ЧАМУ ЖЫХАРЫ ПРУЖАНАЎ НАЗЫВАЮЦЬ СВОЙ ГОРАД “БАГДАДАМ”?

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Зь нядаўняга часу жыхары Пружанаў прыдумалi свайму гораду новую назву — “Багдад”. Раней малапрыкметны раённы цэнтар на Берасьцейшчыне пераўтварыўся ў велiзарную будаўнiчую пляцоўку, якую амаль штодня наведваюць чыноўнiкi самага рознага рангу. Усе работы па будаўнiцтву i добраўпарадкаваньню павiнныя быць скончаныя да пачатку верасьня, калi ў Пружанах пройдзе заплянаванае беларускiмi ўладамi сьвята “Дажынкi”.

Жыхары гораду па-рознаму ўспрымаюць намаганьнi ўладаў добраўпарадкаваць Пружаны, бо гэта прыносiць iм шмат клопатаў.

(Спадар: ) “Некаторыя нязручнасьцi ёсьць для транспарта, а ёсьць i iншыя — учора адключылi гарачую ваду ў сувязi з заменай цеплатрасаў”.

(Спадарыня: ) “З аднаго боку гэта — вельмi добра, а зь iншага — людзi вельмi засмучаныя, таму што ў нас вельмi шмат беспрацоўных, а ў Пружаны прывезьлi iншых рабочых працаваць. Тлумачаць гэта тым, што яны — адмыслоўцы”.

(Спадар: ) “Рэканструкцыя гораду iдзе, але з-за гэтага затапiла шмат дамоў, пазрывалi парапеты… Людзi ня ведаюць куды скардзiцца! Хто будзе рабiць рамонт? Усе размахваюць рукамi… У людзей пагарэлi лядоўнi, тэлевiзары, праводку пазамыкала, мэблi няма”.

Меркавалася, што з розных крынiцаў Пружанскi раён сёлета атрымае 195 мiльярдаў рублёў, зь якiх 105 мiльярдаў прызначаныя непасрэдна раённаму цэнтру. Ужо зараз вядома, што грошай будзе выдаткавана меней, але i iх будаўнiкi не пасьпеюць выкарыстаць да верасьня. Гэтая iнфармацыя зьдзiвiла кiраўнiка прэзыдэнцкай адмiнiстрацыi Ўрала Латыпава, якi наведаў Пружаны. Ён загадаў павялiчыць колькасьць будаўнiкоў з 600 да 4,5 тысяч чалавек i працаваць круглыя суткi.

Але мясцовыя жыхары цьвердзяць, што гэты загад выканаць пакуль немагчыма.

(Спадар: ) “Як працаваць, калi ў горадзе ноччу няма сьвятла? Паўсюдна паздымалi лiхтары. Горад горшы, чым Багдад”.

Жыхароў Пружанаў таксама непакоiць, што праведзены ў лiхаманцы рамонт гарадзкiх камунiкацыяў будзе няякасным i празь некаторы час яны зноў прыйдуць у заняпад.