АКЦЫЯ РАБОЧАЙ САЛІДАРНАСЬЦІ Ў ПОЛАЦКУ

Вінцэсь Мудроў, Полацак

А 14-й гадзіне пяцёра сябраў прафсаюзу выйшлі да прахадной з плякатамі ў руках: яны пратэставалі супраць уведзеных на прадпрыемстве «Правілаў карыстаньня санітарна-бытавымі памяшканьнямі», паводле якіх з прадпрыемства быў звольнены сябар прафсаюзу Ўладзімер Чорны.

Нагодай для звальненьня сталася тое, што работнікі заводзкай аховы знайшлі ў ягонай шафцы электрычную міні-плату. Па сьведчаньні сп. Чорнага, шафку ў карыстаньне ён атрымаў напярэдадні і, на сваё няшчасьце, не паглядзеў – што ляжыць пад газэцінай у ніжнім аддзеле.

Падчас акцыі зьбіраліся подпісы пад патрабаваньнем скасаваньня згаданых правілаў, якія, па словах яе ўдзельнікаў, парушаюць правы працоўных. Гаворыць намесьнік старшыні заводзкай суполкі Свабоднага прафсаюзу Мікола Шарах:

(Шарах: ) “Сёньня мы праводзім акцыю рабочай салідарнасьці ў сувязі са звальненьнем сябра нашага прафсаюзу Ўладзімера Чорнага. Загад на ягонае звальненьне падпісаны, але мы зь ім ня згодныя. Віна Ўладзімера толькі ў тым, што ён не паглядзеў – што ляжыць у шафцы. На гэтай акцыі мы распаўсюджваем матэрыялы, у якіх выкладаецца сутнасьць справы. На жаль, наймальнік не знайшоў часу, каб сустрэцца з кіраўнікамі нашага прафсаюзу для абмеркаваньня гэтага пытаньня. Таму мы і выйшлі да прахадной”.

Неўзабаве ля прахадной зьявіліся два ўзброеных міліцэйскіх нарады, якія ачольваў намесьнік начальніка службы грамадзкай бясьпекі гарадзкога аддзелу ўнутраных справаў падпалкоўнік Генадзь Сьпірыдонаў.

На ягоны загад разысьціся ўдзельнікі акцыі растлумачылі, што яны ладзяць звычайны інфармацыйны пікет і выдалі дзеля азнаямленьня друкаваныя матэрыялы, якія тут распаўсюджваліся. Азнаёміўшыся зь імі, адзін з капітанаў міліцыі пашкадаваў, што Свабодны прафсаюз нельга стварыць у праваахоўчых органах, бо правы міліцыянтаў, на ягоную думку, таксама не абароненыя. Ніякіх затрыманьняў гэтым разам не было.