ПРАДПРЫЕМСТВЫ ЛЁГКАЙ ПРАМЫСЛОВАСЬЦІ ГОМЕЛЯ СКАРАЧАЮЦЬ ПРАЦАЎНІКОЎ

Казімер Яноўскі, Гомель

Фабрыка “8 Сакавіка” ўжо скараціла 140 сваіх працаўніц. Асабліва шмат сярод іх швачак, што выконвалі аднастайныя канвэерныя апэрацыі. Яшчэ тры дзясяткі жанчын павінныя пакінуць прадпрыемства да канца траўня.

Бракуе працы на фабрыцы й іншым адмыслоўцам. Распавядае швачка, што назвалася Вольгай:

(Вольга: ) “Ужо даўно працы не хапае. Заробкі ў нас маленькія. Мне за кватэру трэба заплаціць больш, як 100 тысячаў рублёў, а я за месяц толькі палову гэтага зарабляю. 60, 50, і нават, 40 тысячаў атрымліваецца — колькі калі заробіш… Нас не забясьпечваюць працай. Мяркую, што кіраўніцтва дрэнна рупіцца. І эканоміка Беларусі ўпала”.

Дырэктарка фабрыкі Валянціна Станкевіч распавяла, што кіраўніцтва да апошняга не звальняла людзей у спадзяваньні на паляпшэньне эканамічнай сытуацыі, а зараз вымушанае пазбаўляцца швачак, падсобных работнікаў, шэрагу адмыслоўцаў.

(Станкевіч: ) “Мы да апошняга часу не скарачалі значна людзей, спадзяючыся аднавіць ранейшыя аб’ёмы вытворчасьці. Цяпер бачым, што гэта шкодзіць фінансаваму стану прадпрыемства. Скарачаем тых, чыя праца найменш эфэктыўная. Эканамічная сытуацыя ў Рэспубліцы нэгатыўна адбіваецца на лёгкай прамысловасьці.

Да таго ж на беларускі рынак шмат завозіцца швэйных і трыкатажных вырабаў зь іншых краінаў — Кітаю, напрыклад, Турцыі… Яны складаюць канкурэнцыю лёгкай прамысловасьці. Нягледзячы на тое, што якасьць тавараў там горшая, людзей нашых, ня надта забясьпечаных, цікавіць найперш ніжэйшы кошт”, — кажа дырэктарка Станкевіч.

Звольненых жа працаўніц перш за ўсё турбуе тое, што ў горадзе яны ня могуць знайсьці сабе адпаведную працу. Вось што распавяла швачка Сьвятлана:

(Сьвятлана: ) “У Гомелі знайсьці працу з добрым заробкам па нашай спэцыяльнасьці немагчыма. Шмат хто едзе на заробкі ў Менск і прывозіць адтуль неблагія грошы. Едуць на “Элему”, на прыватныя прадпрыемствы”.


Камэнтар эканаміста МіхалаЗалескага:

У 1990 годзе беларускія прадпрыемствы складалі дзясятую частку сусьветнай вытворчасці лёну, траціну штучных нітак СССР, дзясятую частку тканіны. Па абутку і трыкатажу на душу насельніцтва не саступалі Нямеччыне ці ЗША… Якасьці не хапала.

Пасьля 1990 году колькасьць прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці ўзрасла больш чым напалову. А інвэстыцыі ў іх скарацілася з 8% да 4% у структуры прамысловасці.

Галіна разьдзяржаўленая і прыватызаваная больш за іншыя. Сэртыфікаваных вырабаў — дзьве траціны ад агульнага выпуску. Пры тым амаль удвая скарацілася колькасьць пэрсаналу, пятая частка якога занятая на прадпрыемствах з замежнымі інвэстыцыямі.

Але урад ня надта спрыяе нацыянальным інтарэсам, і вытворцы страчваюць звыклыя рынкі збыту. Цэны на сыравіну і абсталяваньне разам з падаткамі й мытнымі ўмовамі такія, што ўзровень выдаткаў вытворцаў раззброіў нутраны рынак перад націскам кітайскага, турэцкага, малайскага імпарту.

Экспэрты тлумачаць гэта таксама слабай рэструктурызацыяй. Прыкладна палову вытворчасці дае дзясятая частка прадпрыемстваў. Цэнтралізацыя нават узмацняецца. Гэта зьніжае манэўранасьць на рынку, і кошты, і якасьць, і улік тэндэнцыяў моды.

Што да коштаў. Адносна хадавога асартымэнту яны яшчэ блізкія да расейскіх. Але якасьць тавару расейскіх СП усё часьцей лепшая. Ды й розьніца ад сярэднеўсясьветных коштаў, якая два гады таму складала каля 25%, скарачаецца з кожным тыднем.