ВІЦЕБСКІЯ МІЛІЦЫЯНТЫ АБВІНАВАЦІЛІ ЎЛАДЗІМЕРА ПЛЕШЧАНКУ Ў ДРОБНЫМ ХУЛІГАНСТВЕ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Як паведаміў спадар Плешчанка, падчас пікетаваньня ля “Сіняга дому” да яго падышлі тамтэйшы ўчастковы маёр Іваноў ды незнаёмы спадар, які заявіў міліцыянту, што колькі хвілін таму на гэтым самым месцы Ўладзімер Плешчанка кінуўся да яго біцца ды нанёс цялесныя пашкоджаньні.

Не зважаючы на адмаўленьне гэтага факту прысутнымі тут жа апазыцыянэрамі Салаўянам ды Хамайдам, участковы міліцыянт прымусіў спадара Плешчанку сесьці ў патрульную машыну ды паехаць у пастарунак. Разам зь імі за сьведку здарэньня паехаў і спадар Салаўян.

Разьбіральніцтва ў пастарунку пачалося з таго, што на абодвух апазыцыянэраў склалі пратаколы за несанкцыянаванае пікетаваньне, бо Аляксандар Салаўян стаяў ля “Сіняга дому” з плякатам “Амэрыка, дапамажы нам пазбавіцца ад дыктатуры Лукашэнкі ды саюзу з крымінальніцкай Расеяй”, а Ўладзімер Плешчанка — са скарбонкай ды абвесткай пра зьбіраньне сродкаў на абарону беларускай незалежнасьці.

Потым на спадара Плешчанку быў складзены яшчэ й пратакол за дробнае хуліганства, хаця апазыцыянэры засьведчылі, што гэтага нібыта пацярпелага яны бачаць упершыню.

Там жа, у пастарунку, Уладзімер Плешчанка склаў заяву пра тое, што лічыць сёньняшняе здарэньне правакацыяй з боку ўладаў, бо неаднаразова чуў ад чыноўнікаў рознага ўзроўню пагрозы “знайсьці сродкі”, каб пазбавіцца ад ягонай непажаданай прысутнасьці ля “Сіняга дому”. Гэтая заява мусіць быць прыкладеная да будучае судовае справы.