцьцё. Але пад лёзунгамі змаганьня за лепшае жыцьцё зачыняліся беларускія школы, асушалася Палесьсе... У той жа час шмат было зроблена, каб абараніць рэспубліку ад імпэрскіх памкненьняў Масквы.
Мне давялося прысутнічаць пры дзьвюх размовах Машэрава з Брэжневым. Мне Машэраў сказаў: не выходзь з кабінэту.
Хто сёньня ведае, што на пачатку 1980-х былі расстрэлы рабочых на Ўрале? Тады баставалі рабочыя — і на Ўрале, і на Алтаі, усюды. Даведзеныя голадам да такога стану, што гублялі прытомнасьць каля кавальскага стану. Было цяжка, і яны падняліся. Былі задзейнічаныя войскі. І вось Брэжнеў прасіў: дайце мяса".
(Скобла: ) "Гэта была просьба ці загад?"
(Законьнікаў: ) "Просьба, таму што на той час Беларусь у паўтара раза перавыканала той саюзны плян паставак па мясу й малаку, які быў ёй даведзены. Гэта быў чэрвень, і таму Машэраў сказаў Брэжневу, што мы ня можам загубіць усю сваю жывёлагадоўлю. Прасіў пачакаць да восені. Але ж мяса трэба было неадкладна, каб накарміць рабочых.
Гэта была вельмі цяжкая размова. Брэжнеў пры канцы яе нават вылаяўся. Але Машэраў усё ж настояў на сваім — фактычна адмовіў Генэральнаму сакратару ЦК КПСС. Паклаў слухаўку, як касец, выцер рукавом пот, і мне: "Вы ничего не слышали!"
(Скобла: ) "Прыгадайце два выпадкі са свайго васьмігадовага перабываньня ў ЦК. Якім сваім учынкам вы ганарыцеся, і за які вам сёньня сорамна?"
(Законьнікаў: ) "Я магу спакойна глядзець людзям у вочы. За той час, што я працаваў у ЦК, я ня зьдзейсьніў ніводнага подлага ўчынку.
Як вядома, у той час была цэнзура. Галоўны цэнзар — Галоўліт. А зь ім спаборнічаў у выкрываньні антысавеччыны аддзел прапаганды ды агітацыі ЦК. Вайна была зацяжная, зь пераменным посьпехам. Аднойчы і я, стомлены ды знэрваваны бясконцымі цэнзарскімі замашкамі аддзелу прапаганды ды агітацыі, прыйшоў да сакратара ЦК па ідэалёгіі Аляксандра Кузьміна.
"Аляксандар Трыфанавіч, мне надакучыла гэтая валтузьня паміж гестапа й абвэрам". Той ускрыкнуў: "Тихо, тихо! Какое гестапо, какой абвер?" А акурат у тыя дні ўся савецкая краіна глядзела тэлесэрыял "Сямнаццаць імгненьняў вясны", дзе была паказаная канкурэнцыя нямецкіх спэцслужбаў. "Як гэта якія? Гестапа — гэта аддзел прапаганды ды агітацыі, а абвэр — гэта Галоўліт. Паглядзіце, што робіцца. Мы стараемся абараніць ад сваіх ды маскоўскіх цэнзараў кожны таленавіты твор, а нашы суседзі пастаянна ўмешваюцца ў літаратурны працэс, крэсьляць рукапісы направа й налева".
Кузьмін замахаў рукамі: "Тихо, тихо! Не говори такое — Никулкин услышит". А Якаў Нікулкін узначальваў на той час КГБ БССР. Я наіўна пацікавіўся: "А што, Аляксандар Трыфанавіч, і вас праслухоўваюць?" Кузьмін памаўчаў: "Молодой ты ещё, неопытный. У нас всех и всё прослушивают". Гэтую фразу былога франтавіка, адважнага ваеннага лётчыка, вельмі вопытнага, умелага партыйнага апаратчыка я й цяпер часта ўспамінаю. Так што, у ЦК КПБ было сваё гестапа...
Таму што ўсё вярнулася на кругі свая, і вярнулася ў больш пачварнай форме. Прынамсі ў той час людзі не прападалі бясьсьледна...
Наш час я адным словам магу ахарактарызаваць — нягеглы. Усё, што робіцца ўладамі, робіцца прымітыўна".
(Скобла: ) "Якія літаратурныя творы ў той час забаранялі?"
(Законьнікаў: ) "Найперш прыгадваецца аповесьць "Мёртвым не баліць" Васіля Быкава. Трэба аддаць належнае дырэктару выдавецтва "Мастацкая літаратура" Міхалу Дубянецкаму, які зрабіў усё магчымае й немагчымае, каб гэтая аповесьць была надрукаваная ў быкаўскім чатырохтомніку. Нават тэлеграму ў ЦК КПСС даваў.
Помню, як Галоўліт затрымаў кніжку Пімена Панчанкі "Маўклівая малітва", адшукаўшы там 9 крамольных вершаў. Мне ўдалося іх усе адстояць, толькі ў адным зь вершаў аўтару давялося паправіць два радкі.
Ці возьмем кнігі Алеся Адамовіча. Рукапіс "Карнікаў" трапіў на стол Машэраву. Ён даручыў вырашыць лёс кнігі мне, свайму "юнаму экспэрту" (ён мяне так называў). А ў "Карніках" расказваецца пра тое, што і ў нашым народзе былі як героі, так і здраднікі. Што фактычна ў Беларусі грамадзянская вайна распачалася, калі брат-паліцай ішоў на брата-партызана. Кніга перавярнула мне ўсю душу, і я прыйшоў да высновы, што яе абавязкова трэба выдаваць. І яна пабачыла сьвет. І я ганаруся, што Адамовіч мне на ёй зрабіў такі надпіс: "Сяргею Законьнікаву, які спрыяў гэтай кнізе. 13.02.81". У мяне падобных надпісаў вельмі шмат.
Магу прывесьці аўтограф майго любімага пісьменьніка й сябра Ўладзімера Караткевіча (думаю, ён і на тым сьвеце пацьвердзіць, што я гавару праўду) на кнізе "Зь вякоў мінулых": "Міламу сябру Сяргею Іванавічу, Сярожу Законьнікаву, перад якім нізка схіляюць галовы вякі мінулыя". (Сьмяецца.) Ён любіў такія "размашыстыя" надпісы. Вякі перада мною галоў не схіляюць. Проста я ў сваім часе стараўся зрабіць нешта добрае".
(Скобла: ) "А ці заўсёды ўдавалася?"
(Законьнікаў: ) "На вялікі жаль, не. Сорамна й горка мне было вось ад чаго. Караткевічам была напісаная выдатная кніга пра Мсьціслаў. І вось калі яна рыхтавалася да друку, чорныя палкоўнікі — цэнзары, якія сядзелі ў Дзяржкамвыдзе і Галоўліце, на 50 адсоткаў зьнішчылі гэтую кнігу. І я мог бы яе ўратаваць... Але ў той час выходзіла яго другая, мастацкая, кніга, і да яе былі прэтэнзіі. І я як гандляром зрабіўся, падумаў — лепш няхай выйдзе мастацкая кніга, а тут ня буду ўмешвацца".
(Скобла: ) "Пасьля таго, як Бюро ЦК КПБ зацьвердзіла вас у якасьці галоўнага рэдактара часопісу "Полымя", вы ўздыхнулі з палёгкай ці з жалем? Няўжо, праходзячы міма ЦК, вас не цягнула настальгічна зазірнуць у вокны кабінэтаў з абавязковым партрэтам Леніна на сьцяне?"
(Законьнікаў: ) "Абсалютна не цягнула. У 1991 годзе адзін мой знаёмы маскоўскі выдавец прапаноўваў мне напісаць кнігу "Восемь лет в ЦК КПБ", гаворачы, што гэта будзе бэстсэлер. Я адмовіўся — не хацелася ўспамінаць той час, яшчэ раз перажываць тыя горкія хвіліны, калі ты проста ня мог зрабіць таго, што хацеў. Ды й служба была не раўнуючы як салдацкая.
Я вельмі люблю свой часопіс. Калі я прыйшоў сюды працаваць, то ў першы дзень мяне прадставілі калектыву начальнікі з ЦК. А назаўтра ў рэдакцыі паявіўся Васіль Быкаў. Я запомніў гэты дзень — 30 сьнежня. Была лёгкая ласкавая завея. Ён зайшоў у сваёй балёневай куртачцы, строс сьнег, паздароўкаўся з усімі й падышоў да мяне. А ў рукох у яго былі 9 ружаў. Быкаў працягнуў іх мне й сказаў: "Вазьмі. Ад сягоньняшняга дня ўсе свае буйныя рэчы я буду аддаваць у "Полымя". І я па сёньня ўдзячны яму за такі жэст, які быў мне, маладому, добрай падтрымкай.
А яшчэ пажыцьцёвай падтрымкай мне быў і застаецца мой бацька. І я сёньня хачу пакланіцца яму. Дарагі бацька, колькі памятаю, ты заўжды слухаў Радыё Свабода. Радыёпрыймач заўсёды каля твае падушкі. Ты мяне ўвесьчасна просіш — ня лезь нікуды, ты ходзіш па вастрыі ляза. Бацька, мілы, няма куды нам падзецца, і мы вымушаныя сёньня займацца неабходнай справай, бараніць самі сябе".
(Скобла: ) "І на падагульненьне — апошняе пытаньне. Незаменных людзей няма — мы памятаем гэтае крылатае выказваньне Язэпа Вісарыёнавіча. Дык ці варта пісьменьніку ісьці ва ўладу? Ці заменны ён там здольным на ўсе рукі чыноўнікам-функцыянэрам?"
(Законьнікаў: ) "Пісьменьніку перш, чым ісьці ва ўладу, трэба добра падумаць. Там можа справіцца чыноўнік. Свой талент губіць на арганізацыйныя справы ня варта, трэба пісаць. Прыгадваю свой жыцьцёвы шлях, пражытыя гады, і на памяць прыходзіць надпіс на кнізе "На крыжах" Васіля Быкава: "Сяргею Законьнікаву, зь якім разам вісець на крыжах — такая доля". Я за сваё жыцьцё страху нацярпеўся, таму сёньня анікога й анічога не баюся. І долю сваю мяняць не зьбіраюся".