У ВЫНІКУ СУХМЕНЮ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ЗАГІНУЛА БОЛЬШ ЗА 100 ТЫСЯЧ ГЕКТАРАЎ ПАСЕВАЎ

Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Асабліва пацярпелі ад сухменю калгасы Брагінскага, Ельскага, Лельчыцкага ды шэрагу іншых палескіх раёнаў. У прыватнасьці, у Ельскім раёне высахла палова азімых. У вёсках Падгальле, Роза Люксэмбург, Млынок сельскія працаўнікі перасеялі па некалькі дзясяткаў гектараў загінулых пасеваў просам альбо кукурузай. На большае не хапае сродкаў — няма паліва, угнаеньняў, бракуе насеньня.

Распавядае кіраўнік Ельскага райсельгасхарчу Мікалай Астаповіч:

(Астаповіч: ) “Мы спадзяемся толькі на дапамогу дзяржавы. Пэўна ж ёсьць у дзяржавы рэзэрва на надзвычайныя сытуацыі. Мы да сухменю не падрыхтаваныя. Падаткі ў страхавыя фонды адлічваем, таму і спадзяемся на дапамогу. У нас жа здарыліся дзьве бяды: зімою частка збожжавых вымерзла, а цяпер тое, што ня вымерзла, дасушыла”.

Паводле падлікаў адмыслоўцаў, каб перасеяць 100 тысяч гектараў страчаных збожжавых кармавымі культурамі, рэгіёну патрэбна прынамсі 10 мільярдаў рублёў. Такіх грошай у сельскай гаспадаркі няма. Калгасы вінны вяскоўцам 3,5 мільярду рублёў заробку, ня выплачанага яшчэ за сакавік і красавік.

Заўтра ў Сьветлагорскі раён павінен прыехаць Аляксандар Лукашэнка аглядаць цэлюлёзна-кардонны камбінат і дапаможную гаспадарку аб’яднаньня “Беларуснафта” ў вёсцы Хутар. Адміністратары рэгіёну наважаныя прасіць кіраўніка дзяржавы сродкі на перасеў загінулых культураў. Аднак, паводле меркаваньня старшыні аблсельхасхарчу Леаніда Апанасюка, нават пры станоўчым адказе ўдасца перасеяць каля паловы плошчаў. На большае ня хопіць сілаў і часу.

Відавочны і яшчэ адзін вынік году. Са словаў Апанасюка, рэгіён не дабярэ сама меней траціну заплянаванага збожжа.