Сёньня горад Шклоў выглядае сьвяточна. Мясцовыя жыхары гавораць, што да візыту Аляксандра Лукашэнкі тут рыхтаваліся ледзь ня месяц: рамантавалі, фарбавалі, азелянялі. Учора тут быў штурм апошніх недаробак, над іх выпраўленьнем працавала шмат людзей і тэхнікі ў прысутнасьці абласнога і раённага начальства. Вынік гэтага саміх шклоўцаў вельмі задаволіў.
(Спадарыня: ) “Прыгожы горад пасьля гэтага рамонту. Пафарбаваны, зеляніна, прыгожы горад. Людзі задаволеныя, што мы жывем у такім горадзе”.
Сёньня ў Шклове шмат міліцыянтаў. На кожным рагу пільна сочаць за рэдкімі аўтамабілямі супрацоўнікі аўтаінспэкцыі:
(Голас: ) “Не выходзім на праежжую часьць!”
Вось якраз побач з намі будзе праяжджаць картэж прэзыдэнта. Шклоўцы ўважліва за ім назіраюць. Я стаю побач з жыхаром гораду Шклова і запытваю: “Чаго вы чакаеце ад візыту прэзыдэнта ў Шклоў?”
(Спадар: ) “У Шклове рыхтуецца будаўніцтва вельмі буйного прамысловага прадпрыемства. Адныя лічаць, што гэта — шкоднае для здароўя, небясьпечнае прадпрыемства…”
(Карэспандэнтка: ) “Вось… праехалі, так?”
(Спадар: ) “Так. Другія лічаць, што будаваць патрэбна, бо той вялікі адсотак беспрацоўных — гэта ганебная зьява для нашага гораду”.
Аляксандар Лукашэнка аглядаў пляцоўку, на якой, верагодна, будзе будавацца цэлюлёзны камбінат. Гэтае будаўніцтва выклікае шмат спрэчак сярод мясцовых людзей, асабліва тых, хто жыве побач пляцоўкі ў Рыжкавічах.
(Спадар: ) “Людзі ў Шклове — агурковы горад — прызвычаіліся да агуркоў, гэта іх аснова жыцьця… І людзі баяцца, канечне, што можа паўплываць”.
(Спадарыня: ) “Народ супраць. Шмат чую, што народ супраць. Я сама ня ведаю, як гэта паўплывае на экалёгію. А калі б было ўсё нармалёва, дык, канечне, было б добра. І працоўныя месцы адчыніліся б новыя, менш было б беспрацоўных”.
Вялікі ўзровень беспрацоўя і малыя заробкі — гэта якраз тыя пытаньні, які б задалі Аляксандру Лукашэнку ягоныя землякі, калі б мелі магчымасьць.
(Спадарыня: ) “Каб нам заробак павялічылі, каб не было беспрацоўя, а то ўсюды скарачаюць ды скарачаюць, і людзі апынаюцца на вуліцы. У тым ліку і я зараз”.
(Спадар: ) “Я працую кранаўшчыком, працую ўсё жыцьцё, у выправах… Мая прафэсія на Захадзе карыстаецца вялікім попытам, і там добра людзі зарабляюць, забясьпечаныя. А тут — мізэрна, я атрымліваю мізэрны заробак. Плюс да таго ж я яго атрымліваю нясвоечасова”.
Шклоўская інтэлігенцыя, акрамя як нізкімі заробкамі, заклапочаная стаўленьнем улады і самога Аляксандра Лукашэнкі да беларускасьці. Надзеі на адраджэньне мовы й культуры ня спраўдзіліся, — гаворыць шклоўскі настаўнік.
(Спадар: ) “Напрыклад, нашая раённая газэта да цяперашняга кіраўніка дзяржавы выходзіла выключна на беларускай мове. Зараз — недзе палова на палову, зьявіліся расейскамоўныя тэксты. Гэта ўсё не натхняе. Асабіста для мяне гэта вельмі сумная зьява ў нашым сучасным жыцьці”.
Аднак ёсьць у жыхароў Шклова да свайго земляка і самае галоўнае пытаньне, і яны спадзяюцца, што змогуць калі-небудзь атрымаць на яго адказ.
(Спадар: ) “Як будзе далей? Паляпшэньне нейкае… ці ёсьць надзея, што будзе лепей?”