ЗАВЯЛІ КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ НА ГЕНЭРАЛЬНАГА ДЫРЭКТАРА БМЗ

Казімер Яноўскі, Гомель

Крымінальная справа на генэральнага дырэктара Мікалая Андрыянава, адрозна ад шэрагу традыцыйных справаў супраць кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў, заведзеная не за эканамічныя злачынствы, а за парушэньне правілаў дарожнага руху.

У Гомелі на аб’язной дарозе, што злучае 5-ы мікрараён з прыгарадным паселішчам Чонкі, дырэктар на службовым аўтамабілі БМВ 19 красавіка зьбіў раварыста, будаўніка Гомельскага лясгасу Ўладзімера Казлова. 42-гадовы мужчына на месцы здарэньня загінуў. Спадар Андрыянаў патлумачыў, што раварыст ехаў зь ім у адным кірунку і нібыта рэзка павярнуў налева, на паласу руху аўтамабіля.

Загіблы Ўладзімер Казлоў кіраваўся ў Чонкі дапамагаць састарэлым бацькам па гаспадарцы. Дадому ў загарадны дом недалёку ад Чонак ехаў і спадар Андрыянаў. Да прызначэньня на пасаду генэральнага дырэктара БМЗ у Жлобіне спадар Андрыянаў працаваў кіраўніком гомельскага прадпрыемства “Цэнтраліт”. Як і многія іншыя кіраўнікі абласнога цэнтру, ён пабудаваў сабе дом у гэтак званым “Царскім Сяле”, дзе й зараз жыве ягоная сям’я.

Трагедыя на аб’язной дарозе асабліва не афішавалася. Хаця з моманту яе прайшло ўжо колькі тыдняў, аднак дасюль ня зроблена заключэньне тэхнічнай экспэртызы. Няма пакуль і вынікаў дасьледаваньня крыві на ўтрыманьне алькаголю.

Як распавёў загадчык аддзелу дарожна-транспартных здарэньняў сьледчай управы Ўладзімер Шпакоўскі, без экспэртызы нельга зрабіць выснову пра віноўнасьць ці невіноўнасьць дырэктара ў сьмерці раварыста.

Трэба дадаць, што дасьледаваньне трагедыі вядзе рэгіянальная ўправа сьледчага камітэту Міністэрства ўнутраных спраў, які ўзначальвае дэпутат парлямэнту ад Гомелю Леанід Глухоўскі. Гамельчукі ведаюць, што выбарчай кампаніі спадара Глухоўскага спрыяў і Мікалай Андрыянаў.