У ГОМЕЛІ – НОВАЕ ГРАМАДЗКАЕ АБ'ЯДНАНЬНЕ “ГРАМАДЗЯНСКАЯ АЛЬТЭРНАТЫВА”

Казімер Яноўскі, Гомель

Заснавальнікамі “Грамадзянскай альтэрнатывы” выступілі 209 жыхароў з 18 раёнаў Гомельскай вобласьці. Папярэдне ў 15 раёнах адбыліся сходы грамадзянаў, якія вылучылі на канфэрэнцыю ў абласны цэнтар 38 сваіх прадстаўнікоў. З Кармы, Брагіну і Ельску засноўваць новую арганізацыю прыехалі паасобныя грамадзяне.

Ніхто не хавае, што “Грамадзянская альтэрнатыва” сталася адказам дэмакратычных актывістаў рэгіёну на закрытае судом паводле пазову ўправы юстыцыі аблвыканкаму аб’яднаньне “Грамадзянскія ініцыятывы”. Распавядае старшыня новаўтворанай арганізацыі Ўладзімер Кацора:

(Кацора: ) “Гэта на самой справе адказ на цяперашнія дзеяньні ўлады ў адносінах да трэцяга сэктару. Але ў шырокім сэнсе – гэта нашая праца як альтэрнатыва таму, што ўлады шмат дзе, асабліва за межамі Гомелю, не даходзяць да рашэньня канкрэтных праблемаў, што існуюць у нашым грамадзтве, у нашым рэгіёне”.

На пасаду старшыні “Грамадзянскай альтэрнатывы” прапаноўваўся былы кіраўнік “Ініцыятываў” Віктар Карнеенка. Але ён адмовіўся, паколькі нядаўна ўзначаліў “Фонд спрыяньня лакальнаму развіцьцю”.

(Карнеенка: ) “Забараніць грамадзкую дзейнасьць немагчыма. Гэтая дзейнасьць будзе і на тэрыторыі Гомельскай вобласьці, і на тэрыторыі ўсяе краіны. За гэты час вырасла шмат ініцыятыўных людзей, якія ня будуць сядзець і спакойна назіраць за тым, што робіцца ў краіне”.

Заснавальнік “Грамадзянскай альтэрнатывы” ад Гомелю, дацэнт унівэрсытэту Ігар Нямкевіч не выключае дыялёгу новаўтваранай грамадзкай струкруры з уладамі:

(Нямкевіч: ) “Перш за ўсё я бачу ў гэтай арганізацыі працяг той дзейнасьці, плённай, пачэснай, якую праводзіла аб’яднаньне “Грамадзянскія ініцыятывы”. І калі новая арганізацыя дасьць магчымасьць ажыцьцявіць гэты працяг, я ўжо буду задаволены. Больш за тое, я бачу ў зьменах у статуце, у скіраванасьці дзейнасьці арганізацыі шанец для магчымага дыялёгу з тымі, каму мы прапануем сваю альтэрнатыўную думку і ініцыятыву”

Устаноўчая канфэрэнцыя даручыла старшыні і ягоным двум намесьнікам падаць дакумэнты ва ўправу юстыцыі для рэгістрацыі аб`яднаньня.