НАСТАЎНІКАМ БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЫ НЯ ВЫПЛАЦІЛІ ЗАРОБКІ

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Ва ўпраўленьні адукацыі Берасьцейскага аблвыканкаму сёньня ня здолелі дакладна адказаць, якая запазычанасьць па заробках настаўнікаў існуе ў вобласьці. Супрацоўнікі ўпраўленьня спаслаліся на тое, што зьбіраюць такія зьвесткі толькі адзін раз на месяц. Паводле папярэдніх афіцыйных зьвестак, на пачатак ліпеня запазычанасьць складала каля 7 мільёнаў рублёў.

Але паведамленьні з рэгіёнаў пярэчаць інфармацыі берасьцейскіх чыноўнікаў. У адным толькі Іванаўскім раёне настаўнікам не заплацілі амаль 300 мільёнаў рублёў. Гэтыя дадзеныя падцьвердзіў кіраўнік раённага аддзелу адукацыі Павал Баранчык. Прычым настаўнікі, што працуюць у вясковых школах, не атрымалі ня толькі адпускныя, але і заробак за апошнія месяцы. Пра тое, наколькі актуальная тэма запазычанасьці па заробках, распавядае настаўніца зь вёскі Стрэльна Іванаўскага раёну:

(Настаўніца: ) “Так, таму што людзі, якія ўжо выправіліся ў адпачынак, зарплаты раней верасьня не чакаюць. Таму што няма грошай за чэрвень, а яшчэ наперадзе два месяцы. Вось нядаўна толькі атрымалі за травень — і тое ня ўсе грошы. Што будзе далей — нічога не чуваць. Людзі тэлефануюць у раён, але калі будзе заробак за чэрвень і адпускныя — увогуле невядома”.

Каб зарабіць грошы, вясковыя настаўнікі заняліся нарыхтоўкай грыбоў ды ягадаў. Яны наўпрост кажуць, што сталі ахвярамі апошніх падзеяў, калі ўсе сродкі зь бюджэту і тэрмінова атрыманыя банкаўскія пазыкі былі накіраваныя на зьліквідаваньне запазычанасьці за здадзеныя мяса ды малако. Цяпер, акрамя праблемаў з атрыманьнем заробку, вяскоўцаў напаткалі новыя — калгасы ня здольныя набыць паліва, каб своечасова пачаць жніво.