У МАГІЛЁВА ЗАСТАНЕЦЦА РАНЕЙШЫ ГЕРБ — З ПАГОНЯЙ

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

У лютым гарадзкі савет папярэдняга скліканьня адмовіўся ўхваліць новы варыянт гербу Магілёва, які прадставіў мастак Павал Дзьмітрыядзі. Паводле меркаваньня геральдыстаў, праект быў зроблены непрафэсійна, а дэпутаты пабаяліся абвінавачаньняў у непасьлядоўнасьці. Некалькі гадоў таму яны аднадушна падтрымалі герб, які датуецца 1661 годам: тры вежы, расчыненая брама, рыцар і Пагоня ўверсе. Герб Магілёва — на гэты час адзіны ў Беларусі, дзе засталася выява Пагоні.

Пасьля фіяска на сэсіі гарадзкога савету вэртыкаль заявіла, што рэкамэндацыі зьмяніць герб зыходзяць зь Менску і новы праект будзе дапрацаваны і зноў пастаўлены на галасаваньне дэпутатаў.

Аднак на сваёй прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік Магілёва зазначыў, што спробы зьмяніць герб гораду выклікалі шмат спрэчак. “Я здаў пазыцыі ў гэтым пытаньні, герб застанецца ранейшым”, — заявіў Віктар Шорыкаў.