ГАРЭЛКУ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ВЫЦЯСЬНЯЕ САМАГОН

Казімер Яноўскі, Гомель

Сёлета ў рэгіёне кожны месяц ад рэалізацыі гарэлкі ў бюджэт паступае на 700 зь лішкам мільёнаў рублёў меней, чымсьці ў мінулым годзе.

Асабіста сваю няўдачу ў продажы моцных напоеў начальніца аддзелу збыту Гомельскага лікёра-гарэлачнага заводу Сьвятлана Дзербунова зьвязвае з наплывам у рэгіён прадукцыі іншых прадпрыемстваў.

(Дзербунова: ) “Мы сваю дрэнную рэалізацыю зьвязваем з тым, што тут гандлюе, выбачайце, і жук і жаба. Прадаюць у нас сваю прадукцыю і Менскі гарэлачны завод, і Берасьцейскі, і Клімавіцкі, і Віцебскі. Гарэлка тут практычна з усёй Беларусі, і ніхто ня ставіць заслону”, — кажа спадарыня Дзербунова.

Супрацоўнікі ж праваахоўчых органаў сьцьвярджаюць, што рэалізацыя гарэлкі падае ад таго, што апошнім часам у рэгіёне заўважна вырас выраб самагону ў хатніх умовах.

Распавядае старшы ўчастковы інспэктар з Хойнікаў Іван Дземідзенка:

(Дземідзенка: ) “Раней сьпіртовыя напоі былі недарагія, таму, пэўна, было выгадней узяць у краме. І цукар быў недаступны. Цяпер цукар ёсьць. Напоі дарагія. Таму ахвочым цяпер лепей і таньней набыць самагонку. Па градусах яна не саступае гарэлцы, а кошт — напалову меншы. Мы, канечне, змагаемся, але выраб самагону пашыраецца, як калярадзкі жук”.

Паводле словаў участковага інспэктара, сёлета ледзь ня ў два разы болей, чым летась, выяўлена ў раёне самагоншчыкаў. Дзейнічаюць самыя сапраўдныя вечаровыя крамы продажу самагону. Знакамітую сярод выпівох краму пад назовам “У Клавы” міліцыя нядаўна закрыла.

Што прымушае людзей у забруджаных радыяцыяй Хойніках займацца вырабам самагону? Распавядае Галіна, немаладая жыхарка райцэнтру, якую міліцыя таксама аштрафавала за самагон:

(Галіна: ) “Бедна жывуць! Працы няма, нідзе не ўладкавацца. А жыць-то на сьвеце неяк трэба. Вось яны гэтым і займаюцца”.

Чаму ж аматары выпіць аддаюць перавагу хатняму напою? Сьведчыць сярэдняга ўзросту гамельчук, які назваўся Валерыем:

(Валеры: ) “Самагонка лепшая за гарэлку. Болей градусаў! Калі ж яшчэ дабаўляюць у яе апэльсінавыя альбо мандарынавыя лупіны, то і пах забіваюць. Лягчэй яна п’ецца. Гарэлка, асабліва гомельскага заводу, нікчэмная”.