У БЕЛААЗЁРСКУ ЗМАГАЮЦЦА З ДЭМАКРАТЫЧНЫМІ ДЭПУТАТАМІ І НЕЗАЛЕЖНЫМІ ЖУРНАЛІСТАМІ

Ігар Карней, Менск

Дырэктарка Белаазёрскай гімназіі Ніна Пратасевіч, якая зьяўляецца і старшынёй участковай выбарчай камісіі, дысьлякаванай на тэрыторыі навучальнай установы, патрабуе праз суд спагнаць 5 мільёнаў рублёў матэрыяльнай кампэнсацыі ад супрацоўніцы міжрэгіянальнай газэты “Для вас” Тамары Шчапёткінай.

У часе першага восеньскага туру давыбараў у гарсавет Тамара Шчапёткіна ў прысутнасьці назіральнікаў са Швэцыі пацікавілася ў спадарыні Пратасевіч: на якой падставе яна працягвае ўзначальваць участковую камісію? Журналістка згадала, што яшчэ ўвесну, у часе мясцовых выбараў, спадарыня Пратасевіч была западозраная ў фальсыфікацыі падлікаў галасоў і прыцягнутая да адказнасьці. Справай займалася пракуратура, і старшыня камісіі была аштрафаваная. Менавіта пра гэта і напісала потым у газэце Тамара Шчапёткіна.

У сваю чаргу, Ніна Пратасевіч палічыла, што журналістка не павінна была пісаць пра гэта на старонках выданьня і цяпер патрабуе маральнай і матэрыяльнай кампэнсацыі. Тамара Шчапёткіна мяркуе, што ў працэсе на карысьць старшыні ўчастковай камісіі зацікаўленая і мясцовая вэртыкаль. Прынамсі, на гэта сьведчыць хоць бы тое, што спадарыня Пратасевіч вызваленая ад аплаты судовага падатку.

Дэпутат Белаазёрскага гарсавету ад БНФ Юрась Губарэвіч тлумачыць судовы перасьлед спадарыні Шчапёткінай замовай мясцовых уладаў, якім не падабаецца актыўнасьць журналісткі. Сам спадар Губарэвіч пасьля давыбараў у мясцовы савет пад ціскам вэртыкаклі страціў пасаду намесьніка старшыні гарсавету.

Паралельна абласная газэта “Заря” распачала кампанію па дыскрэдытацыі Губарэвіча і ягоных калегаў-дэмакратаў у гарсавеце. На старонках выданьня рэгулярна паведамлялася пра шыкоўныя катэджы, дарагія іншамаркі ды іншыя аксэсуары жыцьця “новых беларусаў”. Асабіста Губарэвічу прыпісвалася, што ён развальвае ўладу, а ім самім дырыгуюць з-за мяжы. Вось што з гэтай нагоды думае сам Юрась Губарэвіч:

(Губарэвіч: ) “З намі вымушаныя лічыцца і раённая, і гарадзкая вэртыкалі. Натуральна, паўнамоцтвы савету вельмі абмежаваныя сёньняшнім беларускім заканадаўствам. Дэпутацкія паўнамоцтвы таксама не настолькі шырокія, каб імі можна было карыстацца вельмі эфэктыўна. Але, на маю думку, усё ў першую чаргу залежыць ад таго, як сам дэпутат ставіцца да выкананьня сваіх абавязкаў: альбо ён лічыць, што праца ў савеце — гэта толькі зьяўляцца на сэсіі і падымаць рукі за тыя пытаньні, што спускаюцца зьверху, альбо ён лічыць, што трэба быць актыўным, ініцыятыўным і насамрэч уздымаць тыя злабадзённыя праблемы, якія ствараюць перад нашымі жыхарамі. Мы гэтыя праблемы ўздымаем, мы не даем вэртыкалі іх замоўчваць, хаваць іх. Таму і вырашюцца пэўныя праблемы”.

Спадар Губарэвіч будзе бараніць свае гонар і годнасьць у Берасьцейскім абласным судзе, дзе на заўтра прызначаны разгляд ягонай скаргіі на газэту “Заря”.