80% ПРОБАЎ МАЛОЧНЫХ ПРАДУКТАЎ НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ НЕ АДПАВЯДАЮЦЬ СТАНДАРТАМ

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

У першыя сьпякотныя дні санітарныя лекары вывучалі якасьць малочных прадуктаў у гандлёвай сетцы Магілёва. Выявілася, што 80% пробаў — нестандартныя. У іх знаходзяць бактэрыі кішэчнай палачкі. Таму галоўны санітарны лекар Магілёўскай вобласьці Ігар Гаеўскі настойліва рэкамэндуе людзям паклапаціцца аб сваім здароўі і асабліва здароўі дзяцей — ужываць малочную прадукцыю наступным чынам:

(Гаеўскі: ) “Малако кіпяціць, сьмятану кіпяціць, тварог — у выглядзе сырнікаў ці запяканак, кефір дзецям лепей не даваць. Вось такія мае рэкамэндацыі на сёньняшні дзень”.

Спэцыялісты рэгіёну вельмі заклапочаныя сытуацыяй з кішэчнымі захворваньнямі. Апошні час сур’ёзныя ўспышкі ў сувязі зь няякаснай малочнай прадукцыяй рэгістраваліся ўлетку штогоду — у абласным цэнтры і ў горадзе Горкі.

Праблема з малаком палягае ў хібах вытвочага цыклю яго апрацоўкі, паводле меркаваньня мэдыкаў. На набыцьцё неабходнага абсталяваньня ніколі не хапала грошай.

На фэрмах у сельскіх гаспадарках амаль няма апаратуры для ахалоджаньня малака. Набылі каля сотні патрэбных апаратаў, аднак яны з красавіка знаходзяцца на складзе ў сувязі з мытнымі праблемамі. Да гэтага дадаюцца адсутнасьць спэцыяльнага траспарту зь лядоўнямі, а таксама і вялікая зношанасьць тэхнікі на малочных заводах. Усё разам гэта ставіць пад сумнеў бясьпечнасьць ужываньня малочных прадуктаў.

У адной з магілёўскіх крамаў яе кіраўніцтва пацьвердзіла, што двойчы ў гэтым сэзоне пробы, які браліся проста з машынаў, да паступленьня малочнай прадукцыі ў гандлёвую залю, не адпавядалі стандартам. У краме раяць прыслухацца да парадаў санітарных лекараў, аднак пакупнікі маюць на гэты конт сваё меркаваньне.

(Спадарыня: ) “Дзіцю кіпячу, а самі так п’ем. Пакуль не закранула, не баімся”.

(Спадарыня: ) “Я паранае не люблю. А зараз давядзецца, напэўна”.

(Спадарыня: ) “Заўсёды ў нашай сям’і гатуем. Вось прынясу, згатую, тады ўсё! Мы такое ніколі ня п’ем”.

(Спадарыня: ) “Кіслае малако прадаецца. Пакуль давязуць, яно ўжо скісае. Страшнавата, канечне, а што рабіць? Есьці ж трэба”.

У Магілёўскай вобласьці зараз працуе больш за два дзясяткі малочных заводаў. Міністэрства сельскай гаспадаркі, паводле інфармацыі санітарных лекараў, мяркуе, што для забесьпячэньня рэгіёну дастаткова 5–6 малаказаводаў — аднак такіх, дзе б і тэхналёгіі, і транспарт для дастаўкі прадукцыі былі б на сучасным роўні і гарантавалі бы пакупнікам якасную прадукцыю.

Аднак гэтая справа — вельмі далёкай пэрспэктывы, бо ніхто ня ведае, як можна вырашыць сацыяльныя праблемы, якія абавязкова ўзьнікнуць пры закрыцьці прадпрыемстваў. Пакуль жа санітарныя службы абяцаюць рэгулярна вывучаць пробы малочных прадуктаў і своечасова папярэджваць людзей аб небясьпецы.