Местачковасьць у працы мясцовых саветаў

Аляксандар Уліцёнак, Менск

Праблемы месьніцтва ўладаў найчасьцей заўважаюцца выбарцамі, калі размова заходзіць пра адносна новую зьяву ў сацыяльна-эканамічным жыцьці краіны — міжрэгіянальныя гандлёвыя войны. Дзеля таго, каб хутчэй разгружаліся склады “сваіх” — раённых, гарадзкіх альбо абласных прадпрыемстваў, вэртыкаль са згоды дэпутатаў пачала забараняць продаж адпаведных тавараў з суседзкай, так бы мовіць, прапіскай. Асабліва гэта тычыцца акцызных групаў: піва, віна, гарэлкі, некаторых іншых, а таксама малочнай прадукцыі, кіўбасаў, хлеба. Кажа спадарыня Алена са Слоніму:

(Алена: ) “Неяк у нашых магазінах пачалі прападаць папулярныя ваўкавыскія дзіцячыя сумесі. Яны танныя, аднак лепшыя, чым расейскія або польскія. Для тых, хто зарабляе няшмат, гэта адчувальна. Каб выправіць сытуацыю, мы і ў гарвыканкам зьвярталіся, і дэпутатаў церабілі... Падрабязнасьцяў ня ведаю, але ў цэлым тая гісторыя — вынік палітыкі абмежаваньня тавараў, якія вырабляюцца за межамі раёну. І хоць у нас тыя сумесі ня робяць, аднак Ваўкавыскі завод трапіў пад агульную мятлу, і ягоную прадукцыю таксама вымелі. Мне падаецца, гэта ў любым выпадку кепска. Бо ігнаруюцца інтарэсы звычайных спажыўцоў”.

Ва ўсім сьвеце існуе пратэкцыянізм мясцовых вытворцаў. Зусім невыпадкова так актыўна рэклямуецца лёзунг “Купляйце беларускае!” — ён сапраўды актуальны. Аднак у Беларусі пайшлі куды далей за палякаў, якія лічаць справай асабістага гонару найперш набываць у крамах айчынныя тавары. Тутэйшыя рэгіянальныя ўлады зьвялі нацыянальнае да местачковага ўзроўню і пачалі вырашаць за пакупнікоў, што ім варта набываць. Зразумела ж, прадукцыю ўласных прадпрыемтваў, якія папаўняюць мясцовы бюджэт — і рацыянальна, і патрыятычна. Аднак ініцыятараў падобных акцыяў многія зусім ня схільныя лічыць людзьмі бескарысьлівымі. Разважае Генадзь Станкевіч зь Віцебску:

(Станкевіч: ) “Я казаў свайму дэпутату, калі абмяркоўвалася гэтая праблема: за такім дзіўным падыходам на справе хаваецца нежаданьне наладжваць сучасны эканамічны мэханізм, вы з гарвыканкамам і вытворцамі вырашаеце вострую натуральную праблему канкурэнцыі адміністрацыйнымі мерамі заміж рынкавых. Тут, дарэчы, прыхаваная і міна карупцыі. Не, месьніцкай палітыкай віцебскі бюджэт не паправіць. Ад забароны лідзкага піва ці берасьцейскіх малочных тавараў мы ня станем жыць лепей, бо сваё горшае, хто ж таго ня ведае? Той пратэкцыяй вы толькі кансэрвуеце адсталыя віцебскія заводы ды ствараеце праблемы пакупнікам”.

Гэткая рэакцыя выбарцаў на ўціск іхных правоў выбіраць прадукцыю лепшай якасьці, але таньнейшыя, мала паўплывала, аднак, на дэпутацкі корпус. У саветах, як правіла, заплюшчвалі вочы і на грубае парушэньне антыманапольнага заканадаўства. Створаныя на месцах адмысловыя праграмы падтрымкі тутэйшых таваравытворцаў, якія фактычна супярэчылі канстытуцыі краіны, пачалі неўзабаве згортвацца пад іншым націскам — грамадзкай думкі, актыўнага пратэсту тых пасьпяховых айчынных прадпрыемстваў, якія трапілі ў шэрагу рэгіёнаў у своеасаблівыя “чорныя” сьпісы.

Як вынік, сытуацыя пачала выпраўляцца, аднак марудна. І ў многім таму, што прадстаўнікі “блізкае ўлады” фактычна засталіся ў баку ад яе. Бо ў сваёй большасьці яны моцна зьвязаныя з уладай выканаўчай — службова, матэрыяльна, і лічаць за лепшае моўчкі штампаваць вышэйпрынятыя рашэньні. Вось прыклад, які распавёў дэпутат Пухавіцкага райсавету Кастусь Шпунтоў:

(Шпунтоў: ) “Падчас сэсіі на разгляд дэпутацкага корусу было вынесенае пытаньне пра тое, каб удвая зьменшыць падаткі на нерухомасьць, якія сплачвае адно з нашых раённых прадпрыемстваў. Гэта акцыянэрнае таварыства “Рудзенск” (завод плястмасавых вырабаў). Справа тычылася таго, што ў свой час ён атрымаў дастаткова вялікі крэдыт пад гарантыі беларускага ўраду”.

Пазычыла грошы замежная фірма. Пазычыла, ды як гэта часта здараецца ў Беларусі, не дачакалася вяртаньня. Каб забраць назад марна патрачаныя сродкі, замежнікі зьвярнуліся да гаранту. Урад у сваю чаргу з крэдыторам таксама не разьлічыўся, але каб не спляжыць сваю рэпутацыю, загадаў раённай вэртыкалі й кіраўніцтву заводу плястмасавых вырабаў выканаць абяцаньне коштам скарачэньня падатковых адлічэньняў у мясцовы бюджэт. Такое выйсьце было прапанавана зацьвердзіць сэсіі Пухавіцкага раённага савету. І як жа мясцовыя дэпутаты зрэагавалі на ўказаньне зьверху? Вось што кажа Кастусь Шпунтоў:

(Шпунтоў: ) “Дакладна і падрабязна азнаёміцца з праектамі рашэньняў па такіх, здавалася б, дробязях магчымасьці не было. Ніхто не раздаў дэпутатам загадзя складзеныя наверсе паперы. Таму галасавалі як бы з аркуша — на хаду. Большая частка дэпутатаў пагадзілася і ўсё ж прагаласавала “за”. Хоць варта было паставіць пытаньне і такім чынам: чаму раённы бюджэт, а гэта азначае — нашыя выбарцы, жыхары нашага раёну, павінны недабіраць нейкія грошы за кошт падаткаў з тае прычыны, што ўрад ня выканаў свае гарантыі, свае фінансавыя абавязацельствы?”

Гэта клясычная сытуацыя, калі “блізкая ўлада”, што называецца, “здала” мясцовыя інтарэсы пад націскам вышэйшага чынавенства. Урад загадаў — дэпутацкі корпус звыкла прагаласававаў, абараніў своеасаблівыя месьніцкія інтарэсы міністраў, якраз і вінаватых у тым, што крэдыт змарнавалі. Наўрад ці ўхваляць такую дысцыплінаванасьць пухавіцкія выбарцы, але, з другога боку, хіба ім прывыкаць?

Менавіта з-за шматгадовай прывычкі да таго, што часьцей за ўсё перад пажаданьнямі вэртыкалі дэпутаты прагінаюцца, людзі часам падманваюцца, калі тыя раптам прымаюць нечаканыя, нестандартныя рашэньні, атаясамляючы гэта з праявай доўгачаканай самастойнасьці сваіх абраньнікаў. Так, шмат хто з магілёўскіх выбарцаў падтрымаў дэпутатаў гарсавету, якія скасавалі пяціадсоткавы падатак для ювэліраў. Вось як разважае гандлярка з гарадзкога рынку Антаніна Нізаўцова:

(Нізаўцова: ) “Падаткі нас літаральна нішчаць. Амаль усе ледзьве зводзяць канцы з канцамі. Думаю, хапае розных праблемаў і ў тых, хто працуе з важнай кліентурай, таму я з паразуменьнем стаўлюся да палёгкі ў іхны бок. Хоць, па праўдзе кажучы, лепей паклапаціліся б спачатку пра нас, гандляроў рознай драбязой для вялікай колькасьці зьбяднелых людзей. Але як ёсьць, так і ёсьць. Сёньня ім дапамаглі, а заўтра і нашая чарга прыйдзе”.

Думку Антаніны падзяляюць, аднак, ня ўсе ейныя сяброўкі. Вось разважаньні адной зь іх, Марыны:

(Марына: ) “Ты проста непапраўны рамантык! Як забаранілі ў нас адзін час менскую і берасьцейскую гарэлку, дык казала, што такім чынам пачалі ратаваць народ ад спойваньня... Лухта! Нездарма ты філфак закончыла... А справа была ў звычайным месьніцтве — так абараняліся інтарэсы Клімавіцкага заводу! І цяпер тое ж месьніцтва: групка дэпутатаў-прадпрымальнікаў лабіюе нейкія свае патаемныя бізнэс-інтарэсы. Сакрэт просты — змагаюцца за ўласныя грошы пад нібыта клопатам пра гарадзкі бюджэт. Вось пабачыш: да нас чарга ня дойдзе, бо тут не прыбытак, а сьлёзы”.

Дэпутат Магілёўскага гарсавету Кірыл Шарапкін больш схіляецца менавіта да думкі Марыны:

(Шарапкін: ) “ Калі гэтае пытаньне было агучана на адной з сэсіяў савету і на прэзыдыюме, то ўсе прысутныя прынялі яго ў штыкі, ніхто ня мог зразумець, чаму тая галіна такая асаблівая. Але калі пытаньне зноў паставілі на сэсію, то ўжо ніхто ня быў супраць і не разважаў на гэтую тэму. Цікавы выпадак, цікавы і паказальны”.

Або яшчэ адзін прыклад. Зусім нядаўна сэсія абмяркоўвала ідэю зьмяненьня раённай структуры гораду. Камусьці захацелася на тэрыторыі Магілёва пакінуць замест трох два раёны. Матывацыя нібыта зразумелая: ліквідуецца лішняе бюракратычнае зьвяно, эканомяцца сродкі. Аднак шмат хто кажа, што найперш гэта вынік месьніцкай барацьбы паміж рознымі чыноўніцкімі групамі за сфэры ўплыву, кантроль над разьмеркаваньнем сродкаў. Як паведамілі непасрэдна дэпутаты, ніхто зь іх не агучваў такую прапанову. А вэртыкальнікі ў сваю чаргу не камэнтавалі, колькі будзе каштаваць тая адміністрацыйная рэканструкцыя. Распавядае Кірыл Шарапкін:

(Шарапкін: ) “Што тычацца становішча зь перабудовай структуры гораду, то гэтыя пытаньні, разважаньні й дыскусіі былі патрэбныя камусьці. Калі зоркі загараюцца, то гэта камусьці патрэбна. Але штосьці паказвае: гэты хтосьці не зьяўляецца дэпутатам, і дэ-факта гэты перадзел ня быў ініцыяваны нашым саветам”.

Зноў, як бачым, пры вырашэньні найважнейшых мясцовых праблемаў дэпутатам застаецца другаплянавая роля фіксатараў падзеяў. Але так ёсьць не заўсёды і не паўсюль. Нават калі ў падобную сытуацыю ўмешваюцца не таямнічыя ананімныя сілы, як быццам здарылася ў Магілёве, а сам кіраўнік краіны.

Два гады ўлады Менску і сталічнай вобласьці змагаліся за перадзел земляў у межах кальцавой дарогі. І адны, і другія перш за ўсё спасылаліся на інтарэсы мясцовых жыхароў. Нарэшце настала разьвязка. Пра яе распавядае дэпутат Менскага райсавету Юрась Зянковіч:

(Зянковіч: ) “Там сутнасьць была ў чым: прымаўся генэральны плян разьвіцьця Менску, улады якога вырашылі, што ім не хапае месца для забудовы. Як гавораць у Польшчы, калі невядома ў чым справа, то справа ў грошах. Мне падаецца — ішла барацьба не за ўсе землі, а за канкрэтную зямлю рынку “Ждановічы”. І на працягу двух гадоў спадар Дамашкевіч і спадар Паўлаў вялі спрэчку на гэтую тэму.

У выніку Паўлаў пайшоў да Лукашэнкі. Той сказаў: землі трэба перадаць гораду. Відаць, улады былі крышачку непадрыхтаваныя да гэтага пытаньня, бо ўзьнік моцны супраціў з боку дэпутацкага корпусу Менскага раёну. У першую чаргу сярод кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Напрыклад, спадара Чуйко, дырэктара аграгандлёвай фірмы “Ждановічы”. Натуральна, ён баяўся, што ў сувязі з ростам зямельнага падатку давядзецца плаціць больш, і такім чынам нерэнтабэльнай стане прадукцыя. Так атрымалася, што я вельмі добра падсумаваў усе аргумэнты дэпутатаў. Аднагалосна вырашылі перанесьці разгляд гэтага пытаньня на наступную сэсію”.

Такога павароту падзеяў не чакаў ніхто. Ачуняўшы ад дэпутацкага накдаўну, кіраўнікі гораду пачалі контарапрацоўку раённай вэртыкалі, бо менавіта яна фактычна кантралюе мясцовы савет. І далей справа пайшла згодна з адпрацаванай схемай. Распавядае спадар Зянковіч:

(Зянковіч: ) “У тэрміновым парадку, зразумела, зь якой прычыны, наступную сэсію склікалі празь дзевяць дзён пасьля першай. І туды ўжо ўлады прыйшлі вельмі моцна падрыхтаваныя. Дэпутаты, па-сутнасьці, змушаныя былі галасаваць за перадачу гэтых земляў. Я застаўся адзіны, хто выступіў супраць. Але ў праект рашэньня ўнесьлі некалькі прынцыповых зьменаў. Па-першае, рынак “Ждановічы” так і не перадалі гораду, падаткі ад дзейнасьці рынку пойдуць раёну. Па-другое, землі застаюцца пад кантролем Менскага райвыканкаму.

І яшчэ. Вёска Цнянка, што часткова выходзіць па-за межы кальцавой, і другая вёска, што ў такой жа сытуацыі, цалкам перадаюцца гораду. Ну, дастаткова лягічнае рашэньне — не разразаць жа іх. Жыхары Цнянкі вельмі скептычна ставяцца да перадачы іх земляў у склад гораду. Менавіта тут узьнікае пытаньне зямельнага падатку, хабару гарадзкім уладам і гэтак далей. Я кажу тое, што мне людзі распавядалі. І трэці кампраміс: да 2028 году фірмы, якія зарэгістраваныя на гэтых землях і юрыдычныя адрасы якіх знаходзяцца тут жа, будуць плаціць падатак у абласны і раённы бюджэты”.

Такім чынам, можна казаць пра тое, што ў выніку грамадзянскай пазыцыі дэпутатаў шмат у чым удалося адстаяць інтарэсы мясцовага насельніцтва, прыпыніць карысьлівыя месьніцкія інтарэсы асобных высокіх чыноўнікаў. Вось як ацэньвае сытуацыю Юрась:

(Зянковіч: ) “Безумоўна, гэтае пытаньне было вельмі местачковым, бо тут сутыкнуліся інтарэсы двух муніцыпалітэтаў, што, у прынцыпе, лягічна і ў любой іншай краіне. Інтарэсы Менскага раёну ў тым, каб землі не перадаваць, інтарэсы гораду Менску ў тым, каб як мага больш зямлі мець пад кантролем. Але спосаб, якім гэтае пытаньне вырашалася, мне падаецца недэмакратычным, ненатуральным. Яго павінны вырашаць усё ж людзі, якія жывуць на гэтых землях. А ня ўлады. Я, канечне, разумею, што ў нашай краіне не было яшчэ прэцэдэнтаў лякальнага рэфэрэндуму. Але мне падаецца, што ў гэтай сытуацыі гэта найбольш лягічнае выйсьце”.

А галоўны ўрок той пакуль яшчэ вельмі рэдкай для дэпутатаў мясцовых саветаў Беларусі гісторыі спадар Зянковіч бачыць у наступным:

(Зянковіч: ) “Вельмі добра, калі муніцыпалітэт, адміністрацыя, дэпутаты зыходзяць з інтарэсаў сваёй адміністрацыйна-тэрытарыальнай адзінкі. Напрыклад, адзін з дэпутатаў Менскага гарсавету, які прысутнічаў на нашай другой сэсіі, спрабаваў мяне пераканаць, што я ня маю рацыі, што Менск і раён — усё адна Беларусь. Я адказаў, што адстойваю інтарэсы выбарцаў Менскага раёну, і мяне цікавяць праблемы Менскага раёну. Мяне не цікавяць праблемы Менску, бо жыхары Менску мяне не абіралі дзеля адстойвання сваіх інтарэсаў”.

Вось такая пазыцыя, пазбаўленая карысьлівых асабістых і групавых інтарэсаў, арыентаваная на сапраўдны клопат аб сваіх выбарцах, і ёсьць адказам на пытаньне, як пазьбегнуць месьніцкіх тэндэнцыяў у працы мясцовых cаветаў.