БАРАНАВІЦКІХ ЗУБРОЎЦАЎ ІЗНОЎ СУДЗЯЦЬ

Алесь Горбач, Баранавічы

Зуброўцам інкрымінуецца артыкул 167-10 Адміністрацыйнага кодэксу, а менавіта дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Мікіта Сасім быў дастаўлены ў залю суда з пастарунка, паколькі адбывае прызначанае раней судом пакараньне за распаўсюд улётак пад час заняткаў у каледжы лёгкай прамысловасьці.

Старшыня Баранавіцкага суду Мікалай Кміта, які вёў сёньняшні працэс, у міліцэйскім пратаколе знайшоў недакладнасьці, таму справа зуброўцаў была адпраўленая на дасьлед.

У той час, як у судзе разглядалася справа Мікіты Сасіма, Насты Васіленкі ды Аляксея Ляўковіча, сябры руху “Зубр” наладзілі пікет перад будынкам Баранавіцкага гарвыканкаму. Яны разгарнулі даўжынёй у некалькі мэтраў плякат, на якім было напісана: “Свабоду Мікіту Сасіму ды Андрэю Чыжу!”.

Прастаяўшы перад вокнамі гарвыканкама каля пяці хвілінаў, удзельнікі акцыі паклалі плякат на тратуар і самі хутка сышлі зь месца падзеяў.