ВАЛЕРЫ ШЧУКІН ПРЫЕХАЎ ПРАСІЦЬ ДАПАМОГІ Ў ВІЦЯБЛЯНАЎ

Браніслава Станкевіч, Віцебская вобласьць

Валеры Шчукін мяркуе абмеркаваць са старшынём аблвыканкаму сваю жыльлёвую праблему. Паводле рашэньня абласнога суду, яго высяляюць з полацкага інтэрнату, і цяпер спадар Шчукін хацеў бы стаць у чаргу на атрыманьне ў Полацку кватэры, каб мець магчымасьць балятавацца там у Палату прадстаўнікоў.

Паколькі гарадзкія ўлады адмаўляюць яму нават у магчымасьці пабудаваць кватэру за ўласныя сродкі, Валеры Шчукін вырашыў зьвярнуцца са сваёй просьбай у аблвыканкам. Пакуль што афіцыйным шляхам дамовіцца аб сустрэчы не ўдалося. Затое сёньня прынамсі некалькі дзясяткаў віцяблянаў паабяцалі даведацца для спадара Шчукіна хатні адрас ды тэлефоны старшыні аблвыканкаму.