РАСЬСЬЛЕДУЕЦЦА КРЫМІНАЛЬНАЯ СПРАВА НА КІРАЎНІКА ВЭРТЫКАЛІ КЛІМАВІЦКАГА РАЁНУ

Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Крымінальную справу старшыні Клімавіцкага райвыканкаму расьсьледуе пракуратура Гомельскай вобласьці. Уладзімер Канавалаў падазраецца ў тым, што наўмысна зрабіў распараджэньне, якое выходзіла за межы прадастаўленых яму правоў і паўнамоцтваў, і гэтым самым пашкодзіў дзяржаўным інтарэсам.

Мера стрыманьня не ўжывалася, Уладзімер Канавалаў на працоўным месцы і кіруе раёнам. Ён распавёў пра сутнасьць крымінальнай справы. Паводле Канавалава, летась у часе ўборачнай кампаніі у раёне скончылася паліва, і таму кіраўнік раёну распарадзіўся выкарыстаць бесгаспадарны, як ён кажа, бэнзын, які некалькі месяцаў захоўваўся ў раённай сельгастэхніцы. Размова ідзе пра амаль 14 тысяч літраў бэнзыну, якія перавозіліся з Масквы ў Менск. Груз быў затрыманы міліцыяй да высьвятленьня абставінаў. Распавядае Уладзімер Канавалаў:

(Канавалаў: ) “Калі стаяць камбайны ў полі, то пішу распараджэньне, разьмяркоўваю ў гаспадаркі бэнзын — і далей працягваецца ўборка. Мы за гэтыя чатыры дні, пакуль не прыйшоў таварны крэдыт, каб вярнуць паліва, убралі збожжа на 807 мільёнаў, вось такі эканамічны эфэкт зрабілі”.

Канавалаў упэўнены, што крымінальная справа заведзеная несправядліва і тлумачыць свае дзеяньні скрайняй неабходнасьцю. Старшыня Клімавіцкага райвыканкаму мяркуе, што ў выніку расьсьледаваньня яго не прызнаюць вінаватым.

(Канавалаў: ) “Я нават упэўнены, што не прызнаюць. Таму што я невінаваты насамрэч. Я нікому не зрабіў ніякай шкоды. Усё аддалі гаспадаркам, яны бэнзынам пакарысталіся і ўсё вярнулі”.

Уладзімер Канавалаў, які кіруе Клімавіцкім раёнам восем гадоў, ужо ня першы раз трапляе ў гучныя скандалы. Некалькі гадоў таму ён напісаў адкрыты ліст у раённую газэту, дзе размова ішла пра злоўжываньні на Клімавіцкім лікёра-гарэлачным заводзе і ў міліцыі. Вынікам гэтага сталіся адстаўкі дырэктара заводу і кіраўніка раённай міліцыі. Іншы раз самога Канавалава абвінавацілі ў злоўжываньнях. Нібыта на лікёра-гарэлачным заводзе быў затрыманы службовы аўтамабіль старшыні райвыканкаму са скрынямі безакцызнай гарэлкі. Крымінальная справа была спыненая за адсутнасьцю складу злачынства.

У Клімавічах працуе міжведамасная камісія, і ў раёне лічаць гэта прыкметай новага падзелу сфэраў уплыву. Вытворчасьць гарэлкі і памежнае становішча Клімавічаў называюць прычынамі чыноўніцкіх скандалаў у раёне. Увогуле ў Магілёўскай вобласьці апошняя крымінальная справа супраць кіраўніка вэртыкалі раёну распачыналася ў красавіку у Краснапольскім раёне. Сямён Казлоў быў абвінавачаны ў крадзяжы чарнобыльскіх сродкаў, якія былі нібыта скарыстаныя для ўстаноўкі шклопакетаў у доме старшыні райвыканкаму. Аднак і гэтая крымінальная справа не завершылася судовым разборам.