БАРЫСАЎСКІЯ ЗУБРОЎЦЫ РАСПАЧАЛІ КАМПАНІЮ “СТОП-БРСМ”

Альгерд Невяроўскі, Менск

Распачаць кампанію “СТОП-БРСМ” сяброў барысаўскага аддзяленьня руху “Зубр” падштурхнулі падзеі ў баранавіцкім каледжы лёгкай прамысловасьці. Нагадаю, што на мінулым тыдні некалькі дзясяткаў студэнтаў гэтай вучэльні, сяброў БРСМ, далучыліся да руху “Зубр”. Барысаўскія “Зубры” вырашылі падтрымаць баранавіцкую моладзь. Гаворыць намесьнік каардынатара руху “Зубр” у Барысаве Алесь Казакоў:

(Казакоў: ) “Мэта гэтай акцыі — спыніць масавы загон моладзі ў БРСМ. Да гэтай акцыі нас падштурхнулі баранавіцкія “зубры” — сябры БРСМ, якія далучыліся да руху “Зубр”. Моладзі ўжо надакучылі такія адносіны да іх з боку настаўнікаў і тых, хто прымушае ўступаць у БРСМ. Таму апошнім часам да руху “Зубр” сталі зьвяртацца гэтыя маладыя людзі. Яны спадзяюцца, што рух “Зубр” дапаможа ім. Мы ў захапленьні ад мужнасьці баранавіцкіх “зуброў”.

Першая вулічная акцыя ў рамках кампаніі “СТОП-БРСМ” пройдзе 10 сакавіка ў Барысаве. Актывісты “Зубра” зьбіраюцца перадаць у гарадзкі камітэт БРСМ адмысловую рэзалюцыю з патрабаваньнем спыніць прымусовы запіс моладзі ў арганізацыю.

Барысаўскія “зубры” рыхтуюць падобныя акцыі пратэсту і ў іншых гарадах. Яны таксама зьбіраюцца зьвярнуцца ў пракуратуру з патрабаваньнем завесьці крымінальныя справы на тых асобаў, якія, на іх думку, прымушаюць моладзь уступаць у БРСМ. Дзеля каардынацыі дзеяньняў у рамках кампаніі “СТОП-БРСМ” адкрытая спэцыяльная старонка ў інтэрнэце www.stop-brsm.tk.