ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ БЕЛАРУСКІХ ЛІКВІДАТАРАЎ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ КАТАСТРОФЫ Ў РАСЕІ

Казімер Яноўскі, Рэчыца

У Расеі асабліва шмат працуе жыхароў Рэчыцы. Гэта ў першую чаргу нафтавікі. Дарога ў Заходнюю Сібір рэчычанам знаёмая яшчэ ад савецкіх часоў. Тут фармаваліся брыгады так званых “лятучых нафтавікоў”.

Калі ў Беларусі ня стала працы, колішнія нафтавікі самастойна падаліся ў Заходнюю Сібір і ўладкаваліся там на працу.

Сярод іх і матарыст-тампанажнік, удзельнік ліквідацыі катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі Васіль Гулай. Зараз ён працуе ў Цюменскай вобласьці ў акцыянэрным таварыстве “Пурнафтагаз”.

Цягам апошніх трох гадоў нафтагазавае прадпрыемства адмаўляецца аплочваць беларускім ліквідатарам-чарнобыльцам дадатковыя двухтыднёвыя адпачынкі. Распавядае Васіль Гулай.

(Гулай: ) “Ня плацяць толькі беларускім грамадзянам, якія прапісаныя ў Беларусі. Перад ад’ездам я напісаў па 25 лістоў Пуціну, губэрнатару Цюмені Няёлаву, у сацыяльную службу Саляхарду з прозьбай абараніць ад бюракратаў.”

Такая непавага ўдвая крыўдная для беларускіх ліквідатараў, бо ў Чарнобыль на атамную станцыю пасылала іх у 86-м годзе Масква.

(Гулай: ) “Мы былі непасрэдна на самой станцыі. Пасылала нас Масква, Міністэрства нафтавай прамысловасьці. Вось ужо год ваюем.”

Зрэшты, адваёўваць беларусам у Расеі даводзіцца і падаходны падатак. Памер яго ў расейцаў – 13 адсоткаў ад заробку. Беларускія ж нафтавікі плацяць 30, а пасьля падаюць даведкі, што цягам году занятыя былі ў Расеі на нафтавых промыслах звыш 183-ох дзён. Паводле заканадаўства суседняй краіны, гэта лічыцца сталай працай, і беларусам вяртаюць 17 адсоткаў падаткаў.

Аднак, калі нафтавікі прыязджаюць у Рэчыцу, то ўжо мясцовыя падаткоўцы пішуць папераджальныя лісты, каб гэтыя 17 адсоткаў яны сплацілі ў беларускі бюджэт. І некаторыя плацяць насуперак пагадненням паміж краінамі СНД пра недапушчальнасьць падвойнага падаткаабкладаньня.

(Гулай: ) “Рэзыдэнтам дзьвюх выведак быць нельга, а рэзыдэнтам дзьвюх падатковых службаў – проста.”