СЁНЬНЯ – ДЗЕНЬ СЬВЯТОЙ ЭЎФРАСІНЬНІ ПОЛАЦКАЙ

Вінцэсь Мудроў, Полацак

Штогоду 5 чэрвеня Полацак адзначае Дзень памяці патронкі зямлі беларускай, і штогоду на цьвінтары Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыру зьбіраецца тысячы вернікаў. Ня стаў выключэньнем і сёньняшні дзень. Народу на сьвята прыйшло як ніколі, прычым гэта былі ня толькі палачане, але й паломнікі з усяе Беларусі.

А пачалося сьвята ўрачыстай літургіяй у Крыжаўзьвіжанскім саборы, якую адпраўляў мітрапаліт Менскі ды Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. Вось што сказаў нам з нагоды сёньняшняга сьвята рэдактар “Полацких епархиальных ведомостей” праваслаўны журналіст Яўген Парчынскі:

(Парчынскі: ) “Ужо каторы год вельмі шмат людзей прыходзіць на гэтае сьвята. Тысячы людзей... Нават у вялікі сабор ня ўсе патрапілі, бо вельмі шмат вернікаў. Тут людзі з усіх канцоў Беларусі; з далёкага, з бліжняга замежжа прыехалі людзі. Гэта сапраўды нашае, беларускае сьвята, бо найпадобная Эўфрасіньня Полацкая заступніца менавіта нашай беларускай зямлі”.

Пасьля ўрачыстай літургіі мошчы сьвятой заступніцы былі вынесеныя са Спасаўскай царквы — месца іх спачыну — і да народу з пастырскім словам зьвярнуўся мітрапаліт Менскі ды Слуцкі Філарэт. Ад сьвецкіх уладаў слова трымаў старшыня Віцебскага абласнога савету спадар Ацясаў, які між іншым заявіў, што праваслаўная царква — гэта адзінае, што засталося нам ад вялікай дзяржавы.

На сьвята прыехалі таксама шматлікія жаночыя дэлегацыі. Гаворыць старшыня Міжнароднага жаночага фонду сьвятой Эўфрасіньні Полацкай пісьменьніца Валянціна Коўтун:

(Коўтун: ) “Штогоду Фонд сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, які ўжо мае статус міжнароднага, прыяжджае ў сьвяты Полацак. Пачалося гэта з 1994 году, і тады ж мы ўпершыню выступілі з ініцыятывай надаць дню 5 чэрвеня статус агульнанароднага сьвята. І менавіта ад нас, ад нашай ініцыятывы, пайшла ў сьвет гэтая вялікая народная традыцыя — прыяжджаць да сьвятой Эўфрасіньні ня толькі царкоўным дастойнікам, але і прадстаўнікам шырокай грамадзкасьці. Я вельмі ўдзячная лёсу за тое, што мы далучыліся да вялікай справы. І я таксама радая таму, што ўчора ў Віцебску, з ініцыятывы нашага фонду, адчынілася бібліятэка імя Эўфрасіньні Полацкай”.

Заўважым, што Эўфрасіньню Полацкую ўважаюць сваёй сьвятой і беларускія каталікі, і ёсьць падставы спадзявацца, што 5 чэрвеня з часам стане тым, чым стаў для ірляндцаў дзень сьвятога Патрыка, а менавіта — днём духовага адраджэньня і яднаньня нацыі.