ПРАЗ ВЫКАНАНЬНЕ ПРЫНЦЫПАЎ АБСЭ БЕЛАРУСЬ МОЖА СТАЦЬ ПАЎНАВАРТАСНЫМ СЯБРАМ МІЖНАРОДНАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ

Казімер Яноўскі, Гомель

Амбасадар Яе Вялікасьці заявіў, што калі Беларусь сапраўды хоча стаць часткаю Эўропы і поўнавартасным сябрам міжнароднай супольнасьці, то існуюць пэўныя прынцыпы, выкананьня якіх Захад чакае ад Беларусі:

(Бэнэт: ) “Гэта тыя прыцыпы, якіх Беларусь пагадзілася прытрымлівацца, калі яна стала сябрам АБСЭ. І Вялікабрытанія, і іншыя краіны, а таксама ЗША, як сябры АБСЭ з задавальненьнем дапамогуць Беларусі выканаць узятыя на сябе забавязаньні.

Гэта, натуральна, нялёгкі працэс, таму што Беларусь ня так даўно стала незалежнаю краінаю і па сутнасьці знаходзіцца ў пераходным пэрыядзе. Мы, канечне, спадзяемся бачыць прагрэс у згаданай справе. Мы ўпэўненыя, што прагрэс наступіць і Беларусь стане паўнавартасным удзельнікам міжнароднай супольнасьці. Яна зьдзейсьніць тыя рэформы, якія мы ад яе чакаем. Напрыклад, лібэралізацыю эканомікі ды іншае.

Такім чынам, пытаньне ня ў тым, што мы як Захад зможам зрабіць дзеля таго, каб дапамагчы Беларусі. Пытаньне ў тым, як хутка сама Беларусь здолее адпавядаць тым патрабаваньням і стандартам, якія яна прыняла на сябе”.

Паводле словаў амбасадара Бэнэта, Захад будзе вітаць любыя намеры і крокі, скіраваныя на паляпшэньне адносінаў:

(Бэнэт: ) “Гэта ня ёсьць нейкай гульнёй, як камусьці падаецца. Беларусь не павінна выбіраць паміж Захадам і Ўсходам. Беларусь павінна стаць паўнавартасным сябрам міжнароднай супольнасьці. І мы гатовыя дамамагаць ёй на гэтым шляху, вітаць любыя крокі ў гэтым кірунку”.