ГАРАДЗЕНСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ЗМАГАЮЦЦА ЗА ПРАВА НА ПРАЦУ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Прадпрымальнікі стаялі на пляцы купкамі, каб іх не разганяла міліцыя. Яны паслалі сваіх прадстаўнікоў да старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі. Пакуль чакалі іх, адзін з прадпрымальнікаў сказаў пра агульную праблему:

(Прадпрымальнік: ) “Мы засталіся бяз працы. Куды нам пайсьці? На “Паўднёвым” рынку няма гандлю. Тут больш-менш нейкі гандаль быў. Пазбаўляюць апошняга кавалка хлеба”.

Старшыня аблвыканкаму паабяцаў аднак, што семдзесят гандляроў з рынку на вуліцы Паліграфістаў змогуць працаваць да першага чэрвеня. Пачуўшы пра гэта, прадпрымальнікі, якія сабраліся на пляцы Леніна, разышліся. Праўда, заўтра на рынак завітае камісія, каб пабачыць на месцы — што і як там прадаецца.

У студзені на гэтым рынку адбыліся хваляваньні. Улады вырашылі зьліквідаваць 150 вулічных гандлёвых намётаў. Прадпрымальнікі некалькі разоў хадзілі да гарвыканкаму. Як вынік, прыблізна палове гандляроў дазволілі тады застацца на рынку яшчэ на тры месяцы.