Прадставіўшыся віцяблянам такім чынам, пяцёра лідэраў распавялі пра мэты і задачы створанай кааліцыі: пра падрыхтоўку да парлямэнцкіх выбараў, неабходнасьць фармаваньня агульнага складу будучых кандыдатаў, а таксама пра намер зьвярнуцца да ўсіх жыхароў Беларусі з адмысловым пасланьнем — каб кожны ведаў, што такое “Народная кааліцыя 5+”, навошта яна створаная ды якія ў яе пэрспэктывы.
На сустрэчу зь менскімі палітыкамі прыйшлі прадстаўнікі віцебскай “абласной пяцёркі”, якая сфармавалася тут месяц таму. Паводле свайго складу яна ідэнтычная агульнабеларускай — туды ўвайшлі прадстаўнікі адных і тых самых палітычных партыяў. У віцебскай “пяцёркі” маецца і свой плюс: за супрацоўніцтва ў часе будучай выбарчай кампаніі выказаліся й некаторыя грамадзкія ўтварэньні, да прыкладу, віцебскае аддзяленьне Фонду імя Льва Сапегі ды віцебскі гарадзкі прафсаюз прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”.
Учорашняя сустрэча выразна паказала, што дзеля агульнае мэты сапраўды здольныя аб’яднацца вельмі непадобныя людзі, выхаваныя на цалкам розных ідэалягічных каштоўнасьцях: камуністы ўчора цытавалі Леніна, сябры АГП гаварылі пра неабходнасьць бараніць перадусім сацыяльныя правы беларусаў, прадпрымальнікі пыталіся пра матэрыяльнае забесьпячэньне выбарчай кампаніі.
Тым ня менш, усе яны гатовыя працаваць разам дзеля перамогі на выбарах, і, паводле словаў Вінцука Вячоркі, гэта сьведчыць пра дастатковую грамадзянскую сьпеласьць нашага грамадзтва. На думку Станіслава Шушкевіча, менавіта такая “звышпартыйная” еднасьць мусіць дапамагчы нашым грамадзянам пазбавіцца страху перад магчымымі рэпрэсіямі з боку ўладаў ды паспрыяць палітычнаму аб’яднаньню ўсіх, хто не задаволены цяперашнім становішчам у Беларусі.
Такіх “патэнцыйных апазыцыянэраў”, паводле статыстычных падлікаў, згаданых Анатолем Лябедзькам, у нашай дзяржаве цяпер каля 50%. А яшчэ 25% беларускага насельніцтва ўжо цяпер адкрыта атаесамляе сябе з апазыцыяй.