АМБАСАДАР ЗША ДЖОРДЖ КРОЛ СУСТРЭЎСЯ Ў ГОМЕЛІ З ПРАДСТАЎНІКАМІ НЯЎРАДАВЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ

Казімер Яноўскі, Гомель

Сёньня амбасадар Крол меў сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзкіх аб`яднаньняў і палітычных партыяў. Напярэдадні ў аблвыканкаме чыноўнікі паінфармавалі кіраўніка дыпляматычнай місіі, што народ нібыта ня любіць і дрэнна ставіцца да дэмакратычных арганізацыяў.

Джордж Крол выслухаў меркаваньні лідэраў грамадзкіх аб`яднаньняў.

У рэгіёне сёлета з падачы абласной управы юстыцыі суды зьліквідавалі тры грамадзкія арганізацыі, у тым ліку рэсурсавае аб`яднаньне “Грамадзянскія ініцыятывы”. У абласным судзе да таго ж знаходзяцца пазовы на зьліквідаваньне аб`яднаньня “Жаночая ініцыятыва” і лоеўскай культурна– гістарычнай суполкі “Карані”.

Я пацікавіўся ў амэрыканскага амбасадара, наколькі адрозьніваецца інфармацыя, што падаюць уладныя чыноўнікі пра ўмовы існаваньня “трэцяга сэктару”, ад таго, што кажуць кіраўнікі дэмакратычных структураў?

(Крол: ) “Існуе, канечне, адрозьненьне паміж поглядамі ўладаў і поглядамі грамадзкіх арганізацыяў. Але, на маю думку, ёсьць велізарныя прасторы дзеля супрацоўніцтва паміж урадам і няўрадавымі арганізацыямі”.

Паводле амбасадара, у ЗША, эўрапейскіх краінах няўрадавыя арганізацыі – надзвычай важны элемэнт грамадзянскай супольнасьці. І калі Беларусь хоча інтэгравацца ў больш шырокую міжнародную супольнасьць, то ЗША хацелі б бачыць сыстэмныя зьмены ў гэтым кірунку.

(Крол: ) “Як прадстаўніку ўраду ЗША, мне хацелася б садзейнічаць паразуменьню паміж урадавымі структурамі і няўрадавымі арганізацыямі. Але ні ўрад Злучаных Штатаў, ні амэрыканскі народ не імкнуцца дыктаваць сваю волю, умешвацца ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь. Як сябар, як партнэр з пэўным досьведам, хацеў бы дапамагаць з дазволу, з падтрымкі беларускага народу дасягаць мэты інтэграцыі Беларусі ў сусьветную супольнасьць. Наша мэта – садзейнічаць паразуменьню, а не існаваньню адрозьняньняў”.

Амэрыканскі амбасадар наведаў абласны анкалягічны дыспансэр і Рэспубліканскі цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека. Толькі летась дабрачынныя арганізацыі ЗША аказалі мэдычным установам Беларусі гуманітарную дапамогу больш як на 28 мільёнаў даляраў.

У гутарках з мэдпэрсаналам амбасадар Крол пацьвердзіў намер па магчымасьці і ў будучым аказваць дапамогу дзеля зьмяньшэньня наступстваў Чарнобылю.