СЛОНІМСКІЯ СЬВЯТАРЫ ВЫГАНЯЛІ НЯЧЫСТУЮ СІЛУ ЗЬ МЯСЦОВЫХ ЖУРНАЛІСТАЎ КУЛАКАМІ

Ігар Карней, Менск

Журналісткі цьвердзяць, што кіраўнік прыходу айцец Уладзімер гэтак пазбаўляўся ад канкурэнткі, бо тосераду сам ладзіць антыалькагольныя і антытытунёвыя сэансы.

Разрэклямаваны трохдзённы візыт у Слонім знахаркі Соф’і не адбыўся. Айцец Уладзімер разам з братамі йсёстрамі ў веры перад пачаткам сэансу зьявіўся ў залі Дому афіцэраў і распачаў выгнаньне нячыстай сілы. Журналісткі “Газэты Слонімскай” Вольга Шынкевіч і Тацяна Плахетка прыехалі ў Дом афіцэраў пасьля таго, як хтосьці затэлефанаваў і паведаміў, што там адбываецца нешта незразумелае. Гаворыць Вольга Шынкевіч:

(Шынкевіч: ) “Праваслаўныя сьвятары вырашылі, што яна вядзьмарка, і прыйшлі выганяць д’ябла з тых, хто прыйшоў на сэанс, і з самой Соф’і. Выступ быў сарваны, а людзям (а сабраліся пераважна старыя) сказалі: калі вы застанецеся ў залі, то мы нікога з вас пасьля сьмерці ня будзем адпяваць. Нам жа было заяўлена: прыехалі фатаграфаваць гэтую вядзьмарку, значыцца, гэткія ж, як яна. Таму атрымайце... Быў шок — нас білі жанчыны-паслушніцы, у доўгіх строях. Нас дагэтуль ніхто ніколі ня біў, а тут носьбіты праваслаўнай веры. Сарвалі фотаапарат на падлогу, адна з паслушніц аддала яго айцу Ўладзімеру. Той выбег на вуліцу і сеў у свой мікрааўтобус. Таня пачала прасіць аддаць фотакамэру, аднак ён адмовіўся. Тады мы перагарадзілі дарогу. Ён сказаў, што яму начхаць: задушыць і вокам не міргне. І пачаў даваць машынай назад...”

Далей пагрозы справа не дайшла. Айцец ад’ехаў, а журналісткі неадкладна зьнялі пабоі й зьбіраюцца давесьці справу да суду. Тым часам, прадстаўнікі міліцыі канстатуюць, што прыцягнуць да адказу сьвятароў будзе ня так лёгка. Прычыны інцыдэнту высьвятляе супрацоўнік Слонімскага райаддзелу міліцыі Яўген Чувашкін. І кажа, што падобнае дасьледаваньне ў ягонай практыцы першае:

(Чувашкін: ) “Сьвятары адмаўляюцца ад кантакту, бо адчуваюць падтрымку. Адкуль яна ідзе — ня ведаю: можа, ад Бога, а можа ад кагосьці бліжэй. На мяне праз тэлефон спрабавалі ўплываць пэўныя асобы з Наваградзкай япархіі. Увогуле, з падобным сутыкаюся ўпершыню. Дарэчы, хоць сьведкамі ўсяго былі людзі сталага веку, яны ўсе абураліся паводзінамі прадстаўнікоў праваслаўнай царквы. Пытаньняў вельмі шмат, але рэакцыя з таго боку пакуль адназначаная: неразуменьне і адмова ад усяго”.

Я пацікавіўся ў спадара Чувашкіна, ці можа міліцыя ў прымусовым парадку, калі ёсьць патрэба, бацюшку даставіць у міліцыю дзеля дачы паказаньняў?

(Чувашкін: ) “У прымусовым парадку — наўрад ці, бо ўсё ж яны прадстаўляюць спэцыфічную арганізацыю. Туды сяржантаў на машыне не пашлеш, каб прывезьлі сілай. Тут ужо толькі шляхам перамоваў. Цалкам верагодна, што справа зацягнецца. Але ў любым выпадку будзе суд”.

Адна з пацярпелых, Вольга Шынкевіч, мае сваю вэрсію матываў айца Уладзімера:

(Шынкевіч: ) “Кожную сераду айцец Уладзімер ладзіць своеасаблівыя сэансы. Ён выганяе нячыстую сілу зь людзей, а таксама загаворвае ад алькагалізму і паленьня. А тут прыехала ягоная канкурэнтка. Адзінае, што яна сябе называе знахаркай Соф’яй, а ён прыкрываецца праваслаўнай царквой”.

І ўдзельнікі інцыдэнту з боку царквы ў Слоніме, і адказныя за прыход асобы ў Наваградзкай япархіі маўчаць. Прадстаўнік Беларускага Экзархату архімандрыт айцец Алексі кажа, што, на жаль, шмат пра якія надзвычайныя здарэньні даводзіцца даведвацца праз прэсу.

(а.Алексі: ) “Калі журналісты ўзяліся за гэтую справу, то будуць усе хавацца. Хаваюць такія справы, таму што гэта ўсё сур’ёзна і патрабуе царкоўнага ўмяшаньня. Яны гэта хаваюць асабліва ад мяне, бо я чалавек дэмакратычны і заўсёды патрабую ад мітрапаліта канкрэтнага адказу: калі мы не адкажам кваліфікавана, дык журналісты дадумаюць”.

(Карэспандэнт: ) “Тыя ж журналісты сьцьвярджаюць, што айцец Уладзімер паспросту пазбавіўся ад канкурэнткі...”

(а.Алексі: ) “Ня можа быць ніякіх канкурэнтаў. Лічу, што гэта проста дэманстрацыя сілы, неразумнай агрэсіўнасьці. Нармалёвы сьвятар ніколі ня будзе так агрэсіўна ўмешвацца ў падобныя справы, тым больш, акультныя. Ён будзе дзейнічаць словам пастарскім, сваімі паводзінамі, сваёй выхаванасьцю. Ну, што можа быць агульнага паміж такой важнай справай як выгнаньне нячыстай сілы, і такой агрэсіўнай крымінальнасьцю?”