ВІЦЕБСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ЗЬВЯРНУЛІСЯ ПА ДАПАМОГУ ДА ГРАМАДЗКАСЬЦІ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Вялікая заля віцебскага кінатэатру “Мір” сёньня ледзь зьмясьціла ўсіх ахвотных. Большую частку прысутных склалі прадпрымальнікі — і тутэйшыя, і прадстаўнікі рэгіёнаў з Полацку, Наваполацку, Воршы ды Лепелю. Бо праблемы, якія сёньня абмяркоўваліся, актуальныя паўсюль — перадусім гэта вялікія сацыяльныя падаткі ды ўціск з боку мясцовых уладаў.

Так, віцебскія сябры прафсаюзу “Пэрспэктыва” склалі сьпіс з 14 пунктаў, дзе пералічаныя галоўныя праблемы, якія ўзьніклі пасьля чарговых пастановаў гарвыканкаму ды аблвыканкаму. Да прыкладу, рашэньне гарвыканкаму зачыніць гандлёвы рынак “Дынама” аўтаматычна прывядзе да таго, што каля 500 прадпрымальнікаў застануцца бяз працы, а абвяшчэньне ўсіх гарадзкіх крытых рынкаў “гандлёвымі цэнтрамі” ўжо паставіла тамтэйшых гандляроў перад неабходнасьцю набыць касавыя апараты, што патрабуе дадатковых грашовых укладаньняў.

У сваю чаргу віцебскія пакупнікі ды спажыўцы не задаволеныя тым, што гандлёвыя шапікі неўзабаве будуць перанесеныя на гарадзкія ўскраіны, і што маршрутныя таксоўкі разьмеркаваныя па нязручных маршрутах. Усе гэтыя праблемы прадпрымальнікі былі гатовыя вырашыць сам-насам з уладамі, дзеля чаго колькі дзён таму яны паводле ўласнае ініцыятывы зьвярнуліся ў гарвыканкам. Аднак у гарвыканкаме да іх паставіліся абыякава, і ніводнай праблемы ня вырашылася.

Сёньня вялікая заля віравала тры гадзіны запар, і сёньняшнюю імпрэзу прадпрымальнікі лічаць больш плённай ужо таму, што змусілі запрошаных прадстаўнікоў уладаў хаця б выслухаць думкі іхных землякоў, якіх сабралася ў кінатэатры “Мір” каля чатырох соцень. Прадстаўнікі аблвыканкаму ды гарвыканкаму па чарзе адзначалі сур’ёзнасьць узьнятых праблемаў, аднак, на думку прадпрымальніка Аляксандра Астроўскага, гэта яшчэ ня ёсьць гарантыяй посьпеху.

(Астроўскі: ) “Яны ж тут не гаспадары становішча! У нас адзін гаспадар у краіне! Адзіны! А яны, магчыма, зробяць хіба нейкія прапановы… Магчыма, калі будзе добры настрой! Але шанцаў мала! Шанцаў мала, але мы будзем змагацца, будзем змагацца да апошняга!”

Сёньня прадпрымальнікі папярэдзілі: калі мясцовыя ўлады ня зробяць крокаў насустрач — не перагледзяць уласных рашэньняў ды ня зьвернуцца дзеля абароны інтарэсаў малога бізнэсу ў вышэйшыя інстанцыі — з 1 сьнежня ў Віцебску пройдзе шэраг акцыяў грамадзкага непадпарадкаваньня. Бо ў прадпрымальнікаў ужо няма ранейшае ілюзіі, што можна вырашыць эканамічныя пытаньні, не закранаючы пытаньняў палітычных.