ДЗЕ БУДУЦЬ ПРАВОДЗІЦЬ ГРАМАДЗКІЯ АКЦЫІ ЖЫХАРЫ ВІЦЕБСКУ?

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Як засьведчыла апытаньне на віцебскіх вуліцах, пераважная большасьць тутэйшых жыхароў нават ня мае ўяўленьня, дзе месьціцца той “Парк імя 30-годзьдзя ВЛКСМ”, у якім прапанавана праводзіць масавыя акцыі грамадзкасьці Першамайскага раёну.

Жыхароў Чыгуначнага раёну супрацоўнікі гарвыканкаму “запрасілі”, адпаведна, у “Парк культуры ды адпачынку чыгуначнікаў”, да якога практычна немагчыма дабрацца грамадзкім транспартам, і які нават не пазначаны на мапе гораду.

Трохі больш за іншых пашанцавала прадстаўнікам грамадзкасьці Кастрычніцкага раёну: ім гарвыканкам дазволіў праводзіць масавыя акцыі ў досыць вядомым месцы – у парку “Мазурына” каля гарадзкіх могілак.

Паводле меркаваньня актывістаў тутэйшых недзяржаўных структураў, Віцебскі гарвыканкам, прыняўшы адпаведне рашэньне, імкнуўся дасягнуць адзінае мэты – пазбавіць віцяблянаў магчымасьці наведваць “непажаданыя” апазыцыйныя акцыі.