У ВОРШЫ ПАД ЦЯЖАРАМ СЬНЕГУ АБВАЛІЛІСЯ ДАХІ ДВУХ АРХІТЭКТУРНЫХ ПОМНІКАЎ

Браніслава Станкевіч, Ворша

Ахвярамі апошніх сьнегападаў ды наступнае адлігі сталі бызальянскі кляштар – помнік архітэктуры ХVIII стагодзьдзя , які месьціцца ў Воршы у Музэйным завулку, і гістарычны будынак на вуліцы Мінскай – узор архітэктуры мадэрну канца XIX cтагодзьдзя.

Абедзьве пабудовы знаходзіліся ў аварыйным стане. Дом №17 на вуліцы Мінскай, дзе да нядаўняга часу мясьціўся гарадзкі аддзел статыстыкі, цяпер ня мае сталага гаспадара. А гарадзкі аддзел культуры, абвясьціўшы забудову па вуліцы Мінскай гістарычнай зонаю, ня мае грошай на рамонт гэтага будынку, тым болей, што помнікам архітэктуры ён у афіцыйных паперах ня лічыцца.

Лёс другога пацярпелага будынку нічым ня лепшы, хаця ён і ўнесены у Дзяржаўны сьпіс гісторыка культурных каштоўнасьцяў. Гэтак лічыць старшыня аршанскага гарадзкога Фонду аховы гістарычнае спадчыны Віктар Лютынскі:

(Лютынскі: ) “Я ж пісаў і ў гарвыканкам, і куды толькі не пісалі мы – ня можа ж стаяць у самым цэнтры гораду будынак з праламаным дахам! А нам адказваюць, што няма грошай у бюджэце гарадзкім…Так ён і стаіць. Дзякуй богу, нікога тыя дахі не прыціснулі!”

На думку спадара Лютынскага, будынак колішняга базыльянскага кляштару, які стаіць зараз з праламаным дахам, мае выключнае гістарычнае значэньне, прынамсі, у гісторыі культуры Аршаншчыны. Тут пасьля напалеонаўскага нашэсьця было знойдзена знакамітае Аршанскае эвангельле, у тутэйшай духоўнай вучэльні выкладаў вядомы фальклярыст Іван Насовіч, вучыўся пісьменьнік Міхась Зарэцкі. У 20-30-я гады мінулага стагодзьдзя тут працаваў краязнаўчы музэй, а зь цягам часу, пасьля рэстаўрацыі, тут меркавалі адчыніць мастацкі музэй.

На супрацоўнікаў Дэпартамэнту па ахове культурна-гістарычнае спадчыны гэтыя аргумэнты не паўзьдзейнічалі: калі Віктар Лютынскі зьвярнуўся туды па дапамогу, то пачуў такі самы адказ пра грашовыя праблемы. А што да наступстваў сёлетніх сьнегападаў, то ў дэпартамэнце зазначылі, што пацярпелі ад іх ня толькі аршанскія архітэктурныя помнікі. У чаканьні сродкаў на рэстаўрацыю нават незакансэрваванымі стаяць дзясяткі гістарычных будынкаў па ўсёй Беларусі, і да вясны нанесеная ім шкода можа ўзрасьці яшчэ ў некалькі разоў.

Паводле Віктара Лютынскага, наступнай ахвяраю набрынялага вільгацьцю сьнегу можа стацца драўляны будынак былой аршанскай карчмы XIX cтагодзьдзя. Цяпер у ім месьцяцца мастацкія майстэрні, і ў выніку якога надзвычайнага здарэньня могуць пацярпець людзі.