МІЛІЦЫЯНТЫ НЕ ПУСЬЦІЛІ НА МІТЫНГ У МАГІЛЁВЕ СЯБРАЎ АГП З ПАРТЫЙНЫМІ СЬЦЯГАМІ

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Яшчэ на падыходах да плошчы Леніна кіраўнікоў абласной і гарадзкой арганізацыяў АГП Уладзімера Шанцава і Мікалая Стральцова, якія разгарнулі партыйныя сьцягі, затрымалі людзі ў цывільным.

Калі да разбіральніцва далучыліся прадстаўнікі міліцыі, то выявілася наступнае: ахоўнікі парадку выдатна разумелі, што сымболіка АГП афіцыйна зарэгістраваная і каб прайсьці на мітынг працоўных ня трэба мець ніякага дазволу. Аднак Уладзімеру Шанцаву і Мікалаю Стральцову міліцыянты заявілі, што яны ўсё роўна ня пусьцяць іх на плошчу.

У выніку маладыя людзі ў цывільным прыціснулі сябраў АГП да вулічнай агароджы і трымалі ў коле, пакуль ня скончыліся афіцыйныя дэманстрацыя і мітынг.