ВІЦЯБЛЯНІН ЗЬМІЦЕР СЯЛЮК ІЗНОЎ ПІКЕТУЕ СУПРАЦЬ ПАРУШЭНЬНЯ ГРАМАДЗЯНСКІХ ПРАВОЎ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Усім ахвотным пікетовец тлумачыў, што быў незаконна звольнены з пасады загадчыка аднаго з інтэрнатаў Віцебскага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту і цяпер спрабуе аднавіцца на працы праз суд. Аднак дзяржаўныя адвакаты адмаўляюцца дапамагаць яму ў гэтай справе, бо ягонае звальненье мае палітычныя прычыны: колішні камсамольскі лідэр, Зьміцер Сялюк, адмовіўся супрацоўнічаць з БРСМ.

Паводле спадара Селюка, менавіта з-за ягонага нежаданьня браць удзел у справах гэтай арганізацыі ды адпаведна агітаваць студэнтаў і пачаліся ягоныя службовыя праблемы.

Зразумеўшы, што дзяржаўныя адвакаты гатовыя бараніць выключна інтарэсы ўладаў, Зьміцер Сялюк пачаў бараніць свае правы самастойна, і ўжо мае ў гэтым сэнсе немалы досьвед. Таму ягоны сёньняшні пікет неўзабаве ператварыўся ў адмысловую юрыдычную кансультацыю на вольным паветры. За паўтары гадзіны пікетаваньня спадар Сялюк адказаў на пытаньні каля дзясятка землякоў ды сабраў подпісы супраць зьменаў у Грамадзянскім працэсуальным кодэксе, якія абмяжоўваюць прадстаўніцтва незалежных грамадзкіх абаронцаў на судовых працэсах.