У ВІЦЕБСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ ПРАХОДЗІЦЬ КОНКУРС НА ПАСАДЫ КАЛГАСНЫХ СТАРШЫНЯЎ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Асноўныя патрабаваньні да ўдзельнікаў – гэта наяўнасьць вышэйшай сельскагаспадарчай адукацыі, досьвед кіраўнічай дзейнасьці ды станоўчыя водгукі з папярэдняга месца працы.

Намінальна на сёньняшні дзень вольных старшынёўскіх вакансіяў на Лепельшчыне няма. Аднак вядома, што каля дзесяці старшыняў гаспадарак падалі заявы на звальненьне з уласнага жаданьня, бо наладзіць працу стратных лепельскіх калгасаў ужо практычна немагчыма. Так што шэраг іхных кіраўнікоў толькі й чакае зьяўленьня наступнікаў. Але пераймаць калгасную спадчыну ніхто дужа не сьпяшаецца: на ўдзел у конкурсе старшыняў, абвешчаным тыдзень таму, дагэтуль не пададзена ніводнае заявы.