Як ставяцца беларусы да ідэі перазахаваць парэшткі салдатаў вэрмахту?

Аляксандар Уліцёнак, Менск

У сьвяточныя дні ў Беларусі як ніколі шмат разважаюць пра тое, ці варта дазваляць Народнаму зьвязу Нямеччыны догляду за вайсковымі могілкамі распачынаць перазахаваньне парэшткаў былых салдатаў вэрмахту. Як ставяцца да гэтага ўлада, вэтэраны, звычайныя беларусы і немцы?

Пытаньне пра могілкі салдатаў вэрмахту ў Беларусі ніколі не было простым. Аднак пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка нядаўна фактычна прапанаваў дэпутатам замарозіць і надалей ратыфікацыю адпаведнага міжурадавага пагадненьня ад 1996 году, яно ўмомант абвастрылася. Хоць Расея, Украіна, Малдова, краіны Прыбалтыкі даўно вырашылі аналягічную праблему. Аднак у тутэйшых сытуацыя складваецца інакш.

Так, напярэдадні 9 траўня баранавіцкія вэтэраны катэгарычна выказаліся супраць вылучэньня зямлі для перазахаваньня нямецкіх жаўнераў. Гэтак сама актывізаваліся праціўнікі будаўніцтва зборных могілкаў у Бабруйскім раёне, хоць абласныя ўлады нядаўна далі згоду на тое.

Міхаіл Мігай – найбольш пасьлядоўны змагар супраць будаўніцтва й рэстаўрацыі нямецкіх захаваньняў. Вось што кажа вэтэран:

(Мігай: ) “Гэта беспрэцэдэнтна. У гісторыі нашай дзяржавы не было такога выпадку, каб акупантам рабілі могілкі. Праз нас, Беларусь, столькі акупантаў прайшло, што калі ўсім рабіць могілкі, то зямлі не застанецца. Як зазірнуць у гісторыю, то асінавы кол ставілі акупантам”.

Апошнія словы сказаныя з асаблівым запалам. Гісторыя, аднак, далёка не ва ўсім згодная са старым гвардзейцам. Паводле яе, адразу пасьля вайны стаўленьне да пахаваных на савецкай зямлі гітлераўцаў было куды больш хрысьціянскае, чым сёньня. Ажно да 1953 году пад асабістым кантролем Лаўрэнція Берыі зь дзяржбюджэту выдзяляліся зусім не малыя сродкі на догляд за афіцыйна зарэгістраванымі могілкамі ўчорашніх ворагаў.

А ўжо пазьней іх пачалі бессаромна запахваць пад кукурузныя плянтацыі ды разбураць пад пяціпавярховыя “хрушчобы”. Дзеля справядлівасьці варта адзначыць – ня дужа цырымоніліся тады і з пахаваньнямі сваіх, савецкіх вайскоўцаў. Адна з прычынаў, магчыма, тая, што пачала прытупляцца памяць пра трагічныя падзеі вайны. А было рознае. Пра лёс трох дзясяткаў нямецкіх палонных пад вёскай Кульшучы Валожынскага раёну ўзгадвае Фелікс Паплаўскі:

(Паплаўскі: ) “Палонныя сядзелі. Ну і хто меў ахвоту, бяруць вінтоўку за канец, і па чым папала: па галаве, па плячах, па нагах. Далей групамі, па чатыры па пяць чалавек адводзілі й стралялі”.

Трупы былі кінутыя партызанамі па ўсім урочышчы. На трэці дзень вяскоўцы зразумелі: нябожчыкаў трэба пахаваць...

(Паплаўскі: ) “Ну, выбралі месца гэтае. Капалі. Высеклі чатыры жэрдкі альховыя. Пераплялі калючым дротам, вяроўкі ж не было: насілкі, і насілі. Пад галовы гальля альховага наламалі. Рад паклалі, тады на іх ізноў рад алешніку гэтага. Два і трэці, вось тры слаі”.

Адразу, у ліпені 1944-га, тую брацкую магілу стараліся не чапляць, абыходзіць, але пазьней, неяк неўпрыкмет, яна зарасла, забылася людзьмі, затое месца гэта аблюбаваў калгасны статак...

Мы яшчэ вернемся туды, а пакуль абагульнім пачутае. Доўгія гады пасьля вайны немцы лічылі, што ў Беларусі ляжаць 150 тысяч іхных салдат. Аднак у апошняе дзесяцігодзьдзе, калі на постсавецкай прасторы тэма вайны была адсунутая палітычнымі віхурамі на задні плян, у Нямеччыне старыя архівы пачалі актыўна вывучацца. І высьветлілася: вэрмахт, люфтвафэ згубілі на беларускай тэрыторыі ці не ўтрая больш, чым дагэтуль думалі. Атрымліваецца, тут ляжыць амаль кожны сёмы немец, які загінуў у другую сусьветную ва Ўсходняй Эўропе.

Распавядае журналістка з Дрэздэну Хайке Сабэль:

(Сабэль: ) “Я была ў Брагіне, у чарнобыльскай зоне. Там ёсьць маленькая вёска. Мы паразмаўлялі са старым дзедам. І ён распавядаў, што каля рэчкі ёсьць месца, дзе ляжаць больш як 70 нямецкіх салдат. Мяне вельмі зацікавіла, што яго гэтая тэма хвалюе. І мы дамовіліся, што моладзь будзе там працаваць разам. Яны прыбяруць месца. І мы хочам зрабіць там маленькі крыж. І гэта вось прыклад таго, як можна ставіцца да такіх помнікаў”.

Сем гадоў таму ўрады дзьвюх краінаў падпісалі пагадненьне, якое прадугледжвае перазахаваньне жаўнераў за кошт Бэрліна. Гаворыць першы сакратар нямецкай амбасады ў Менску Хольгер Крэмэр:

(Крэмэр: ) “У кожным асобным выпадку – і пасьля ратыфікацыі дадзенага пагадненьня – апошняе слова пра тое, ці будуць там закладзеныя могілкі ці не, застаецца за мясцовымі ўладамі. У кожным канкрэтным выпадку. Ніякага аўтаматызму нават пасьля ратыфікацыі ня будзе. Размова ідзе пра тое, каб закласьці базавыя прававыя рамкі для дзейнасьці тут у Беларусі Народнага саюзу догляду за вайсковымі могілкамі”.

У нямецкіх архівах ёсьць зьвесткі на паўтары тысячы могілак, раскінутых больш чым у тысячы населеных пунктаў Беларусі. Аднак на сёньня дасьледаваная толькі нязначная іх частка, і практычна паўсюль жахлівы стан утрыманьня. А колькі могілак кшталту кульшуцкіх увогуле не пазначаныя на нямецкіх мапах? Асабліва датаваных часам апэрацыі “Баграціён”. Работы, такім чынам, багата. Але вядзецца яна вельмі марудна – немцам замінае беларускі бок. Распавядае жыхар гораду Глыбокае Віктар Шляхцін:

(Шляхцін: ) “Доўгі час не маглі вырашыць пытаньне з гэтымі могілкамі. Прыяжджалі й самі немцы ў Глыбокае, і перапіска вялася з нашымі ўладамі, з гарвыканкамам, каб перазахаваць нямецкіх жаўнераў. Доўга гэта ўсё марудзілася, улады не хацелі даць дазволу на гэта. І ўсё ж дазвол быў дадзены, і тут пачаліся раскопкі. Перазахаваньне адбылося”.

А вось што гаворыць пра глыбоцкія могілкі першы сакратар нямецкае амбасады ў Беларусі Хольгер Крэмэр:

(Крэмэр: ) “Я думаю, любы чалавек, які паглядзеў на могілкі ў Глыбокім, пацьвердзіць, што ніякай грандыёзнасьці там няма. Наадварот, гэта ціхае месца, сьціплае месца, якое патрэбнае дзеля таго, каб памятаць. Каб у ціхай спакойнай абстаноўцы задумацца пра мінулае і зрабіць вывады на будучае”.

Акрамя Глыбокага, добраўпарадкаваныя нямецкія могілкі зьявіліся апошнім часам і ў Сідаравічах пад Магілёвам. А ў валожынскіх Кульшучах брацкую магілу абнесьлі каванай агароджай, паставілі жалезны крыж. Гэтыя перамены адбыліся, калі да немца Вальтэра Ланга, які прывёз у раён гуманітарную дапамогу, падышоў ужо знаёмы нам спадар Паплаўскі ды расказаў пра трагедыю яго суайчыньнікаў. Рэдкі ў Беларусі выпадак: валожынскія ўлады не далі забароны на крыж. А як паставіліся да ініцыятывы Вальтэра Ланга вяскоўцы?

(Юзэфа: ) “Нам не замінае, там жа ж людзі. Мы вернікі, і яны. Паставілі крыж, хай стаіць. Памагалі людзі ўсе магілку гэтую рабіць”.

(Антон: ) “Я лічу, што гэта нармальна, таму што была вайна, быў такі час, што не яны вінаватыя, што яны патрапілі сюды, што іх там расстралялі. Народ не вінаваты, пры чым тут салдаты?”

(Франц: ) “Фашысты – яны ня ўсе фашысты. Гэта людзі, іх прымусілі біць. Як вось цяпер амэрыканцы б’юцца там. Іх таксама прымушаюць”.

Куды часьцей, аднак, грамадзкая думка непрымірыма ставіцца да ідэі перазахаваньня або добраўпарадкаваньня нямецкіх могілак. Многія кажуць: хочуць – хай раскопваюць ды вязуць у Брэмэн, Гамбург, Патсдам... Аднак гэта нерэальна, па-першае, з-за вялізных аб’ёмаў, а па-другое, можна пачуць ў адказ прапанову забраць зь Нямеччыны беларускіх салдат. Каму патрэбны такі канфлікт? Тым больш, па Жэнэўскай канвэнцыі ад 1949 году вораг мае права на магілу ў чужыне. Хоць італьянцы апошнім часам вывозяць астанкі сваіх жаўнераў на радзіму. Аднак колькі іх палегла на Беларусі? Зусім мала...

Зь немцамі пытаньняў хапае. Шмат хто кажа, што нельга ўзводзіць помнікі нелюдзям, злачынствам якіх яшчэ хапае жывых сьведкаў. Іншым, асабліва старэйшым, зьяўленьне нямецкіх могілак і помнікаў пачынае ўяўляцца зломам і без таго разбураных традыцыяў, нішчэньнем гістарычнай памяці, патрыятычных пачуцьцяў... Асабліва калі гэта ўмела разыгрываюць палітыкі. Разважае Віктар Шляхцін з Глыбокага:

(Шляхцін: ) “Пазыцыя вэтэранаў нашых ня вельмі спрыяльная на гэты конт. Вэтэраны не задаволеныя, што савецкія могілкі знаходзяцца ў кепскім стане, што грошай на іх бракуе, што той самы БРСМ не зьвяртае на гэта ўсё ўвагі. Затое часта можна назіраць, як моладзь зьбіраецца там ды п’е піва… А вэтэранаў, якіх няшмат ужо засталося, абурае такі стан рэчаў”.

Цяпер шмат дзе пачалі зьбіраць сярод былых воінаў па тысячы рублёў на помнік Жукаву ў Менску. А ці ня лепш аб’явіць усенародны збор сродкаў на ўпарадкаваньне вайсковых могілак, на стымуляцыю пошукавых работ, якія фактычна заглохлі, хоць працы ў гэтым рэчышчы – ого колькі?! Між іншым, вайсковыя могілкі Нямеччыны ўтрымліваюцца ў асноўным коштам ахвяраваньняў грамадзянаў. Хоць Беларусі такое наўрад ці пад сілу, бо нават па афіцыйных зьвестках у яе зямлі ляжаць каля трох мільёнаў чалавек. Найчасьцей – бяз могілак або ў закінутых пахаваньнях.

Шмат хто з чынавенства ня хоча чуць пра нямецкія ініцыятывы менавіта таму, што ўглядаючыся ў тыя, цяпер ужо мэталічныя крыжы на магілах чужынцаў, людзі паставяць рубам пытаньне пра дастойнае ўшанаваньне вялізнае колькасьці савецкіх воінаў, партызанаў. У сябе ж дома яны больш за паўстагодзьдзя застаюцца безыменнымі, на сваёй жа роднай зямлі дагэтуль ня маюць помнікаў.

На фоне ўбогай бязьдзейнасьці ўладаў нямецкая актыўнасьць становіцца раздражняльным фактарам, таму яго й хочуць зацяніць. Напрыклад, з помпай установяць у Менску помнік маршалу, і без таго зусім не абдзеленаму пашанай... Між тым, вядома шмат фактаў, калі сваякам старых салдатаў мясцовыя ўлады адмаўлялі ў мінімальнай дапамозе падчас пахаваньня... Або такі факт, пра які распавядае Віктар Шляхцін з Глыбокага:

(Шляхцін: ) “Яшчэ дзіўна, што сам стадыён, на рэканструкцыю якога нямецкі бок выдаткаваў грошы, бо ўсё было раскапана, так і знаходзіцца ў разбэрсаным стане. Усё раскапана, разрыта, грошы тыя невядома куды пайшлі”.

У такой сытуацыі вэртыкаль лоўка манэўруе, карыстаючыся грамадзкай недасьведчанасьцю і спэкулюючы на традыцыйных патрыятычных пачуцьцях насельніцтва. Калі ў Баранавічах прымалі рэзалюцыю зь нязгодай даць дазвол на перазахаваньне нямецкіх жаўнераў, то лічылі, што такім чынам Нямеччына хоча ўвекавечыць памяць захопнікаў на Беларусі. “Іхныя могілкі на Магілёўшчыне, – заявіў адказны сакратар Савету вэтэранаў Іван Журкоўскі, – зацяняюць нашыя помнікі, а такога ня можа быць”. Абсалютна слушная думка.Сапраўды, абаронца, які перамог цаной свайго жыцьця, павінен стаяць вышэй заваёўніка, акупанта. І гэта разумеюць самі ж немцы. Вось што кажа спадар Крэмэр:

(Крэмэр: ) “Размова ня йдзе пра тое, каб узвысіць некага і яшчэ менш, каб праславіць некага. Ніхто не аспрэчвае злачыннасьці той вайны, якую ў свой час фашысцкая Нямеччына разьвязала супраць Савецкага Саюзу. Размова ідзе пра закладку могілак. Ні больш і ня менш. Размова ідзе пра тое, каб паказаць людзям на канкрэтных месцах, на канкрэтных могілках, да чаго можа прывесьці вайна і тым самым прапанаваць людзям рабіць усё магчымае дзеля таго, каб гэта ўжо ніколі не паўтарылася”.

Калі інфармацыйны вакуўм разбураецца, мяняюць свае погляды нават многія перакананыя праціўнікі ідэі ўпарадкаваньня нямецкіх могілак. У тым жа Магілёве людзі думалі, нібыта яны зьявяцца ў кожным раёне, накшталт савецкіх ваенных мэмарыялаў. І што адкрываць іх стануць з помпай, пад музыку, урачыстыя прамовы...

А высьветлілася іншае – ніякіх салютаў, ганаровых каравулаў, дарагіх матэрыялаў, пералікаў узнагародаў, вайсковых званьняў... Толькі газон, пліты з імёнамі, датамі нараджэньня і калі вядома – сьмерці. У цэнтры агульны крыж, ды яшчэ два-тры па тэрыторыі. І пасьля 10-гадовага супраціўленьня вэтэраны пагадзіліся, што каля вёскі Шчаткава неўзабаве зьявяцца 4-гектарныя зборныя могілкі прыблізна для 40 тысяч немцаў, якія загінулі ў “бабруйскім” катле. Аналягічны дазвол атрыманы і ад уладаў Берасьцейскай вобласьці, якія пайшлі на такі крок таксама толькі пасьля ўзгадненьня ўсіх нюансаў з былымі воінамі Чырвонай Арміі.

Аднак Міхаіл Мігай па-ранейшаму лічыць, што могілкі робяцца за сьпіной народу і што абавязкова трэба правесьці рэфэрэндум.

(Мігай: ) “Я сустракаюся зь людзмі, я ўзначальваю ўдзельнікаў партызанскага руху. Яны абураныя. Гавораць: пойдзем падрываць. Я кажу: куды падрываць, у вас жа ногі ня ходзяць. Таму што гэта прыніжэньне – прыраўнялі нашага салдата да злачынцы. Наш салдат ня мае належнай памяці”.

Між іншым, нямецкі бок абавязаўся сваім коштам правесьці перазахаваньне савецкіх воінаў, якія будуць знойдзеныя падчас добраўпарадкаваньня могілак з саладатамі вэрмахту.

Завяршаючы размову, зноў хочацца згадаць валожынскія Кульшучы. На самым ўезьдзе там стаіць яшчэ адзін памятны крыж з напісанымі па-польску імёнамі ахвяраў фашыстаў. Саму вёску спалілі легіянэры Арміі Краёвай, ды й савецкія партызаны, кажа спадар Паплаўскі, ня раз пазбаўлялі сем’і апошняга кавалка хлеба.

(Паплаўскі: ) “Партызаны таксама несьлі страх для людзей, бо адбяруць нешта! Вось, у маіх бацькоў апошнюю карову забралі, яшчэ й сам завёў у канец вёскі. Прыкладам налупілі па сьпіне”.

Забойства палонных нямецкіх жаўнераў сталася для Кульшучаў апошняй жорсткай грымасай другой усясьветнай вайны. Дык чаму тутэйшыя, якія столькі нацярпеліся, год таму пайшлі насустрач Вальтэру Лангу? Варта было толькі папрасіць іх аб гэтым... Адказ на пытаньне я знайшоў у словах адной спадарыні, якая на разьвітаньне сказала: “Вы тут ня знойдзеце праціўнікаў крыжа на нямецкай магіле, бо нашы людзі – усе вернікі”.

Сапраўды: Бог і час – найлепшыя мірнікі.