ЖЫХАР ВЁСКІ ЗІМНІЦА МАГІЛЁЎСКАГА РАЁНУ РАСПАЧАЎ ГАЛАДОЎКУ

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Павал Крушкін пачаў сваю акцыю пратэсту раніцай каля дому культуры Магілёўскага заводу штучнага валакна. Менавіта на гэтым месцы гарадзкія ўлады дазволілі яму пікетаваньне. Аднак Крушкін аб’явіў папераджальную пяцідзённую галадоўку. Пасьля гэтага, калі ня будзе вынікаў, пратэстоўца плянуе, што да яго далучыцца жонка, а яшчэ праз тры дні — дзьве дачкі.

(Крушкін: ) “Я маю намер працягваць сваю галадоўку рашуча і да канчатковай перамогі, да таго моманту, калі будзе ўзбуджаная крымінальная справа”.

Павал Крушкін патрабуе завесьці крымінальную справу на чалавека, якога ён абвінавачвае ў махлярстве і крадзяжы дзьвюх тысячаў даляраў. Правахоўныя ворганы, насупраць, сьцьвярджаюць, што не маюць падставы для крымінальнага перасьледу крыўдзіцеля Крушкіна.

Селянін мяркуе трэці раз зьвярнуцца па дапамогу ў рэспубліканскую пракуратуру, ужо зь месца галадоўкі. Каб пісаць звароты, галадоўшчык паставіў ля дому культуры стол. На ім лёзунг: “Дапамажы сабе сам!” Да яго час ад часу падыходзяць людзі, якія ў асноўным пытаюцца, ці не баіцца Крушкін адкрыта выказваць свой пратэст. Ён адказвае, што на гэта яго вымусілі абставіны і нізкая абароненасьць правоў канкрэтнага чалавека.

Некалькі тыдняў таму Крушкін спрабаваў пачаць галадоўку на цэнтральным пляцы Магілёва без дазволу ўладаў, але быў затрыманы міліцыянтамі. Павал Крушкін тады адклаў галадоўку са спадзевам на тое, што ягоная справа будзе нанова ўважліва разгледжаная.

(Крушкін: ) “Насамрэч нічога падобнага не адбылося. Выканаўчая ўлада ніякім чынам не адрэагавала — ані гарвыканкам, ані аблвыканкам. Таксама і афіцыйныя сьледчыя органы ніякім чынам не адрэагавалі. І вось бачыце — сёньня нікога няма”.

Паўлу Крушкіну, які сёньня аб’явіў галадоўку, пакуль няма з кім ісьці на перамовы. За ягонай акцыяй назіраюць толькі два міліцыянты з аўтамабіля.